Святыня ў касцёльнай сцяне. У Мядзелi знойдзены мошчы святой Цэцыліі ІІІ стагоддзя

Звесткі аб тым, што ў сцяне Мядзельскага касцёла знойдзены мошчы святой Цэцыліі ІІІ стагоддзя, узрушылі інфармацыйную прастору Беларусі акурат пасля каталіцкага Раства. Як рэліквія апынулася ў муры, хто яе схаваў і каму яна можа дапамагчы? Карэспандэнт «МП» адправіўся ў Мядзел, каб убачыць святыню на ўласныя вочы.

Учора
Манахі ордэна кармелітаў босых у 1754 годзе па фундацыі Антонія Кошчыца заснавалі храм у Мядзеле. І ў дар ад папы Бенядыкта XIV атрымалі частку рэліквій святога Юстына. Аднак пасля таго як мястэчка ўвайшло ў склад Расійскай імперыі, будынак перадалі праваслаўным. Тады нашчадкі Кошчыца перавезлі астанкі святога ў Мосарскі касцёл.

Вікарый касцёла Маці Божай Шкаплернай Юры Кулай

Калі Мядзел стаў польскім, мясцовы храм і манастыр вярнулі каталікам. У 1930-х, мяркуючы па знойдзеных нядаўна ў касцёле сертыфікатах, сюды перадалі часціцы целаў святых Цэцыліі, Тэрэзы і папы Грыгорыя Вялікага.

Пасля таго як у 1939 годзе тэрыторыя Мядзела ўвайшла ў склад БССР, над касцёлам зноў навісла пагроза – бальшавікі вялі барацьбу з рэлігіяй. Частку маёмасці храма манахі перавезлі ў Нарачанскі касцёл, штосьці схавалі ў сябе мясцовыя жыхары. Рэліквіі святых чамусьці вырашылі ўмураваць у сцяну на верхнім ярусе касцёла. Недарэмна турбаваліся вернікі: пасля вайны будынак храма выкарыстоўваўся як склад сельгастэхнікі і сховішча для хімічных угнаенняў, а ў бакавых памяшканнях касцёла нават трымалі свіней. Некалькі дзясяткаў год такой эксплуатацыі, і касцёл сапраўды пачаў выглядаць як хлеў. У такім стане гэты будынак вярнулі каталікам у 1989 годзе. І вернікі здолелі прывесці яго ў нармальны стан. Рамонт працягваецца і зараз.

Сёння
Знайсці касцёл Маці Божай Шкаплернай у Мядзеле няцяжка. Ста­іць ён на ўзгорку, таму яго шпіль відаць з усіх канцоў горада. Да архітэктурнага гонару Мядзела ад райвыканкама па беразе Нарачы можна дайсцi хвілін за 20.

Каля храма захаваліся невялічкая каплічка і двухпавярховая плябанія (двор святара). Побач з імі – кляштар (манастыр). На яго прыступках мяне сустрэў вікарый касцёла Маці Божай Шкаплернай Юры Кулай і запрасіў у галоўную залу храма, каб пака­заць рэліквіі.
– У сакавіку мінулага года ­адзін з манахаў адшукаў у архіве Кракава запіску, дзе паведамлялася, што ў сцяне Мядзельскага касцёла схавана частка рэліквій святых, – пачаў свой аповед айцец Юры. – У кастрычніку, калі мы перакладвалі электраправодку, вырашылі прастукаць сцены. І прыблізна там, дзе намаляваны Евангеліст з пяром і кнігай, стук быў глухі, што сведчыла аб пустаце ў перагародцы. Дасталі некалькі цаглін і ўбачылі тайнік. Ён быў атынкаваны знутры, каб схаваныя там рэчы не псаваліся ад вільгаці і ветру. У нішы апынуліся метрычныя кнігі 1930-х гадоў (пералік зарэгістраваных шлюбаў, нараджэнняў, пахаванняў, а таксама ахвяравальнікаў, фундатараў). Там жа знайшлі бляшанку з-пад гарбаты. У ёй – рэліквіі, загорнутыя ў сертыфікаты, якія пацвярджаюць іх аўтэнтычнасць. Там была запіска: «17 лютага 1940 года гэтыя рэчы і рэліквіі святой Цэцыліі, святога папы Грыгорыя Вялікага, святой Тэрэзы змяшчаюцца тут з мэтай іх захавання і абароны ад прафанацыі і знішчэння».

Ксёндз расклаў на стале чатыры сертыфікаты з рэліквіямі, падобныя на медальёны. У трох з іх – часціцы цела Тэрэзы, памерам не больш за адзін міліметр. У чацвёртым – часціцы адразу трох святых: Тэрэзы, Грыгорыя Вялікага і Цэцыліі.

– Самыя старажытныя з іх – часціцы цела панны і мучаніцы Цэцыліі, якая жыла ў ІІІ стагоддзі ў Рыме, – удакладняе Юры Кулай. – Цэцылія ў вельмі маладым узросце пажадала заручыцца з Хрыстом і склала шлюб чыстасці. Згодна з воляю бацькоў, яна была выдадзена замуж за паганіна Валяр’яна, якому ў шлюбную ноч прызналася, што сваю чыстасць ахвяравала Богу. Ёй удалося пераканаць Валяр’яна прыняць хрост, і яны пачалі разам клапаціцца пра хрысціян, на якіх вяліся ганенні. Неўзабаве Валяр’яна і яго брата Тыбурцыя арыштавалі і пасля катавання адсеклі ім галовы. Цэцылію таксама схапілі і на працягу многіх дзён катавалі. Праз ­шэсць стагоддзяў цела святой было знойдзена нятленным у катакомбах Калікста (Рым) і з пашанаю перанесена ў пабудаваны ў яе гонар касцёл.

Заўтра
Знойдзеныя часціцы целаў Тэрэзы, Грыгорыя Вялікага і Цэцыліі таксама плануюць змяс­ціць у рэлікварыях у касцёле Маці Божай Шкаплернай, каб вернікі маглі ўшанаваць святых праз пацалунак, паклон. Адбудзецца гэта, калі збяруць сродкі для рэлікварыяў. А каштуюць яны ­нямала.

Паводле слоў вікарыя, у польскім архіве з запіскай пра рэліквіі былі знойдзены і здымкі, зробленыя манахамі-кармелітамі з Мядзела. На фота – касцёл 1930-х гадоў, яго алтары, вернікі, мясцовая кальварыя (хрэсны шлях). Тады ўсё тут знаходзілася ў значна лепшым стане. Як паведаміў Юры Кулай, на сёння ўжо адрамантавалі фасад касцёла, аднавілі ў 2014 годзе кляштар, які згарэў падчас Другой сусветнай вайны, і кальварыю, зруйнаваную бальшавікамі.

– Першапачаткова кальварыя была пабудавана ў 1765 годзе на ўзор шляху Езуса Хрыста ў Ерусаліме. Налічвала 46 брамаў і капліц. Яны цягнуліся ўздоўж шляху ад касцёла праз Мядзел да Гары трох крыжоў. Пасля Першай сусветнай вайны царскія ўлады ўсё знішчылі. Потым кармеліты яе зноў аднавілі, ужо ў меншым памеры, на манер Кальварыі Зэбжыдоўскай (Польшча). Капліцы тады былі дастаткова вялікімі, каб можна было ўваходзіць у іх. У часы СССР кальварыю зноў знішчылі. Засталося толькі некалькі руін ды сцяжынка, па якой вернікі працягвалі хадзіць, нягледзячы на праследаванні… У 2014-м, дзякуючы ахвяраванням людзей, мы пабудавалі 14 новых капліц. Не ў такім памеры, як было, але тым не менш гэтае святое месца адроджана. У XVIII ст. кальварыю штогод наведвалі каля 12 тысяч пілігрымаў. Будзем спадзявацца, калі-небудзь гэтыя лічбы паўторацца. Знойдзеныя рэліквіі, безумоўна, гэтаму павінны паспры­яць, – заўважыў ксёндз.

Яўген АЛЕЙНІК

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий