Четверг, 06 августа 2015 13:16

Зазірнуць у дзяцінства

Марина СЛИЖ

Эл. почта Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Запрашальную паштоўку на сустрэчу з аднакласнікамі атрымала ў пачатку ліпеня. І ў чаканні тыдні два знаходзілася ў прыўзнятым настроі. Здавалася, нават час замарудзіўся.

Апошні раз мы збіраліся на 20-годдзе з нагоды заканчэння школы. «Трыццацігадовы юбілей таксама адзначым», — прапанаваў тады хтосьці. А пасля падумалі і вырашылі, што збірацца трэба часцей.

Суботні вечар прынёс дождж. Прыкрыўшыся парасонам, шыбую вясковай вуліцай у напрамку школы. І не верыцца, што за плячыма больш за сорак пражытых год, што дзеці твае дарослыя, а некаторыя школьныя сяброўкі ўжо паспелі стаць бабулямі.

Да жыццёвых рэалій вяртае мабільны тэлефон. «Ты далёка? – пытаецца былы аднакласнік. – Я тут акурат на шашу выязджаю, хочаш — падвязу». «На веласіпедзе?» — жартую я. І чую ў адказ вясёлы, залівісты смех. «Яму сёння таксама 18», — думаю, пераскокваючы цераз лужыну, і стараюся ўспомніць, калі ж гэта мы бачыліся апошні раз. Здаецца, гады тры таму. Неяк мімаходзь, на вуліцы. Тым не менш навінамі абмяняцца паспелі, абмеркаваць набалелае. Як-ніяк, не чужыя. Дзесяць год у адным класе вучыліся і даўно ўжо зразумелі, што нябачныя ніткі лёсу, якімі былі звязаны паміж сабой столькі год, разарваць няпроста.

Практычна кожны з нас змог рэалізаваць сябе ў жыцці. Але ні пра пасады, ні пра зоркі на пагонах гаварыць чамусьці не хацелася. Успаміналі любімых настаўнікаў, факультатывы па фізіцы і ўрокі літаратуры. А яшчэ — кантрольныя па алгебры, лабараторныя па хіміі: прыгадвалі, як настаўніца баялася, каб хлопцы не ўзарвалі клас. Прыгадвалі практычныя па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы, дзе трэба было за лічаныя хвіліны разабраць і сабраць аўтамат. Хлопцам нічога, а нас, дзяўчат, ад аднаго толькі дотыку да халоднага металу бралі дрыжыкі і чамусьці ўвесь час здавалася, што зброя возьме ды выстраліць сама.

За вялікім круглым сталом сядзелі адной дружнай сям’ёй. Гаварылі аб школьнай дружбе і першым каханні, потым сталі ўспамінаць настаўнікаў і аднакласнікаў, якіх ужо з намі няма, — час няўмольны.

А хто не памятае танцы ў вясковым клубе ажно да самай раніцы? Бацькі ж сустракалі нас у двары з дубцом у руках. Было за тыя гулі дык было! Але, слёзна паабяцаўшы доўга не гуляць, на наступны дзень мы зноў несліся ў кіно альбо на школьны стадыён...

Дома на камп’ютары праглядваю фотаздымкі з сустрэчы праз гады. «Раскажы, хто гэта», — просіць сын. «Гэтая дзяўчынка прыйшла да нас у школу ў дзявяты клас, а вось з гэтай мы вучыліся разам з чацвёртага», — пачынаю я. Дзіця маё слухае, хітравата ўсміхаецца. «Чаго гэта ён?» — думаю я. І толькі на другі дзень даходзіць: дзяўчатак на фота здымку бачыла толькі я. Для яго мае аднакласніцы былі дарослыя жанчыны, равесніцы мамы…

Прочитано 2085 раз
Оцените материал
(0 голосов)

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»