Cацработнік Маладзечанскага ТЦСАН расказаў аб сваёй працы

«Дзеткі, родныя, праходзьце», – сустракае нас на парозе сваёй хаты жыхарка вёскі Пранчэйкава Марыя Жухавец. Працягвае руку, каб пазнаёміцца. «Манечка», – манерна схіліўшы галаву, прадстаўляецца бабулька і не можа ўтрымацца ад смеху. Маўляў, ростам не выйшла, маленькая, да 80 год дажыла, а Маняй так і не стала.



«Да Марыі Аляксандраўны і Івана Іванавіча хаджу больш за 15 год, – расказвае сацыяльны работнік Маладзечанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Баранава. – І не памятаю яшчэ выпадку, каб сустрэлі мяне гэтыя людзі ў слязах альбо паказалі свой дрэнны настрой. Ад прыроды мудрыя, цярплівыя. Адразу распытаюць пра жыццё, вясковыя навіны, а пасля ўжо, як бы між іншым, загавораць пра нейкія свае турботы. «Дачушка», «наша Наташка» называюць мяне ў гэтым доме. Даўно ўжо зраднілася душой з усімі сваімі падапечнымі. Ведаю пра іх праблемы, трымаю сакрэты – давяраюць яны мне часам больш, чым родным».

Яе падапечныя жывуць у Селеўцах, Шалыгах і Пранчэйкаве. Калі ўзяць на круг, за дзень ад вёскі да вёскі даводзіцца пераадольваць і 10, і 12 кіламетраў. З вясны да восені, калі дазваляе надвор’е, ездзіць на веласіпедзе, ім забяспечыў цэнтр сацыяльнага абслугоўвання. Ёсць у жанчыны і скутар, які, ведаючы пра маміну нялёгкую работу, падарылі сыны. «Год шэсць я на ім калясіла, – смяецца Наталля Баранава. – Цяпер трымаю ў гаражы, бо ўсё часцей і часцей патрабуе рамонту. Ды і я сама ўжо не такая адважная, як раней».

Жанчына мясцовая. У Селеўцах нарадзілася, вырасла, падняла на ногі двух сыноў. «А працавітая якая, – шэпча мне бабуля Марыя, пакуль яе памочніца ўпраўляецца ў хаце. – Бачыш, як венічак бегае ў яе руках, як хораша дроўцы кладуцца ў печку. Яна і гатуе смачна, і падлогу памые так, што залюбуешся. Трох каровак да нядаўняга часу трымала, жыўнасці рознай поўныя хлявы. Усё стараецца дзецям, унукам дапамагчы, ды і нас, старых, не забывае. І малачком пачастуе, і тваражку калі прынясе. А колькі яна з маім дзедам па паліклініках, бальніцах паездзіла. Вочы ў яго слаба ба­чаць, а яна ўсё стараецца, паказвае спецыялістам».

Бразнулі на кухні вёдры. «Аляксандраўна, вадзічка свежая прыехала», – гукае з кухні Наталля. І, узяўшы ў рукі бітон, зноў бя­жыць да студні: «Заўтра не прыйду, а раптам надумаеце што мыць, ды не хопіць!».

Да калодзежа Жухаўцы не хо­дзяць даўно. Далекавата ён ад іх дома. Ад гаспадаркі, плантацый бульбы таксама адмовіліся. «Наташка бульбы ў гэтым годзе прывезла. Дзе купіла – не ведаю, але смачная, – расказвае бабуля. – А вось агарод мы з ёю пасадзілі. Цыбулькі ўтыркнулі, бурачкоў, агурочкі вырасцілі. Цікавасць да жыцця не страціла. І тэлевізар гляджу, і газетку якую пачытаю, а запро­сяць – дык і на канцэрт у пранчэйкаўскі Дом культуры з’езджу. Песні паслухаю, з людзьмі пагаманю, ды і на памочніцу сваю палюбуюся. «Дачушка» мая спявае ў вакальным ансамблі «Журавачка». Хораша пяе, з душой. З душой яна і працуе».

На абслугоўванні ў Наталлі Баранавай дзесяць чалавек. Прыбраць у доме, купіць прадукты, набыць лекі, аплаціць камунальныя паслугі – далёка не ўвесь пералік прафесійных абавязкаў сацыяльнага работніка. Работа часам закручвае так, што і пра выхадныя забудзеш. Захварэе хто альбо яшчэ якая праблема, на веласіпед – і паехала: які тут графік, калі бяда ў чалавека!

Часам на дапамогу маме прыходзяць сыны. Калі падвязуць у аддаленую вёску, а калі, узяўшы касу, навядуць парадак на падворку яе падапечных. «У кожнага свой прысядзібны ўчастак. Летам змагаемся з травой, увосень – з лісцем, цяпер вось двор ад снегу чысцім, дарожкі да склепа, хлеўчукоў пракладваем. Застанецца часу, дык яшчэ і пасядзім, пагамонім за кубачкам гарбаты. Як правіла, усе размовы пра маладосць, – кажа жанчына. – Прыгадваюць, як былі дужымі, ды кожны пры працы, пры гаспадарцы. Успамінаюць калег, сваякоў, вясковыя святы, вяселлі. Слухаю з цікавасцю, калі, за кампанію, і паплачу. Прывыклі мы адно да аднаго. Свае».

Марына СЛІЖ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий