Васіль Шаранговіч: «Творчасць – гэта апантанасць і незадаволенасць сабой»

Нават у свае 80 ён не пакінуў творчасць – працуе над партрэтамі людзей, з якімі крочыў па жыцці. А ўжо гатовую серыю акварэлей, прысвечаных роднай Мядзельшчыне, запланаваў паказаць гледачу ў бліжэйшы час. «Калі б мне далі толькі дзве фарбы – чорную і белую – і папрасілі напісаць аўтапартрэт, на палатне гэтых двух колераў было б пароўну», – кажа майстар. Карэспандэнт «МП» пабывала ў гасцях у знакамітага мастака Васіля Шаранговіча, пачула яго разважанні пра лёс, даведалася пра творчыя пошукі і новыя планы.

Маміна кашуля на шчасце
Мая мама, Ніна Васільеўна, марыла стаць мастаком, але не мела магчымасці. Яна была для мяне першым настаўнікам малявання. З-пад яе каляровага алоўка на паперы «распускаліся» незвычайныя кветкі. Па сваіх узорах вышывала ручнікі, ткала. Гэтыя эскізы прасілі вясковыя жанчыны, яна ахвотна дзялілася. У Мінскае мастацкае вучылішча я паступаў у белай кашулі, вышытай мамай.

Матуля навучыла мяне танцаваць польку: у вольную часіну падрабязна ўсё паказвала. А рытм я развучваў у абдымку са… снапом: трэба ж было некага трымаць у пару! У вёсцы я лічыўся будзь здароў якім аматарам патаньчыць!

Да бацькоў заўсёды ставіўся з бязмернай павагай. Тата з 16 год займаўся кавальствам і прысвяціў гэтай справе ўсё жыццё (працаваў практычна да 80-гадовага ўзросту). Скончыў школу рамёстваў у Вільні, дзе атрымаў некалькі спецыяльнасцей. Яму была пад­уладна любая праца: мог нават замок са складаным механізмам змайстраваць. Падчас Вялікай Айчыннай вайны колькі брычак зрабіў для партызан! Рамантаваў зброю. А ў 1943-м сам адправіўся на фронт, хоць ужо і стары быў для арміі. Дайшоў да Берліна. Пасля ваеннага ліхалецця рабіў для вяскоўцаў металічныя лыжкі, міскі – адліваў іх з дзюраля збітых самалётаў. У гэтай справе я яму часта дапамагаў.

Не той рукой пісана
Я ляўша. У дзяцінстве кожны раз атрымліваў аплявуху ад бацькі і дзеда, калі браў ручку ці лыжку не ў тую руку. Тады ў вёсцы леварукасць лічылася заганай. Дзякуючы такому «выхаванню» пішу і малюю правай рукой. Гравюры ж, за якія атрымаў Дзяржаўную прэмію, ствараў выключна левай. Гэтай жа рукой выконваю ўсю фізічную працу па дому.

У гонар Васілія Вялікага
Гена – так мяне хацела назваць маці. Паколькі быў першым сынам, яна шукала імя арыгінальнае. А ў нашай вёсцы ніколі ніхто не зваўся Генадзем. Хрысціць мяне з Качаноў у Некасецк павезлі дзядзька Пётр і цётка Гануля. А па дарозе нязвыклае імя забылася. На дзень маіх народзінаў, 14 студзеня, якраз прыпадала хрысціянскае свята Васілія Вялікага. Таму бацюшка і прапанаваў ахрысціць Васілём… Маці не ўзрадавала такая неспа­дзяваная па­дзея, бо нашым суседам быў Васіль Баран, а ўсе яго клікалі проста – Баран. Хаця зусім несправядліва, бо чалавек быў харошы.

Школу я заканчваў у Мядзелі, дзе была дзесяцігодка. На ўвесь раён – толькі адзін клас выпускнікоў. Жыў на здымнай кватэры, за якую ў якасці платы бацька зрабіў маім гаспадарам веранду. У школе быў круглым выдатнікам, мне прадказвалі кар’еру матэматыка. Але ўмяшаўся выпадак. Настаўнік матэматыкі Генадзь Ігнацьевіч Астроўскі напрыканцы восьмага класа арганізаваў гурток малявання. Запісалася 15 вучняў, але паступова амаль усе яны «адсеяліся». Засталіся толькі я ды мой сябра. А затым і ён з гуртка выйшаў. Я ж працягваў маляваць. Вырашыў паступаць у мастацкае вучылішча, нягледзячы на тое, што рыхтаваўся толькі некалькі месяцаў – такі быў саманадзейны. Аднак Генадзь Астроўскі вырашыў мяне падтрымаць, павёз у Мінск. У першы год не паступіў. Толькі на нас­тупны ўдалося. Скончыў вучылішча з чырвоным дыпломам.

Машэрава здзівіў тэмпераментам
Кажуць, я ўпарты. Якую б ні ставіў задачу – прыкладаў усе магчымыя намаганні, каб яе выка­наць. Быць недасканалым у выбранай справе жыцця страшней за фізічную смерць…

Ніколі не трапятаў перад вышэйстаячымі людзьмі. Калі адзначалі 25-годдзе Тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Акадэмія мастацтваў), юбілейную выставу лепшых работ нашых студэнтаў наведаў Пётр Машэраў з дэлегацыяй кіраўніцтва краіны. У лік экспанатаў выпадкова трапілі работы выключанага з інстытута студэнта. Пра гэта высокі госць нейкім чынам даведаўся. І я ўступіў з ім у спрэчку: калі работа таленавітая, яна заслугоўвае экспанавацца! Майму кіраўніцтву такі жэст, безумоўна, быў не даспадобы: я ж тады з’яўляўся ўсяго толькі старэйшым выкладчыкам кафедры малюнку, а тут вырашыў уставіць свае пяць капеек. Аднак Машэраў са мной пагадзіўся і папрасіў менавіта мяне правесці для яго экскурсію па выставе. Ён мяне добра запомніў. Праз нейкі час на рэспубліканскім камсомольскім з’ездзе здалёк убачыў у вестыбюлі і падышоў павітацца.

Браць свой асабісты Эверэст
Творчасць – гэта апантанасць і незадаволенасць сабой. Заўсёды казаў сваім студэнтам у Акадэміі мастацтваў: калі жадаеце стаць мастакамі, працуйце па 26 гадзін у суткі. І сам так паступаў: пасля асноўнай выкладчыцкай працы мяне чакала «другая змена» – начамі працаваў у майстэрні. Калі гляджу на сваю скончаную мастацкую работу, мне заўсёды здаецца, што яна ледзь пачата. Толькі калі бачу яе праз 10 год, узнікае думка: можа, яна і неблагая, завершаная.

Гэта не прадаецца
Ніводнае са сваіх палотнаў не прадаў за мяжу. Толькі некалькі падарыў. Варшаўскі літаратурны музей імя Адама Міцкевіча прапанаваў спакуслівую суму за серыю акварэлей да «Пана Тадэвуша», аднак я адмовіўся. Міцкевіч – наш пісьменнік. Мае выставы ладзіліся ў шматлікіх кутках зямнога шара – ад ЗША да Кітая. Але ўсе работы вярталіся ў Беларусь. Ствараю мастацкія творы для сваёй радзімы – не для сябе, таму яны павінны заставацца тут. Практычна ўсе мае значныя творы знаходзяцца ў нашых музеях.

Напісанае застаецца
Усё жыццё мне шанцавала на добрых людзей. Зараз працую над серыяй партрэтаў тых, з кім крочыў па жыцці, многія былі маімі сябрамі і паплечнікамі. Калі паспею, то палотнаў будзе каля 20. Хачу паказаць не проста твар, а раскрыць характар чалавека, яго занятак. Кожны партрэт са складаным фонам. Цалкам гатовы партрэты Стэфаніі Станюты, Ула­дзіміра Дубоўкі. Пішу маіх бацькоў, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Янку Брыля, Рыгора Барадуліна, Максіма Танка, Марыю Захарэвіч, Генадзя Бураўкіна, майго адданага сябра – археолага Міхася Чарняўскага, з якім былі разам яшчэ са школы.

Колас у фаварытах
У юнацтве, у перапынках падчас касьбы з вясковымі мужыкамі, дэкламаваў ім «Новую зямлю» ­Коласа – ведаў усю на памяць. І не ўяўляў, што калісьці праілюструю гэты твор. Мне было за шэсцьдзясят год, калі ўзяўся за гэтую працу, раней не мог – лічыў сябе ўнутрана непадрыхтаваным. За паўтара гады ўдалося зрабіць больш за 90 ілюстрацый да паэмы.

Да родных хат
Пікаса казаў: «Калі б мне не было чаго любіць, я любіў бы ручку дзвя­рэй». Любоў – гэта абавязковая ўласцівасць мастака. У першую чаргу – любоў да малой радзімы, да яе людзей, прыроды, якая фарміруе нераўнадушнага, неабыякавага чалавека. Гэта пачуццё натхняе ўсю твор­часць. Працягваю праца­ваць над маштабным акварэльным цыклам, прысвечаным закінутым і абязлюд­нелым вёскам, якія, на жаль, сыходзяць у нябыт, як і мая родная вёска ­Качаны…
Гутарыла Алена ПАШКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий