Пятница, 31 августа 2018 16:43

Незабыўныя «пралескі»

Алёна КАРАНЕЎСКАЯ

У нашай вёсцы так заведзена: возьме шлюб, напрыклад, Гаралевіч – яго жонка адразу паміж мясцовымі робіцца Гаралевічыхай. За Сулімам – Суліміха, за Пістуновічам – Пістуновічыха, Башуновым – Башуніха, Асташонкам – Асташончыха… У задзвінцаў (тых, што жывуць за рэчкай) мянушкі па-іншаму ўтвараюцца. Там Пётрава жонка – Пётрыха, Антонава – Антоніха, Уладзімірава – Валодзіха. І толькі адна сям’я стала выключэннем. Дзядзю Віцю Шкамбарова на абодвух берагах амаль адразу ўсе пачалі зваць Хахлом, бо ўзяў ён у жонкі статную, прыгожую ды вельмі наравістую ўкраінку Надзю.

Калі хто па-першасці і спрабаваў называць маладуху Шкамбарыхай, вельмі хутка разумеў, хто ў хаце сапраўдны гаспадар. 

– Як Надзя скажа, так і будзе, – адказваў на ўсе пытанні Віктар. Смяяцца з яго мужыкі не рызыкавалі: амаль два метры росту ды волатаўская моц забяспечвалі надзейную абарону ад жартаўнікоў. Адпор гэты асілак любому мог даць. Акрамя сваёй Надзі. Кахаў яе вельмі ды і кіраўніком яна была разумным. Тым больш што такое становішча задавальняла абаіх: яму ўтульна жылося пад жончыным абцасам, яна сярод суседзяў ды ўсіх мясцовых жанчын набыла бясспрэчны аўтарытэт, гаспадарка ў іх ладзілася, падрасталі дзеці. Віктар рыбаком быў вядомым – жылі ж ля рэчкі: хапала і сабе, і на продаж. Але залатая пара ў яго пачыналася позняй восенню ды ранняй вясной, калі здымалі на час ледаставу паромную пераправу. Шкамбароўская лодка тады не ведала спакою: паміж крыгаў прабівала дарогу і забяспечвала сувяззю жыхароў задзвінскіх вёсак. Перавоз, зразумела, каштаваў грошай, але такая форма разліку сябе не апраўдвала.

– Я грошы пад страху схаваю – яна знойдзе, – ці то скардзіўся на жонку, ці то ганарыўся ёю, бывала, Віктар. – З колькіх цыгарэт тытунь выкалачу, купюры заб’ю, у партабак сярод сапраўдных пакладу – і там няма! У металічныя трубкі веласіпеднага руля грошы запіхну, гумавыя ручкі на месца пастаўлю – таксама дарэмна. Як рэнтгенам прасвечвае – во якая ў мяне Надзя! Вока – алмаз! 

Гульня гэтая ў Віктарава імкненне да незалежнасці ды Надзіну празорлівасць з цягам часу на новы ўзровень выйшла. Пачаў Хахол натуральным абменам карыстацца. Ён – паслугу, яму – бутэльку. Выпіць усё адразу ніякага здароўя не хапіла б, ды і жонку ўсё ж асцерагаўся. Паспрабаваў Віктар неяк узімку пітво хаваць, але ж і гэтыя хітрыкі Хахлушка хутка раскумекала.

Прыйшлі мы з бабуляй у госці да цёці Надзі – жылі па суседству, сябравалі сем’ямі. Мяне, як ва­дзілася, дарослыя хацелі пакінуць з цацкамі, цукеркамі ды іншымі прысмакамі, але я добра памятаю, як гаспадыня накінула кажушок і абвясціла: пара ісці па пралескі. Якое дзіцё ў хаце пасля такой прапановы застанецца? 

– Не хвалюйся, Каця, тут недалёчка, – з усмешкай супакойвала маю бабулю сяброўка. – І снег амаль па калена – не перашкода. Галоўнае, што сонейка з самай раніцы прыгравае, дзіўныя кветачкі ў рост пайшлі. 

Узялі мы кошыкі і выправіліся ў гаспадынін агарод. А там… Дзіва дзіўнае! З-пад снежнай скарынкі тырчаць разнастайныя бутэлькі: дзе толькі корачак яркі паблісквае, дзе донца ўсміхаецца ружовым вінным духам, дзе жоўценькі бачок каньячку намякае на значнасць Віктаравай паслугі.

– Гэта ж ён, каб у хату з пустымі рукамі прыйсці, цераз плот калым свой закідваў, – з рогатам патлумачыла цёця Надзя. – Можа, і не забыўся пра гэтую схованку, але ж я ўсё роўна першая на яе патрапіла!

Хата Шкамбаровых і сёння ста­іць на высокім беразе Заходняй Дзвіны. Жыве ў ёй іх дачка Святлана з сынам Віцем, названым у гонар дзеда. Цераз рэчку пабудавалі мост, ды й калымшчыкаў узроўню Хахла на сучаснай вёсцы ўжо няма, але амаль кожнай вясной я ўзгад­ваю, як хадзілі мы з бабуляй ды цёцяй Надзяй па «пралескі».

Прочитано 195 раз
Оцените материал
(3 голосов)

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»