Четверг, 17 сентября 2015 00:00

Мурзік плакаў — дом не спаў

Марына СЛIЖ
Мурзік плакаў — дом не спаў mpravda.by

Катку былі тры месяцы ад роду. І ён быў хатні. Рос у кватэры, гуляў толькі са сваёй малой гаспадынькай, а тут вынеслі на вуліцу і адразу ж “босымі” лапамі паставілі ў лужыну. Ад перапуду жывёліна ў імгненне вока ўскочыла на дрэва. А злезці адтуль ужо не змагла. “Кыта-кыта-кыта”, — клікала кацяня, стоячы пад ліпай, Анька. “Мурзік, злазь да долу”, — прасілі бабулькі са шматпавярхоўкі. Шырока раскрытымі вачыма кот пазіраў на натоўп і не рухаўся.

Практычна цэлы дзень, змяняючы адно аднаго, ля яго круціліся жыхары дома. Чаго толькі яны не рабілі! Безвынікова. Моцна ўчапіўшыся лапкамі за сук, кот сядзеў на адным месцы. Ноч ён вымушаны быў правесці пад адкрытым небам. А раніцай, як толькі пачало віднець, перажыў яшчэ і “бамбёжку”. Боепрыпасы ў выглядзе бульбы на вуліцу вынесла баба Нюра. І хвілін пятнаццаць вяла прыцэльны агонь па дрэве. “А людцы мае, — расказвала яна пасля прахожым, што засталі яе за дзіўным заняткам, — гэта ж я катка так “здымаю”. Увесь дзень і ўсю ноч на ліпе. Не еўшы, не піўшы!”

Знайсці якога-небудзь спрытнага падлетка і папрасіць, каб спусціў Мурзіка на зямлю, людзі не асмеліліся. Вельмі ж высока жывёліна залезла. Сядзела на вышыні чацвертага паверха. Адшукаць вялікую лесвіцу таксама не змаглі. Хтосьці прапанаваў вынесці з дому ежу і рассыпаць ля дрэва. Маўляў, галодны ж, пачуе пах — спусціцца. Не спусціўся.

А тым часам стала вечарэць. Ужо ў прыцемках стомленыя і растрывожаныя  людзі вырашылі паслаць ганца да мясцовых выратавальнікаў. “Наўрад ці прыедуць”, — выказаў хтосьці сваё меркаванне. І колькі здзіўлення было, калі літаратальна праз хвілін дзесяць у двор укацілася спецыяльная машына з лесвіцай.

Вялізарны ліхтар, абшарыўшы ўсё дрэва, нарэшце высвяціў пару бліскучых вачэй. “Кот хатні?” — спыталі ў гаспадыні. “Хатні, — нясмела адказала дзяўчынка. — Ён у нас ні разу на вуліцы не быў, баяліся выносіць. А тут цёпла стала, і дождж пайшоў. Я проста хацела яму лужыны паказаць”.

Мурзік, якому пасля гэтых прыгод варта было б даць мянушку Касманаўт,  з дрэва злазіць не хацеў. Тры разы давялося мяняць выратавальнікам становішча лесвіцы, пакуль адарвалі катка ад галіны. Расчуленая гаспадынька прыціснула свайго выхаванца да грудзей, схавала пад куртачку. “Ты ж падзякуй людзям, — вучылі  дзяўчынку бабулі з пад’езда. — Бач, работу кінулі, пашкадавалі вас з катом, ды і нас заадно. Дзе ж ты тут спакойны будзеш, калі чуеш, як гэты небарака ўвесь дзень і ўсю ноч жаласліва плача”.

Крышку патаптаўшыся на месцы, Анька пасунулася да машыны. Стала побач з выратавальнікамі і, не справіўшыся з эмоцымі, залілася слёзкамі. “Ты што, усё ж нармальна, — сталі супакойваць яе мужчыны. — Кот вырасце, паразумнее і не будзе больш скакаць па дрэвах. А каб нам работы не было, купіце з мамай яму ашыйнічак і ланцужок. Тады дакладна нікуды ад цябе на вуліцы не дзенецца”.

“А каб ён спрах, гэты кот, — стараючыся падняць людзям настрой, са смехам вылаялася бабулька, што спрабавала зняць жывёліну з дрэва пры дапамозе бульбы. — І дзіця во сплакалася, і я на старасці год мінамётчыцай стала”.

Гледзячы на ўдзельнікаў гісторыі са шчаслівым канцом, я ўвесь вечар круціла ў галаве адну і тую ж думку: “Не саромцеся быць людзьмі!”

Прочитано 2338 раз
Оцените материал
(0 голосов)

Год малой родины

II Европейские игры

Молодежная политика

 

Телефон доверия

Подписка

 

Система «Расчёт»