Четверг, 10 сентября 2015 00:00

Не месца красіць чалавека

Марына СЛIЖ
Не месца красіць чалавека ya.pics.ru

“У работы ёсць толькі тры плюсы: пятніца, зарплата і адпачынак”, — любіць казаць адзін мой зямляк, які каторы ўжо год перабіваецца часовымі заробкамі. Саракагадовую “ляноціну” куды толькі ні прыстройвалі. Быў слесарам, грузчыкам, вартаўніком, але нідзе больш за два месяцы так і не пратрымаўся. Хто будзе плаціць грошы чалавеку, які ад раніцы да вечара толькі тое і робіць, што пазірае на гадзіннік. І не можа ні адну пачатую справу давесці да канца.

“Добра вам, гарадскім, — разважае Святлана, якая разам з мужам і дзецьмі жыве ў невялічкай вёсачцы на ўскрайку раёна, — не спадабалася на адной рабоце, пайшоў на другую. Прыеду калі ў Маладзечна, каб што купіць, дык нават дзіўлюся: на дзвярах амаль кожнага магазіна вісіць аб'ява, што патрабуюцца прыбіральшчыца, альбо грузчык. З'явіся такое месца ў нас, людзі б навыперадкі беглі. Работа неблагая, зарплата хоць і не асабліва вялікая, але пастаянная. Пры сваёй гаспадарцы, ды з розумам, гэта ж як жыць можна!”

Слухаю яе, ківаю ў знак згоды галавой і адначасова ўспамінаю беларускую прыказку: “Добраму чалавечку добра і ў запечку, а благой благаце кепска і на куце”. Іншы раз многія гараджане скардзяцца на тое, што добрай працы не знайсці днём з агнём.

Адна мая знаёмая, маючы дыплом эканаміста, “грэла” дома канапу ледзь не год. Не сказаць, што яе нікуды не бралі. Такія спецыялісты, ды яшчэ з вопытам работы, патрэбныя практычна кожнай арганізацыі і ўстанове. Проста патрабаванні ў яе былі, як пасля казала сама, завышаныя. У адным месцы графік работы не падыходзіў, у другім зарплата не задавальняла, трэцім — самі ўмовы працы не падабаліся: кабінецік маленькі, паміж сталамі не праціснуцца, вентыляцыі ніякай.

Сядзела б дома да сёння, каб аднае раніцы не паказаў характару муж. Ледзь не гвалтам пасадзіў суджаную ў машыну, завёз на прадпрыемства, дзе працаваў сам, і са словамі: “афармляйце”, пакінуў у кабінеце начальніка аддзела кадраў. Так з эканамістаў Вольга перакваліфікавалася ў дыспетчары. Сустрэліся неяк на вуліцы, вясёлая дадому ідзе, шчаслівая. Маўляў, з людзьмі куды цікавей працаваць, чым з сухімі лічбамі. Ды і ў калектыве паважаюць, у прыклад іншым ставяць. Жыві толькі ды радуйся!

Плюсы ў сваёй новай рабоце, якой напачатку баялася і саромелася, знайшла мая наступная суразмоўца — Таццяна, якой паведамленне аб скарачэнні ўручылі акурат напярэдадні Новага года. “У сорак пяць, аддаўшы аднаму з заводаў горада 24 гады жыцця, я засталася практычна на вуліцы, — дзялілася ўражаннямі жанчына. — Спужалася страшэнна. І на другі ж дзень пабегла ў Цэнтр занятасці насельніцтва станавіцца на ўлік. Вакансій там было не асабліва багата. Праходзіць курсы перападрыхтоўкі не хацелася. Падумаўшы некалькі дзён, вырашыла падацца ў дворнікі. Хаця б часова, пакуль знойдзецца лепшае месца”.

Па першым часе пра сваю новую працу расказвала людзям асцярожна. Але пазней зразумела, што адносіны сяброў, знаёмых ніколькі не змяніліся. Як і раней, яны вітаюцца, тэлефануюць, запрашаюць у госці, расказваюць пра навіны, цікавяцца жыццём. І, што самае галоўнае — паважаюць яе нялёгкую работу. А восенню, калі ўсю зямлю ўсцеле жоўта-чырвоны кавёр з лісця, яшчэ і дапамагаюць. Вось і не пагадзіся пасля гэтага з мудрым народам, які даўно ўжо прыйшоў да высновы, што не месца красіць чалавека. Чалавек — месца! 

Прочитано 2273 раз
Оцените материал
(0 голосов)

Год малой родины

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»