Вторник, 31 Июль 2018 11:17

Гасцінцы са зніжкамі

Алёна КАРАНЕЎСКАЯ

У нашай сям’і да чырвонай ды чорнай ікры ставяцца з павагай: аддаючы належнае і карыснасці, і кошту, купляем гэты далікатэс толькі для самага святочнага стала.

Вось селядзец – зусім іншая справа! Нашы сваякі – вялікія аматары гэтай рыбы. Але якой бы ўдаленькай ды тлусценькай яна ні была, ціхаакіянскай, атлантычнай, нарвежскай ці івасі, адзнака ёй заўсёды адна – «добрая, але не залом». Пра каспійскі «царскі селядзец» залом часта ўспамінала наша бабуля Каця. Упершыню паспытаць яго ёй давялося яшчэ да вайны, і да самай смерці яна была пераканана, што гэта найсмачнейшая рыба ва ўсім белым свеце.

Толькі аднойчы патрапіў хвалёны залом на спробу нашым сваякам. Было гэта больш за 30 год таму. Дзядзя Вася, які служыў у лётных войсках, заўсёды прыязджаў у вёску да маці са шчодрымі падарункамі. У той раз адпачынак выпаў на час пасля вучэнняў, што праходзілі на палігоне недзе ля Каспійскага мора. Адтуль і прыляцела прывітанне ў выглядзе трох кіло залому «па рубель трыццаць тры» ды літровага слоіка чырвонай ікры.

– Прадукт самаробны, маласалёны, з’есці трэба хутка, бо сапсуецца, – папярэдзіў Васіль. – Але ж такой таннай ікры нідзе больш не ўбачыш, во я і хапнуў паболей.

Што за той «танны» гасцінец заплаціць давялося аж 40 рублёў, дзядзя, параіўшыся са сваёй старэйшай сястрой (маёй мамай), бабулі вырашыў не прызнавацца. Пагадзіліся, што чатыры рублі для пенсіянеркі і так дастаткова ўражлівая цана.

Бутэрброды на той вячэры здзіўлялі шчодрым чырвоным пластом далікатэсу. Калі гаворка не пра грыбную ці баклажанную, то сапраўдныя знатакі, нават пачуўшы «ікра», здольны ўявіць, як пругкія кругляшы, крыху пакачаўшыся ў роце, адзін за адным трапляюць на зуб і аддаюць сваё вытанчанае саланаватае багацце.
– Мамулька, няўжо ж табе не смачна? – заўважыла пакутніцкі выраз твару і застылую каля рота руку з шыкоўным бутэрбродам дачка Рая. – Не кожны дзень так паласавацца давядзецца. Ікра для здароўя карысная, еш уволю!
– Усё разумею, але не магу, – уздыхнула мая бабуля. – Брыдка мне: нібыта жабяняты па языку скачуць, а я іх даўлю. Не магу праглынуць. А яшчэ як падумаю, што на тыя чатыры рублі Васька аж тры кілаграмы залому мог узяць – нават глядзець на вашу ікру не хачу!

Усе ў рогат: маўляў, калі ж табе сапраўднымі жабянятамі частавацца давялося? Але весялосць тая хутка прайшла, калі зразумелі дзеці, у якую пастку патрапілі з-за сваёй «зніжкі» на нязвыклую для вёскі ежу. Відавочна ж, што пойдзе маці на сяло дый пачне расказваць пра сынавы гасцінцы. І не праміне пашкадаваць пра дарэмна змарнаваныя на ікру чатыры рублі. А як знойдзецца хто больш дасведчаны ў рэаліях? На смех жа возьмуць нашу Несцераўну! Вырашаць, што розумам кранулася старая, бо літр ікры за такія грошы – бязглуздзіца. Карацей кажучы, сабраліся з духам і адкрылі ёй праўду. Баба Каця ледзьве прытомнасць не страціла: на такія грошы яна цэлы месяц жыве ды яшчэ і запас са сваёй 45-рублёвай пенсіі адкладае. Доўга не магла яна дараваць сыну такое марнатраўства.

Цуд здарыўся наступным ранкам: на тоўстую лусту батона з маслам бабуля накладала чырвоную гарушку. Як кажуць у вёсцы – пад жэрдзь.

– Ведаеш, Рая, вы як пра сапраўдны кошт сказалі, так мне і смак гэтай ікры адкрыўся адразу, – чыстасардэчна прызналая яна, з апетытам жуючы бутэрброд. – Ты толькі ўяві сабе: амаль уся мая пенсія ў гэтым слоіку! Гэта ж… больш за 30 кілаграмаў залому! Гэта ж два… не, тры вядры рыбы ў адным літры!

Я не памятаю смаку той рыбы, бо была зусім малая, але «залом» цвёрда засеў у памяці. У продажы яго зараз не сустрэнеш, але цяпер я ведаю, што называюць яго яшчэ чарнаспінкай, водзіцца ён толькі на Каспіі, далікатнае мяса ўтрымлівае да 20% тлушчу і добра прасольваецца. Мяркую, што назва звязана з памерамі селядца: ён дасягае паўмятровай даўжыні. Каб змясціць такую буйную рыбіну ў бочку, хвост ёй даводзілася заломваць. n

Прочитано 63 раз
Оцените материал
(5 голосов)

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»