Четверг, 20 августа 2015 14:59

Галасы ўначы

Марина СЛИЖ

Эл. почта Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Позні вечар. На вуліцы 29 градусаў цяпла, у кватэры, здаецца, усе 40. Варочаюся з боку на бок, лічу «сланоў», а сон усё не ідзе і не ідзе. І ўжо сама не магу зразумець, ці то гарачыня таму прычынай, ці то галасы, музыка і піск тармазоў, што ўлятаюць у адчыненае акно з Цэнтральнай плошчы горада.

Падымаюся, нейкі час бессэнсоўна бадзяюся па кватэры, і ў пошуках прахалоды выходжу на балкон. Маладзечна таксама не спіць. У скверыку побач з фантанам — начны моладзевы «фэст», ля будынка каледжа — «нарада» пачынаючых аўтамабілістаў, а пад разгалістымі старымі вішнямі, што растуць прама пад маім балконам — «буфет». Двое мужчын, шчодра перасыпаючы гутарку словамі, ад якіх вушы вянуць, мераюць пляшку на дваіх. Аднаму, відаць, ужо хапіла. Стаіць, упёршыся спінай у ствол дрэва, маўчыць. Затое сабутыльнік гаворыць за дваіх і на чым свет стаіць лае нейкага Пятровіча. Маўляў, і зараза ён, і сабака, і пень стары, і падхалім, які ў гэтым жыцці нічога не разумее. Гэта ж трэба, заклаў у мінулым месяцы кіраўніцтву ажно траіх чалавек з брыгады.

Застаў дырэктар іх з Колькам за чаркай першы раз — забраў 50 працэнтаў прэміяльных, заўважыў, што выпіўшы ў другі, — не даў наогул. «На гэты раз не будзе і зарплаты, — гледзячы на мужчын, думаю пра сябе я, — як-ніяк ноч на двары, тыя, каму заўтра на працу, даўно ўжо трэці сон бачаць, а вы ўсё яшчэ ніяк з бутэлькай развітацца не можаце».

Пасля апошняга «будзь», пляшка гучна падае на зямлю, і пакрыўджаныя Пятровічам работнікі разыходзяцца па дамах. А іх месца практычна адразу ж займае сямейная пара, што затрымалася дзесьці ў гасцях. «Я праклінаю той дзень, калі згадзілася выйсці за цябе замуж, — стараючыся падняць на ногі мужа, які «прыпаркаваўся» на траве пад чужымі балконамі, выгаворвала жанчына. — Ведала ж, што гарэлку любіш, бачыла, што чарку не прапусціш. Дык не ж, пёрлася на зламанне галавы. Сунула галаву ў хамут».

Адразу суджаны пратэставаў: крычаў, лаяўся на чым свет стаіць, пагражаў. Пасля ўсё ж змогся, заснуў. «Ты жыццё мне паламаў! — прысеўшы побач з нерухомым целам пачала сваю споведзь жанчына. — Што я бачыла з табой, акрамя слёз. А рукі, рукі колькі разоў распускаў! Ты ўдарыў мяне ў галаву, і я перастала бачыць на адно вока, ты спусціў мяне з лесвіцы, і я тры месяцы праляжала ў гіпсе. «Схадзі ў міліцыю, раскажы», — раілі суседзі, што баранілі ад тваіх цяжкіх кулакоў. А я ж усё шкадавала, цярпела, чакала. Бо кляўся ж ты мне, абяцаў. Казаў, што апошні раз».

Хвілін колькі жанчына яшчэ ўсхліпвала, цяжка ўздыхала. Пасля дастала з сумачкі мабільны тэлефон, набрала патрэбны нумар і спакойным, лагодным голасам пачала з некім гаварыць. Прыбеглі два хлопчыкі-падлеткі. Падхапілі «бездыханнае» таткава цела пад рукі, пацягнулі дадому.

Ціха-ціха стала навокал. Затое «радыё» загаварыла ў галаве. Усё думала, шукала адказ на пытанне: што кіруе жанчынамі, якія жывуць з такімі вось мужамі? Паводле псіхолагаў, дык нізкая самаадзнака, страх адзіноты, сіндром ахвяры. А па мне — дык надзея. Дзякуючы якой у любой жыццёвай сітуацыі ўсе мы да апошняга верым, што жыццё, падобнае на балота, таксама можа аднойчы заквітнець лотасамі.

Прочитано 2542 раз
Оцените материал
(0 голосов)

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»