«Міншчына дзівосная»: Крупскі раён

Крупскі раён, выцягнуты з поўначы на поўдзень, па сваіх контурах нагадвае вялікае сэрца. Гэта край старадаўніх легенд, прыгожых мясцін, знакамітых людзей. А яшчэ – малая радзіма класікаў беларускай літаратуры Міхася Калачынскага, Васіля Зуёнка, Васіля Макарэвіча, а таксама Адама Багдановіча, які нарадзіўся ў Халопенічах, і легенды сусветнага спорту Кацярыны Карстэн, чыя малая радзіма – вёсачка Асечана.
Ёсць свае ўнікальныя помнікі, такія, як старадаўняя драўляная Свята-Багародзіцкая царква. І свае цікавыя традыцыі, што зберагаюцца сучаснымі крупчанамі.

Жменя зямлі крупскай у космасе
У Хацюхоўскай СШ кожны госць – жаданы, але ёсць адзін, якога сустракаюць з асаблівым настроем. Двойчы Герой Савецкага Саюза лётчык-касманаўт Уладзімір Кавалёнак, адчыніўшы дзверы музея, як звычайна, пройдзе і прысядзе за школьную парту, за якой сядзеў шмат год таму. Недалёка ад Хацюхова, у невялікай вёсцы Белае, і нарадзіўся чалавек, які праславіў Крупшчыну на прасторах Сусвету. Не раз Уладзімір Васільевіч распавядаў, як у якасці талісмана браў жменьку роднай зямлі і галінку палыну з сабой на арбіту. Экспазіцыя музея лётчыка-касманаўта ўключае некалькі раздзелаў, якія падрабязна расказваюць пра яго біяграфію. А нядаўна там з’явіўся новы раздзел, прысвечаны супрацоўніцтву вучняў школы з гімназіяй №93 горада Уфы Рэспублікі Башкартастан, якая носіць імя Уладзіміра Кавалёнка.

Скарб Напалеона
Жамчужынай раёна лічыцца возера Сялява. Яго плошча – 26 квадратных кіламетраў. Складаецца яно з двух азёр: Сялява і Абіда, якія былі злучаны яшчэ ў 1954 годзе. Возера ўнікальнае сваёй прыгажосцю, амаль некранутай прыродай наваколля.
Гасцям прапаноўваюць наведаць зону адпачынку «Панская купальня», акультураны пляж. Выклікае цікавасць і возера Стаячае. Кажуць, у ім патанула карэта Напалеона з золатам, калекцыямі старадаўняй зброі і прадметаў мастацтва, каштоўнымі камянямі. У канцы 1970-х гадоў на глыбіню возера апускаліся вадалазы. Аднак ні срэбра, ні золата яны не знайшлі. Пробы вады і грунту накіравалі на аналіз, і вынікі паказалі анамальна высокае ўтрыманне ў вадзе золата, срэбра і плаціны. Мясцовыя жыхары лічаць гэтую ваду гаючай.
Традыцыйна ў чэрвені на беразе возера Сялява праходзіць міжнародны фестываль караванераў «Сонцазварот». Тут праводзіцца народны абрад «Ачышчэнне агнём» з майстар-класамі па народных рамёствах і нацыянальных танцах. У ліпені – жніўні – міжнародны турыстычны злёт, а ў жніўні – міжнародны злёт па падводнаму паляванню.

Старадаўні абрад па-крупску
У вёсцы Прошыка Крупскага раёна вяскоўцы чакаюць ночы з 13 на 14 студзеня ў асаблівым настроі, рыхтуюць стол і торбы з пачастункам – для калядоўшчыкаў, якія ведаюць нямала беларускіх прыпевак і абрадавых песень, абсыпаюць гаспадароў добрымі пажаданнямі і славяць Хрыста.
Шчадраваць тут ходзяць не з 6 на 7 студзеня, а праз ты-
дзень, на Шчодрую куццю. Варожаць не толькі напярэдадні Калядаў, а ў любы дзень на працягу двух тыдняў пасля іх святкавання. Гэтыя і іншыя тонкасці, песні і абрады па крупіцах збірала загадчык Прошыцкага сельскага клуба-бібліятэкі Наталля Чартовіч разам з удзельнікамі мясцовага вакальнага калектыву «Сялявіца». У рэпертуары калядоўшчыкаў ёсць і традыцыйныя, але перапрацаваныя на свой лад, песні, і эксклюзіўныя, характэрныя для крупскага рэгіёна. Зберагаюцца не толькі мясцовыя абрады, але і калядныя.
– Як прыйшла на пасаду загадчыка сельскага клуба, сталі мы адраджаць традыцыйныя крупскія абрады, – успамінае Наталля Андрэеўна. – Пачалі распытваць старых людзей, як яны калядавалі, якія песні спявалі. Больш за ўсё дапамагла Аляксандра Мацвееўна Скумская. Яна падзялілася ўспамінамі аб калядаванні, расказала і аб іншых абрадах, святах.
Жанчыны заспявалі адну з песень іх бабуль: «А Калядачкі, едзьце скоранька. Ой ля-лё, лі-ля-лё, едзьце скоранька.
А мы, дзеванькі, невясёленька. Ой ля-лё, лі-ля-лё, невясёленька. А мы, дзеванькі, мы гуляць будзем. Ой ля-лё, лі-ля-лё, мы гуляць будзем. Вас, Калядачкі, дажыдаць будзем. Ой ля-лё, лі-ля-лё, дажыдаць будзем».
– Мы калядавалі з дзяцінства, разам з дарослымі. Многае ведалі. Дык вось, нам нашы старажылы паказалі, дзе мы робім правільна, а дзе трэба па-іншаму, – дапаўняе сябровак Інеса Аляксандраўна Вашкевіч. – Так з’явіўся ў нашым абрадзе Бусел. Ён першым заходзіў у дом да гаспадароў, у якіх яшчэ няма дзяцей, – бусел павінен ім прынесці дзіця. Апраналіся і цыганамі, і каровай… Засталіся толькі Мядзведзь ды Каза.
Сёлета крупскія калядоўшчыкі ўзялі ў рукі… качаргу.
– Асобна ад калядоўшчыкаў хадзілі бабкі з качаргой, – дадае яшчэ адна ўдзельніца абраду Галіна Міхайлаўна Бародкіна. –
І стукалі ў вароты да незамужніх дзяўчат або нежанатых хлопцаў. Заходзілі да іх у хату і давалі наказ, каб у гэтым годзе абавязкова знайшлі сабе пару.
На асабістым досведзе пераканалася ў тым, што варажба на Раство спраўджваецца, яшчэ адна ўдзельніца гурта «Сялявіца» Галіна Гурачэўская.
– Я сама не мясцовая. Прыехала ў Прошыку па размеркаванню, – распавядае Галіна Міхайлаўна. – Разам з сяброўкай здымалі кватэру ў мясцовай бабулі, якая расказала нам цікавыя варыянты варажбы. Напяклі мы бліноў. І сталі іх кідаць сабаку. Тая дзяўчына, чый блін ён схопіць раней, і выйдзе замуж хутчэй. Сабака, бедны, кідаўся ад аднаго бліна да другога. То адзін укусіць і кіне, то другі. Ну, мы і махнулі рукой, падумалі – напэўна, галодны. Пайшлі кідаць боты цераз вароты. І абодва нашы боты ўпалі аднолькава: мыском у бок вёскі Дубы. І праз некалькі год я выйшла замуж, а сяброўка праз чатыры месяцы. І абедзве за хлопцаў з вёскі Дубы.

Шляхецкая сядзіба Свяцкіх і спадчына Аракчэева
Крупкі – невялікі ўтульны горад, многія аб’екты тут у крокавай даступнасці. Адна з галоўных славутасцей – сядзібны дом Свяцкіх, пабудаваны на пачатку XX стагоддзя ў стылі мадэрн. Захаваліся дом, флігель, частка парку з пад’язной алеяй. Свяцкія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё горада: заснавалі мукамольную мануфактуру, фабрыку запалкавай саломкі, гарбарны і маслабойны заводы.
Побач парк, дзе захаваліся старадаўнія дрэвы, а не так даўно там з’явіліся новыя арт-аб’екты – арыгінальныя каменныя скульптуры, творчы вынік пленэру вядомых у краіне рэзчыкаў па камені. У гора-
дзе можна наведаць гісторыка- краязнаўчы музей і карцінную галерэю імя вядомага жывапісца, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Аракчэева, які вельмі любіў Крупкі і часта тут бываў.

Крупскія паясы незвычайнай красы
Ільняныя вырабы з Крупак – сапраўдныя шэдэўры мастацтва. Тут яны ткуцца як у вытворчых маштабах (у ААТ «Крупскі льнозавод»), так і залатымі рукамі мясцовых майстрых. Ляжыць душа да гэтага прыгожага матэрыялу ў народнага майстра Яніны Мікульчык. Ткачыха мае ўласны стыль і валодае рознымі тэхналогіямі старадаўняга ткацтва, а цяпер яе ўвага накіравана на паясы, народныя абярэгі. У Доме рамёстваў ужо ёсць цэлая калекцыя. Тчэ жанчына на старадаўніх кроснах, якія выраблены майстрамі яе роду. Цяпер Яніна Паўлаўна перадае сакрэты майстэрства свайму ўнуку.

Алёна ДРАЗДОЎСКАЯ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий