Галасы Нясвіжа

Гістарыяграфію можна назваць суб’ектыўнай, але ўсё ж дакладнай навукай. Мы адназначна ведаем дату, калі пачалася Другая сусветная вайна або дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аднак за гістарычнымі падзеямі стаіць перш-наперш чалавечы лёс.  

У чарговай частцы праекта «Адзін народ – дзве краіны» вы пазнаёміцеся з успамінамі жыхароў Нясвіжчыны. Лёс гэтых людзей склаўся па-рознаму, але ёсць агульнае, што іх аб’ядноўвае: дзяцінства і маладосць кожнага прыпала на перыяд, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы.

«Замак Радзівілаў быў цэнтрам грамадскага жыцця» – з успамінаў Соф’і Нядзвецкай. Пасля вайны выпускніца Віленскага ўніверсітэта апынулася на тэрыторыі Польшчы.

«Пасля заканчэння альма-матар, у мяне не атрымалася знайсці месца працы ў родным горадзе. Гэта быў перыяд сусветнага крызісу, які захапіў Польшчу ў канцы 20-х гадоў. Мне прапанавалі месца выкладчыка ў Нясвіжскай гімназіі імя У. Сыракомлі. З сумам ехала я ў Нясвіж, не чакаючы, што там пройдзе лепшы этап майго жыцця. 

Вялікую ролю ў жыцці горада выконваў замак Радзвілаў. Асабліва ўрачыстымі былі карнавальныя балі ў замку, якія арганізоўваў князь Альбрэхт. Добра памятаю, як у 1930 годзе ён прывёз з Варшавы стос чырвонага сукна і наняў некалькі краўцоў, каб тыя сшылі фракі для запрошаных спадароў. Дамам даслалі белыя станіслаўскія парыкі. Што гэта быў за баль!.. Князь Альбрэхт быў задаволены ідэяй і атрыманым эфектам, радаваўся разам з гасцямі.

Нясвіж з’яўляўся і цэнтрам адукацыі. У гарадской гімназіі квітнела жыццё. Малады пісьменнік Вацлаў Урбан здолеў арганізаваць моладзь. Кожную суботу праходзілі паэтычныя вечары, прадстаўленні і канцэрты. Памятаю адзін з іх. Падчас яго моладзь жартаўліва спявала, як выкладчыкі хораша ездзяць па коўзанцы.

1939 год запомніўся шматлюднасцю. Асабліва ў верасні. У замку Радзівілаў былі дзясяткі гасцей, генералаў, што хацелі перажыць вайну тут, удалечыні ад фронту. Якой жа нечаканасцю было, калі досвіткам 17 верасня савецкія войскі ўвайшлі ў Нясвіж! Шмат танкаў заехала у горад праз Слуцкую браму, а потым рушыла далей на захад. А ў дзевяць гадзін чырвонаармейцы ўжо прыбылі да замка».

«Мы не маглі доўга мірыцца з такім становішчам» – з успамінаў былога вучня Клецкай гімназіі Уладзіміра Гуля. Пасля вайны ён застаўся ў Нясвіжы. Некаторы час займаў пасаду старшыні выканкама Нясвіжскага гарадскога Савета народных дэпутатаў.

«Летам 1929 года мяне, навучэнца Клецкай гімназіі, прынялі ў шэрагі падпольнага камсамола. Нас у ячэйцы было пяць чалавек. Сакратаром ячэйкі з’яўляўся Іван Міско са Слонімскага павета. На сваіх зборах мы вывучалі падпольную літаратуру і вялі розныя гутаркі. Я пачаў цікавіцца чытаннем перыядычнага друку. Іван Міско-старэйшы расказваў нам, як добра жывецца савецкай моладзі. І нашым братам беларусам з усходу. Мы не маглі мірыцца са сваім становішчам пад польскай уладай.

Работа камсамольскай арганізацыі ў гімназіі сур’ёзна ўстрывожыла ўладу. Паліцыі доўга не атрымлівалася раскрыць яе, і яны прымянілі класічны метад – правакацыю. У студзені 1933-га падчас зімовых канікулаў адбыліся масавыя арышты. Мяне ўзялі дома, у бацькоў. Нічога не знайшоўшы, надзелі наручнікі і пад канвоем адправілі ў Навагрудак на допыты.

Пасля іх арыштаваных пад канвоем адвялі да следчага пракуратуры, і затым 12 чалавек апынуліся ў Навагрудскай турме. Там мы прасядзелі каля месяца. Потым быў суд. Мне далі год турмы і на два гады пазбавілі грамадзянскіх правоў.

У чэрвені 1935-га мяне выпусцілі. Дома жыць мне было нельга, таму ў жніўні рашэннем старасты павета выслалі на тры гады з пагранічнай паласы, да якой адносіўся і Нясвіжскі павет. Пасяліўся ў Баранавічах, дзе сустрэў былых вучняў Клецкай беларускай гімназіі. З іх дапамогай уладкаваўся працаваць у каўбасную майстэрню. Зарабляў у месяц 13 злотых, атрымліваў харчаванне і кватэру».

«У кожным верасні адзначалі «Дажынкі» – з успамінаў Алёны Быль, былой вучаніцы пачатковай школы №1. Пасля вайны засталася ў Нясвіжы, працавала настаўніцай.

«Люблю я свой родны Нясвіж, дзе нарадзілася, вырасла і пражыла ўсё жыццё. Вучылася я ў пачатковай школе №1 з 1934 года.

З гарадскога жыцця тых часоў памятаю шмат. Асабліва святочныя падзеі. Адно з самых яскравых – Свята мора. На азёрах каля замка плавалі людзі, упрыгожаныя як караблі сцяжкамі і асветленыя ліхтарыкамі. Дзея пачыналася ўвечары і працягвался ўначы. Тым часам каля Слуцкай брамы паказвалі кіно, было вельмі шматлюдна.

Улетку ўсе гарадскія святы праводзіліся ў парку «Альба». Па выхадных днях там выступаў духавы аркестр, працаваў буфет, прадавалася марожанае. У парку стаяла прыгожая леснічоўка Бамбінскага, а праз дарогу былі будынкі, дзе гадавалі фазанаў. У канцы агарода знаходзіліся клеткі з дзікімі звярамі: ваўкамі, лісіцамі. Нават тыгр быў.

А яшчэ штогод у верасні адзначалі свята «Дажынкі». Сяляне калонамі ў святочнай адзежы неслі снапы, караваі хлеба. Вялікія гарбузы і іншы ураджай везлі на вазах. Уся працэсія ішла па горадзе пад гукі духавога аркестра. Затым на плошчы выступалі самадзейныя калектывы і школьнікі.

17 верасня 1939 года ў Нясвіж увайшла Чырвоная Армія. У школьным жыцці таксама адбыліся змены. Вучняў шостых і сёмых класаў аб’ядналі з пяцікласнікамі, таму што пачалося выкладанне на рускай мове і змянілася праграма навучання.

У будынку былога кляштара стварылі беларускую школу. У гэты час ва ўсіх навучальных установах Нясвіжа з’явіліся піянерская і камсамольская арганізацыі. Памятаю, што неўзабаве пасля прыходу савецкіх войск на цэнтральнай плошчы горада паказвалі кіно пра У. І. Леніна, Чапаева, а таксама іншыя фільмы. Пазней кінатэатр пераехаў у будынак ратушы. А праз нейкі год пачалася вайна».

 «Нясвіж быў ідылічным месцам» – з успамінаў Станіслава Кандзека, былога вучня Нясвіжскай гімназіі імя Сыракомлі. Пасля вайны апынуўся на польскай тэрыторыі.

«Увогуле, месцапалажэнне Нясвіжа рабіла магчымымі шырокія кантакты са знешнім светам. Сюды прыязджала шмат турыстаў і моладзі. Асабліва адклалася ў памяці, як у горадзе падтрымлівалі чысціню. Тут былі электрастанцыя, пажарная ахова, паштовы ўзел, багатая гарадская бібліятэка, разнастайныя крамы… Існаваў аўтобусны рух да Гарадзеі. Ідылію маленькага мястэчка парушалі толькі надзвычайныя падзеі. Напрыклад, смерць нейкай знакамітай асобы.

Напрыканцы 20-х я з’яўляўся вучнем гімназіі. Добра памятаю, што ў адукацыйным працэсе вялікае значэнне надавалася спорту.  Настаўнікі гулялі з намі ў валейбол, у прышкольным садзе быў арганізаваны корт. Але чамусьці ў тыя гады дзейнічала забарона на гульню ў футбол. Тым не менш мы гулялі ў яго таемна на рынкавым пляцы ў квартале Новае Месца. Перш чым пачаць гульню, заўсёды выстаўлялі варту, якая павінна была папярэдзіць нас аб набліжэнні выкладчыкаў. Дырэктар гімназіі, Ян Гродзіс, здагадваўся, куды накіроўваюцца дзеці. Аднойчы ён сустрэў групу хлапчукоў з футбольным мячом, яны ішлі ў бок Новага Месца. Аднак абышлося без пакарання.

Дарэчы, Гродзіс быў чалавекам адукаваным, з моцным характарам. Ён клапаціўся пра парадак у гімназіі, паказваў узор працавітасці. Кожны ранак вучні гімназіі разам з ім і кіраўніцтвам школьнага самакіравання збіраліся на агульную малітву. Ад погляду дырэктара не хавалася ні адна дэталь знешняга выгляду або паводзін вучняў. Кіраўнік меў своеасаблівы характар, але у ім не было жорсткасці, ён не праяўляў нярвовасць. Затое шчыра радаваўся ўсім поспехам гімназістаў. Напэўна, дзякуючы яму Нясвіжская гімназія лічылася адной з лепшых у тых краях».

Пры падрыхтоўцы публікацыі выкарыстаны матэрыялы Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», а таксама Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея. Аўтар выказвае падзяку за садзейнічанне.

Аляксандр НАВАХРОСТ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий