Фальклорны гурт «Павалякі» гатовы прадстаўляць Беларусь на «Еўрабачанні»

Шматгадзінных пералётаў, пашпартных кантроляў і вялікіх залаў «Павалякі» не баяцца: кажуць, і не праз такія цяжкасці праходзілі. Між тым адной са спявачак – ужо за 86. Але ўдзельніцы гурта ўпэўнены: узрост ім яшчэ і наруку. Бо што моладзь? Толькі «папсу» гарланіць умее, а павалячкі выконваюць мясцовыя аўтэнтычныя песні, якія перанялі ад сваіх прабабуль. Да таго ж спеўны стыль артыстак з вёскі Обчын мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Карэспандэнты «МП» адправіліся на Любаншчыну, каб бліжэй пазнаёміцца з мясцовымі зоркамі і высветліць, нашто ім здалося тое «Еўрабачанне».

Няспеўных тут спрадвеку не было!
Дамовіцца аб сустрэчы з удзельніцамі аўтэнтычнага фальклорнага гурта «Павалякі» не вельмі проста: спявачкі то на рэпетыцыях, то на гастролях. Насілу знайшлі адзін дзень, каб «уціснуць» нас у свой графік. І вось мы ўжо едзем у вёску Обчын, што за 10 км ад Любані.
…Размовы, гоман, смех: павалячкі сабраліся амаль у поўным складзе. Паселі гурточкамі хто дзе, ды распяваюцца. Гля­джу: адну бабульку абступілі некалькі маладзічак. Пенсіянерка пачынае песню – яны падхопліваюць. Але стараюцца крыху цішэй цягнуць, не перакрываюць яе спеў сваімі галасамі.

Няўжо, думаю, дзяўчаты дрэнна словы ведаюць? А яшчэ на «Еўрабачанне» замахнуліся…

Усё куды прасцей: Вольга Нічыпараўна Драбудзька ў «Паваляках» – галоўная спявачка. На яе голас, як пацеркі ў карáлях, нанізваюцца ўсе астатнія. Непаўторная манера выканання і ў Вольгі Іванаўны Дастанка: бабулька «вядзе голасна» – спявае працягла-пералівіста на вялiкiм дыханнi, «падымае» песню, разбаўляе яе доўгiмі і кароткiмі воклiчамі. Так умелі і ўмеюць толькі обчынскія жанчыны. І лепей за ўсіх Вольга Іванаўна – самая сталая ў калектыве, ёй 86 год. Бадай, яна адна з нямногіх, хто памятае, як у 1975 годзе нараджаліся «Павалякі».
– Ну як нараджаліся? Прыехаў у вёску парторг Рыгор Піліпавіч Гардзіенка. І паставіў перад фактам: «Будзем збіраць фальклорны калектыў. Песень шмат ведаеце, спяваеце добра. Астатняе – за мной».

Куды ён ездзіў, дзе грошы на ўсё знайшоў – не ведаю, але касцюмы дастаў, выступленні арганізаваў. Хаця, шчыра кажучы, ахвотнікаў раз’яз­джаць па раёне было небагата. Спевы спевамі, а трэба ж і гаспадарку глядзець , і ў калгас ха­дзіць. Неяк уцягнуліся, ужо і пра канкурэнцыю загаварылі. У «Павалякі» бралі ўсіх, хто ўмее спяваць – а ў Обчыне няспеўных увогуле няма. Так каля 40 чалавек набралася ў гурт.

«Крыніцамі» ўжо нікога не здзівіць!
Дарэчы, «Павалякамі» калектыў стаў звацца пазней – спачатку обчынскія жанчыны выступалі як «Блакітныя крыніцы». Ездзілі па невялікіх вёсачках, пасёлках. А як атрымалі запрашэнне ў Мінск, дык і касцюмы абнавілі, і назву змянілі. У сталіцу ж збіраліся!

– Выступалі на рэспубліканскіх святах, фестывалях, спявалі ў філармоніі, ратушы, Інстытуце культуры, і ўсюль нас прымалі, як тых зорак! – расказвае Вольга Нічыпараўна. – Памятаю, аднаго разу пасля выступлення падышоў да мяне нейкі мужчына: «Так, як спяваеце вы, ніхто болей не ўмее. Мне маці ў дзяцінстве пела падобныя песні: слоў, на жаль, не памятаю, але ж мелодыя, стыль выканання падобныя на ваш». Я лыпаю на яго вачыма і не разумею: што за стыль? Спяваем як усе!

Але менавіта манера выканання песень зрабіла «Павалякаў» вядомымі. У 2011 годзе спеўны стыль вёскі Обчын атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. І «Павалякі» – адзіныя носьбіты гэтага стылю.

– Наш, обчынскі стыль выканання песень адрозніваецца гучаннем, меладычным строем. Да таго ж ён адзін з самых старажытных, – тлумачыць мастацкі кіраўнік фальклорнага гурта Наталля Акуліч. – «Павалякі» выконваюць аўтэнтычныя песні, і не на класічнай беларускай мове, а на мясцовым лексічным і музычным дыялекце. Многія словы, якія гучаць у нашых песнях, невядомы болей нідзе і нікому. Дзякуючы павалячкам не згубіліся, не асучасніліся песні, якія спявалі ў Обчыне яшчэ 100 год таму.

Пасля атрымання ганаровага статусу любанскія зоркі сталі нарасхват: прападалі на бясконцых рэпетыцыях, гастролях. Аб’ез­дзілі ўсю Беларусь, выступалі ў Літве, Польшчы…

– Як вас мужыкі адпускалі на канцэрты? – пытаюся ў павалячак. – Няўжо не раўнавалі?

– Яшчэ як раўнавалі! Мой іншым разам і пакрычаць мог: маўляў, нікуды не паедзеш, сядзі ў хаце, дзяцей пільнуй. Але я ведала: крыху пазлуецца, а пасля ўсё роўна адпусціць, – смяецца Вольга Нічыпараўна. – Хаця і яго зразумець можна. Зранку збіраемся на сенажаць, тут тэлефонны званок: «Вольга, бягом на рэпетыцыю. Заўтра выступаем, трэба крыху распецца». І мусіш жа кідаць усё ды ляцець у клуб.

– Так ужо нашы мужыкі перапрацаваліся! – не вытрымала жвавая бабулька. Як пасля высветлілася, гэта Марыя Аляксандраўна Кукраш, 75-гадовы павалякаўскі «энерджайзер». – Хай бы паспрабавалі мужыкі нашага, спявацкага хлеба – дня б не вытрымалі!

Праўда, за 44-гадовую гісторыю «Павалякаў» мужчыны выступалі ў калектыве – двое. На жаль, іх ужо няма на гэтым свеце. Затое цяпер у «Паваляках» спявае ўнучка аднаго з тых салістаў.

– Некаторы час дзядуля быў удзельнікам гурта, прывёў туды маці, яна мяне спадахвоціла, – кажа Людміла Савошка, самая маладая ўдзельніца гурта, ёй усяго 41 год. – Дзядуля ўжо пайшоў на Юр’я, мне даручыў працягваць яго справу…

Пазней обчынскія спявачкі растлумачылі: «пайшоў на Юр’я» – так мясцовыя кажуць пра нябожчыка. Выраз гэты характэрны толькі для Обчына. Як і слова «паваляка» – так жартам называюць сталага, але яшчэ досыць дужага чалавека. «Павалякамі» обчынскія спявачкі сталі з лёгкай рукі Марыі Аляксандраўны.

– Ну што такое «Блакітныя крыніцы»? Гэта ж не модна, – тлумачыць баба Марыя. – У любым раёне свае крыніцы ёсць. А скажы «Павалякі» – і ўсе разумеюць, што гэта мы, обчынскія бабулькі!

Адпомсціць за Тэа
У рэпертуары «Павалякаў» больш за дзвесце мясцовых песень, якія ўдзельніцы калектыву перанялі ад сваіх бабуль. Песні большай часткай старажытныя. Сярод іх – каляндарна-абрадавыя, пазаабрадавыя. Дзякуючы павалячкам адроджаны аўтэнтычныя мясцовыя абрады «Шчадраванне з Казой», «Провады», «Гуканне вясны», «Зажынкі» і іншыя. Іх яны таксама паказваюць падчас выступленняў. Тыя ж літоўцы, калі запрашалі обчынскіх спявачак да сябе, прасілі абавязкова паказаць які-небудзь абрад. А японцы, ледзь убачылі нашых «дзяўчат» у нацыянальных касцюмах, адразу за фотаапараты схапіліся.

– Не, у Японію нас пакуль не запрашалі. Калі гастралявалі ў Вільнюсе і пасля канцэрта вярталіся ў гасцініцу, сустрэлі японскіх турыстаў. Мы ж для іх экзотыка: ідзём, песні на ўсю вуліцу гарланім, – кажа 78-гадовая Зінаіда Хадзько. – Як скончылі спяваць, японцы да нас падбеглі: «Мы нідзе падобнага не чулі! Дазвольце сфатаграфавацца з вамі». А нам што, шкада? Хай пстрыкаюць.

Ад гастроляў «Павалякі» ніколі не адмаўляюцца. Кажуць: узрост, бясконцыя пераезды, складанасці з афармленнем пашпарта – пусцяковіны. Спявачкі не збіраюцца кідаць справу, якую распачалі іх бабулі і матулі. Больш за тое: яны мараць
праславіцца за межамі краіны, а можа, і кантынента. І крок за крокам набліжаюцца да сваёй мэты.

Чатыры гады таму знакаміты беларускі выканаўца Тэа запрасіў обчынскіх спявачак да сябе ў гурт падтрымкі – акурат перад «Еўрабачаннем».

– «Фішка» была ў тым, каб мы ў сваёй аўтэнтычнай манеры выканалі ягоны «Чызкейк». А песня ж на англійскай мове. Тэкст выслалі ўвечары, літаральна за некалькі гадзін да паездкі на студыю гуказапісу. Дзякуй Богу, нейкі чалавек падпісаў аловачкам, як словы правільна вымаўляюцца, – смяецца баба Марыя. – Хаця дзеля Тэа я і кітайскую вывучыла б!

– Што ты там вывучыла? Спявала б: «Козам дам ды козам дам», – падштурхоўвае суседку Вольга Іванаўна.

У Капенгаген разам з Тэа «Павалякі» не змаглі паехаць, але, кажуць, і на адлегласці адчувалі, як хваляваўся іх падапечны.
– Тэа лепей за ўсіх выступіў! Суддзі не проста яго недаацанілі, яны нас, лічы, абразілі, – аўтарытэтна заявіла баба Марыя.

І вось цяпер обчынскія спявачкі на поўным сур’ёзе плануюць ехаць на «Еўрабачанне» – каб за свайго любімага Тэа адпомсціць. Праўда, сёлета павалячкі не падавалі заяўку на ўдзел у нацыянальным этапе міжнароднага конкурсу, але ў наступным, магчыма, збяруцца. Упэўнена: яны такі арыгінальны нумар могуць падрыхтаваць, што Еўропа ахне.

Галіна НАРКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий