Понедельник, 10 апреля 2017 10:31

Рагатала ўся вёска…

Алена КАРАНЕЎСКАЯ

«Дзеўкі!!! Фрузка, Кацька, Жэнька! Хутчэй бяжыце гусей шчыпаць! Падохлі, дык хоць пяро возьмем!» – з лямантам уляцела ў хату мая тады яшчэ маладая прабабка Варвара. Наша Яфімаўна пражыла больш за 90 год і запомнілася мне памяркоўнай і паважнай. Цяжка ўявіць, як яна разам з трыма дочкамі стрымгалоў кінулася за пуню, дзе белымі кулямі ляжалі гусі. Такія спраўныя, добра падгадаваныя: хоць зараз на патэльню ці ў чыгунок – уся сям’я з шасці чалавек уволю паесць... Гэтую гісторыю, напэўна, добра ведаюць усе нашы сваякі. А пачыналася яна так…

Спадар Несцер, яго жонка Варвара ды чацвёра дзяцей – у сям’і Ціханенкаў лайдакоў не было. І на гародзе шчыравалі, і скаціну трымалі… А як пойдуць у грыбы, у ягады, у лес бралі нават малодшага Валодзьку. Хоць і хлопчык, хоць і больш тых суніц ды чарніц адразу ў рот збіраў, але ра­зумеў: хочаш саладзенькім варэннем узімку ласавацца – трэба папрацаваць. Ціханенкі звычайна за дзень не адну ходку ў лес рабілі, наношвалі з запасам. Ну а маці, каб зберагчы вынік дзіцячай стараннасці, ягады апрацоўвала, цукру не шкадавала. Аднойчы так здарылася: ці зашмат насаладзілі, ці не паспелі з’есці леташнія нарыхтоўкі, але варэнне стала цвёрдым – лыжку не ўбіць. Выкінуць? Шкада. Увогуле не маглі дазволіць сабе такой раскошы: адразу ў смецце ядомае адпраўляць. 

Узяла Варвара вялікую бутлю. Туды – варэнне, вады наліла, проса шчодра насыпала і ў цёплае месца паставіла, каб бражка «выхадзілася». «Казённую» гарэлку ў вёсках увогуле мала хто годным напоем лічыў, а каб за яе яшчэ і грошы аддаваць… Не, свая самагонка і якасней, і танней атрымаецца! 
Паставіла тую бражку і паставіла: дні ідуць, клопату па гаспадарцы заўсёды хапае. Дзякуй богу, дзеці не хварэюць ды Несцер апошнім часам такі лагодны ды вясёлы стаў – ледзьве ў спевы з плясам не кідаецца. 

Глыбіня яго каварства высветлілася, калі давялося лёсам той бутлі пацікавіцца. Бражкі ў ёй менш за палову засталося – нават няма сэнсу валтузню з самагонкай распачынаць. Ох, і раззлавалася ж прабабка на свайго Ціханенку! Да бойкі справа не дайшла, але і крыніца добрага настрою, з якой уціхую пацягваў Несцер, у адно імгненне перасохла. Бо падхапіла Варвара бутлю ды выліла рэшткі брагі за пуню. Зразумела, што разам з просам. Натрапілі гусі на нечаканы пачастунак, накляваліся – ды й не вытрымаў ня­звыклы да алкаголю птушыны арганізм. Паснулі. Вось тады маці з дочкамі-падлеткамі ў іх, яшчэ цёпленькіх, усё пер’е і павыскубалі. Добра, што смаліць не пачалі: ачунялі птушкі, «ажылі».
Рагатала ўся вёска: па адзінай вуліцы, што раўнютка пралягала ўздоўж ракі, доўгі час шпацыравалі голыя гусі. Потым пер’е ў іх адрасло, затое гісторыя засталася: яе ўспамінае не толькі наша сям’я, але і мясцовыя жыхары. Мо каму-небудзь яна здасца непраўдападобнай, але я веру: усё так і было!

P. S.: Напэўна, у кожнай сям’і ёсць жыццёвыя гісторыі, якія перадаюцца ў спадчыну з пакалення ў пакаленне. Не губляйце іх, дзяліцеся цікавым і смешным з іншымі, часцей успамінайце сваіх продкаў. Паважаныя чытачы! Калі вам ёсць што расказаць, прысылайце свае допісы на адрас нашай рэдакцыі ці па электроннай пошце  Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. . Мы будзем рады надрукаваць іх у «Мінскай праўдзе».

Прочитано 1324 раз
Оцените материал
(10 голосов)

Выборы 2018

 

Подписка

 

Система «Расчёт»