Прэміі «Чалавек года – 2018» уручаны ў Маладзечне

Шэсць намінацый і 28 пераможцаў. Урачыстая цырымонія прысваення званняў «Чалавек года Мінскай вобласці – 2018» адбылася на сцэне Палаца культуры Маладзечна. Узнагароды атрымалі педагогі, медыкі, прамыслоўцы, вайскоўцы, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый вобласці.

Педагогі, медыкі, журналісты, прамыслоўцы, вайскоўцы, святары… Прадстаўнікі самых розных сфер дзейнасці сталі ўладальнікамі спецыяльнай прэміі аблвыканкама «Чалавек года Мінскай вобласці». Урачыстая цырымонія прысваення званняў адбылася ў Маладзечне і стала своеасаблівым падвядзеннем вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця цэнтральнага рэгіёна краіны за 2018 год.

Людзей, якія вядуць за сабой калектывы, паказваючы прыклад добрасумленнага служэння справе, павіншаваў губернатар Анатоль Ісачанка.

– Наш час – час здзяйсненняў, дасягненняў людзей, – зазначыў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна. – І сёння Мінская вобласць – гэта высокія тэхналогіі, інавацыі, развітая сельская гаспадарка… Але самае галоўнае багацце ўсё ж людзі, якія кожны дзень сваім талентам і творчасцю, укладваючы сэрца і душу, робяць сваю зямлю прыгожай, багатай. Сёння ў зале прысутнічаюць прадстаўнікі амаль усіх прафесій. Сваімі дасягненнямі, перамогамі яны працуюць не толькі на ўласнае імя, але імкнуцца зрабіць паспяховымі і Міншчыну, і краіну ў цэлым.

З рук кіраўніка вобласці ўзнагароду прымае Віталь Бакун

Пераможцаў абласнога конкурсу вызначылі ў шасці намінацыях. Прозвішча дырэктара беларуска-германскага сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Надзея» Вілейскага раёна Вячаслава Макушынскага – у ліку тых, хто паказаў высокія вынікі ў галіне прамысловасці, гандлю і грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, фінансавай дзейнасці, прадпрымальніцтва.

– Для мяне цэнтр «Надзея» не проста месца працы. Гэта, не пабаюся гучных слоў, ужо лад жыцця, – кажа кіраўнік. – Сёння магу лічыць сябе цалкам шчаслівым чалавекам, паколькі маю дачыненне да важнай, патрэбнай і сапраўднай справы, якой служу з 1 кастрычніка 1993 года. Адразу прадпрыемства прымала дзяцей з тэрыторый, забруджаных радыенуклідамі. Сёння да нас прыяз­джаюць і дзеці з інваліднасцю, хлопчыкі і дзяўчынкі са шматдзетных сем’яў. У перыяд навучальнага года прымаем за змену (24 дні) 320 чалавек, летам – 800. За перыяд з 1994 па 2018 год аздараўленне ў нас прайшлі больш за 100 тысяч дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 год. У «Надзеі» яны лячыліся, адпачывалі, вучыліся, і ўсе адзначалі, што ў нас куды весялей і лепш, чым у звычайнай школе.

Жанна Шабека выказала словы ўдзячнасці ад імя ўсіх уладальнікаў
спецыяльнай прэміі

Матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы максімальна адпавядае патрэбам дзяцей. Яна інтэграваная ў прыроднае асяроддзе, сваю дзейнасць будуе з улікам сучасных задач, звязаных з рацыянальным, разумным, эканомным расходаваннем паліўна-энергетычных рэсурсаў. Гэта пакуль што, лічы, адзін з нешматлікіх аб’ектаў у Рэспубліцы Беларусь, які ўсімі відамі энергетычных рэсурсаў забяспечвае сябе самастойна, і за 25 год ні разу не спрацаваў са стратамі.

Пры вызначэнні прэтэндэнтаў на атрыманне прэміі ўлічваліся прафесійныя і маральныя якасці кандыдата, значнасць, актуальнасць і эфектыў­насць вынікаў яго дзейнасці.

У намінацыі «Аграпрамысловы комплекс, ахова навакольнага асяроддзя, лясная гаспадарка» не было роўных генеральнаму дырэктару ААТ «Агракамбі­нат «Дзяржынскі» Уладзіміру Лук’янаву.
– Дасягнута многае, але ніколі не варта спыняцца, таму мы і надалей будзем умацоўваць свае пазіцыі, максімальна актыўна развівацца, – зазначае кіраўнік.

Такой жа думкі прытрымліваюцца і Лідзія Жукавец, дырэктар КГУП «Рынак «Кастрычніцкі» Салігорскага раёна, і дырэктар ААТ «Завод Рамбыттэхніка» Маладзечанскага раёна Арцём Русакевіч, які літаральна за некалькі год змог удыхнуць у сваё прадпрыемства новае жыццё.

Марына СЛІЖ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий