Ганна Якімава: Актыўная і ініцыятыўная жанчына кіравала вялікім калектывам

Ганна Якімава разглядае старыя чорна-белыя фотаздымкі. Рэспубліканскія, абласныя, міжнародныя спаборніцтвы, сустрэчы, з’езды… З 1977 па 1995 год яна ўзначальвала Дзяржынскае райспажыўтаварыства, якое было адным з лідараў Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва. Актыўная і ініцыятыўная жанчына кіравала вялікім калектывам.
А ў няпростыя часы перабудовы не толькі ўтрымлівала сістэму кааперацыі на плаве, але і здолела захаваць на высокім узроўні яе найважнейшыя вытворчыя паказчыкі.

«Не бойся прымаць рашэнні!»
Нарадзілася Ганна ў шматдзетнай сям’і, у вёсцы Завітая Нясвіжскага раёна. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя Куйбышава ў 1965 годзе па размеркаванню прыехала ў Дзяржынск. У той час старшынёй райспажыўтаварыства быў Анатоль Максімавіч Чорны. Ад таваразнаўцы дзяўчына дарасла да намесніка старшыні па гандлю.

А ў ліпені 1977 года ёй прапанавалі ўзначаліць райпо.
– Пагадзілася не адразу, – успамінае Ганна Уладзіміраўна. – Разумела, якая адказнасць кладзецца на мае плечы. Спажыўкааперацыя ўключала ўсе галіны народнай гаспадаркі: транспарт, гандаль, грамадскае харчаванне, нарыхтоўкі, вытворчасць, будаўніцтва. Калектыў быў вялікі – паўтары тысячы чалавек. Паверыць у свае сілы дапамаглі вопытныя спецыялісты – старшыня па гандлю Ісаак Львовіч Зільбер, галоўны бухгалтар Ядвіга Серая, начальнік гандлёвага аддзела Вячаслаў Александровіч. Памятаю, як Ісаак Львовіч аднойчы сказаў: «Ганна Уладзіміраўна, не бойся прымаць рашэнні! Нават калі яны будуць і не зусім правільныя». Я вельмі старалася не падвесці яго: самастойна разбіралася з дакументамі, унікала ва ўсе пытанні. Ужо тады зразумела: каб трымацца на плаве, патрэбны новыя ідэі і пастаяннае развіццё.

Новы кіраўнік зрабіла стаўку на пашырэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Сістэма спажыўкааперацыі раёна папоўнілася складамі для другаснай і скураной сыравіны, адкрыліся каўбасны і кандытарскія цэхі, квасільна-нарыхтоўчыя пункты. На тэрыторыі раёна дзейнічалі 146 крам і каля 60 аб’ектаў грамадскага харчавання. Актыўна прыводзіліся ў парадак гандлёвыя кропкі, будаваліся новыя. Значнай падзеяй для жыхароў Дзяржынска стаў увод у эксплуатацыю гарадскога Дома гандлю і кафэ «Колас».

«Па 11–15 тысяч тон бульбы – на ўвесь Саюз»
Адным з асноўных клопатаў старшыні праўлення райпо было напаўненне паліц неабходнымі таварамі. У 80-я гады, ва ўмовах абвастрэння эканамічнага крызісу, дэфіцыт адчуваўся ва ўсім: не хапала прадуктаў, вырабаў лёгкай прамысловасці, тавараў паўся­дзённага попыту.

– Працавалі нават па выхадных, – успамінае Ганна Уладзі­міраўна. – Асабліва ў сезон, калі, напрыклад, адгружалі бульбу. Па 11–15 тысяч тон штогод разыхо­дзілася ад нас ва ўвесь Саюз – ва Узбекістан, Ленінград, Маскву. Трэба было прыняць груз, разабрацца з яго адпраўкай.

Дзяржынскае райспажыўтаварыства не раз займала лідарскія пазіцыі ў розных спаборніцтвах: перамагала ва ўсесаюзным конкурсе, два разы – у рэспубліканскім. За высокія вытворчыя паказчыкі гандлёвае прадпрыемства некалькі разоў прызнавалася пераможцам працоўнага спаборніцтва з уручэннем высокіх узнагарод – пераходнага Чырвонага Сцяга ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР, а таксама на ўзроўні рэспублікі – пераходнага Чырвонага Сцяга ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР. Ганаровыя ўзнагароды ўручаны і Ганне Ула­дзіміраўне – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэн Леніна. А ў 2009 годзе яна стала ганаровым грамадзянінам Дзяржынскага раёна.

Ганна Якімава на пасяджэнні савета Белкаапсаюза

– Пастаянна развіваліся, – згадвае Ганна Уладзіміраўна. – Пераймалі вопыт у калег з Прыбалтыкі, Украіны. Калектыў у нас быў сапраўды моцны. Без спецыялістаў вывесці прадпрыемства ў лідары было б складана. Мае асноўныя памочнікі – галоўныя бухгалтары, кіраўнікі аддзелаў, ды і ўвесь калектыў. Я паважала і шанавала кожнага. Бачыла чалавечыя недахопы і старалася з імі змірыцца. Заўсёды лічыла, што кадры трэба «гадаваць». Тады ў людзей з’яўляецца стымул для выніковай работы. Трэба ўмець бачыць найлепшых і даваць ім дарогу.

«А ўсё-такі мой калектыў – найлепшы!»
Ганна Уладзіміраўна не раз удзельнічала ў з’ездах спажыўкааперацыі, была на справаздачных сходах. Слухала пра поспехі іншых і заўсёды думала: «А ўсё-такі мой калектыў – найлепшы!».

– І самой даводзілася не раз выступаць перад вялікай аўдыторыяй, – распавядае Ганна Ула­дзіміраўна. – Выходзіш на трыбуну, дрыжыш, хвалюешся. Дзеці памятаюць, як я да раніцы пісала даклад. Вечарам, калі яны клаліся спаць, я зачыняла дзверы, уключала настольную лямпу і працавала…

Шмат уражанняў пакінула сустрэча з касманаўтам Пятром Клімуком. Падчас з’езда работнікаў кааперацыі ў Маскве Герой Савецкага Саюза запрасіў удзельнікаў на экскурсію ў Акадэмгарадок. Аўтограф легендарнага касманаўта з сумесным фота яна беражліва захоўвае да гэтага часу.

«Два боты – пара»
– Вельмі важную ролю ў маім жыцці адыграў муж, – кажа Ганна Уладзіміраўна. – Жылі ў суседніх вёсках: я – у Завітой, ён – у Гара­дзеі. Я ў той час яшчэ вучылася, а ён ужо працаваў на трактарным заводзе. Так па дарозе ў Мінск і пазнаёміліся. Тры гады сябравалі, а потым вырашылі пажаніцца. У той час лічылася так: атрымаеш адукацыю, знойдзеш працу і толькі потым можна думаць пра сям’ю.

Пасля вяселля жылі ў інтэрнаце, затым пераехалі ў домік з цэментнымі печкамі. У ім было вельмі холадна і няўтульна зімой. Ганна Уладзіміраўна часта затрымлівалася на працы, а муж забіраў дзяцей з садка, дапамагаў па гаспадарцы. У той час ён ужо працаваў на дзяржынскім заводзе «Рамдэталь».

З 1977 па 1995 год Ганна Уладзіміраўна выконвала абавязкі кіраўніка ў адной з такіх няпростых сфер, як гандаль

– Калі мне прапанавалі пасаду кіраўніка, муж мяне таксама падтрымаў: на сямейнай нарадзе параіліся… У той час ужо выхоўвалі траіх дзяцей, малодшай Надзейцы было ўсяго два годзікі. Муж быў вельмі адказным чалавекам. Па ім можна было звяраць гадзіннік. Завод працуе да 16.00, а ў 16.30 ён ужо дома. Скончыў тры курсы інстытута механізацыі, але не здаў «Сапрамат». Не адразу прызнаўся, што яго адлічылі. На працы яго вельмі шанавалі, заносілі на заводскую Дошку гонару. Мы вельмі добра ладзілі, сапраўды, як ка­жуць: «Два боты – пара». На жаль, восем год таму Ігара Цімафеевіча не стала…

Жыццё сярод кветак
У 1995 годзе Ганна Ула­дзіміраўна пайшла на заслужаны адпачынак. З’явіўся вольны час, які яна прысвячае любімым дзецям і ўнукам. А аднойчы, зацікавіўшыся вырошчваннем кветак, ператварыла свой прысядзібны ўчастак у сапраўдны кветкавы аазіс. Увесну вакол дома распускаюцца шматлікія ружы і нарцысы.

З 1977 па 1995 год Ганна Уладзіміраўна выконвала абавязкі кіраўніка ў адной з такіх няпростых сфер, як гандаль – Многае ў жыцці залежыць ад самога чалавека: больш укла­дзеш – лепшы будзе вынік, – разважае Ганна Уладзіміраўна. – У кожнага пакалення свае ідэалы. Працаваць добрасумленна і не шукаць узнагарод – вось дэвіз, з якім мы ў свой час жылі. Хацелася б, каб сучасная моладзь брала ад нас самае лепшае. Лічу, што павучыцца ў нас ёсць чаму.
Ганна ХАЛДЗЕЕВА

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий