Як данесці да моладзі маральныя каштоўнасці? На гэтыя пытанні шукалі адказ удзельнікі форуму «САД: Сям’я – Акадэмія Духоўнасці»

Праблемы сучаснай сям’і ў грамадстве становяцца ўсё больш вострымі. Развальваецца традыцыйны шлюб. Людзі не ўзаконьваюць адносіны, жанчыны робяць аборты, выкідваюць уласных дзяцей на вуліцу… Як захаваць сям’ю? Як данесці да моладзі сапраўдныя маральныя каштоўнасці? На гэтыя пытанні шукалі адказ удзельнікі абласнога форуму «САД: Сям’я – Акадэмія Духоўнасці».

Кіраўнікі клубаў маладой сям’і Міншчыны сустрэліся з прадстаўнікамі рэлігійных арганізацый, сямейных цэнтраў, грамадскіх аб’яднанняў, каб пераняць іх вопыт, запазычыць цікавыя і, галоўнае, дзейсныя ідэі, ініцыятывы, якія дапамогуць умацаваць сям’ю, не дапусціць падлеткавай злачыннасці.

Атрыманыя веды яны змогуць скарыстаць на практыцы ў сваіх раёнах – на гэта ў першую чаргу разлічаны праект «САД: Сям’я – Акадэмія Духоўнасці», старт якому і даў аднайменны форум.

Адзінае, што Папялушка страціла на балі, – туфлік
Каб сям’я была шчаслівай, муж і жонка жылі ў згодзе, яны абое павінны захаваць цнатлівасць да шлюбу. У гэтым упэўнена Вераніка Сярдзюк, старшыня мясцовага грамадскага дабрачыннага аб’яднання «Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля»:

– Ёсць даследаванні, якія пацвярджаюць, што ў жанчыны, якая беражэ цнатлівасць да шлюбу, верагоднасць захавання сям’і – 80%. З кожным новым парт­нёрам яна губляе гэтую здольнасць. Нават калі ў яе да шлюбу быў адзін мужчына, лічба зніжаецца ўжо да 54%. Пра гэта трэба абавязкова казаць падлеткам.

Падчас форуму Вераніка Сярдзюк прэзентавала адукацыйны праект па рэпрадуктыўнаму здароўю «Еве – 13».

– Мы праводзім сустрэчы з моладдзю, прычым запрашаем не толькі дзяўчат, але і хлопцаў. Абмяркоўваем, высвятляем, у чым розніца паміж законным шлюбам і сужыццём, для чаго патрэбны загс і таінства вянчання. Заклікаем дзяўчат любіць і паважаць сябе, сваю душу і цела, нагадваем ім гісторыю Папялушкі, якая на балі страціла толькі туфлік – і гэтым, мажліва, таксама пакарыла прынца. Тлумачым школьніцам, наколькі важна захаваць рэпрадуктыўнае здароўе і не катаваць свой арганізм дыетамі, гарманальнымі кантрацэптывамі.

На думку старшыні аб’яднання, даўно мінулі тыя часы, калі бацькі саромеліся размаўляць з дзецьмі «пра гэта». Сёння трымаць падлеткаў у інфармацыйным вакууме няправільна:

– Многія бацькі альбо зусім не закрана­юць тэму палавых адносін, альбо інтэрпрэтуюць гэта як нешта страшнае і з нядобрымі наступствамі. Сёння падлеткаў толькі палохаюць. Цяжарнасць выступае ў адной звязцы з інфармацыяй аб захворваннях, якія перадаюцца палавым шляхам. Гэта вельмі небяспечна. Так мы даём няправільныя ўстаноўкі аб мацярынстве.

Прыйшоў у касцёл – атрымаў прафесію
Сучасную моладзь абвінавачваюць у абыякавасці, адсутнасці інтарэсаў. Настаяцель мінскага касцёла Святога Роха ксёндз Юрый Санько з гэтым катэгарычна не згодны. Ён упэўнены: трэба прапанаваць падлеткам правільны інтарэс – і абыякавасць знікне сама сабой.

– Духоўнае жыццё – гэта толькі адзін складнік нашай працы. Шмат увагі ўдзяляем культурнаму, спартыўнаму, творчаму развіццю падлеткаў, – адзначыў ксёндз Юрый Санько. – Два разы на год арганізоўваем фестываль «Залатагорская ліра», таксама сумесна з Мінаблвыканкамам праводзім фестываль «Таленты чыстых сэрцаў».

Некалькі год таму пры касцёле пачала працу студыя выяўленчага мастацтва «Крылы натхнення» пад кіраўніцтвам мастачкі На­дзеі Бука. Летась па ініцыятыве касцёла прайшоў першы дабрачынны камандны турнір па каратэ. Шмат прыхільнікаў здаровага ладу жыцця штогод збірае парафіяда дзяцей і моладзі.

Па выніках форуму лепшыя праекты, ініцыятывы, практыкі па рабоце з сям’ёй будуць рэалізаваны ў рэгіёнах. Завяршальным этапам стане падбор і навучанне групы ўдзельнікаў, якія будуць самі распрацоўваць праекты па стварэнню сучасных сямейных лофт-прастораў і шукаць інвестыцыі на рэалізацыю ідэй.
Як падкрэсліла загадчык сектара маладзёжнай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Вольга Шыбко, ёсць намер у кожным кутку вобласці стварыць такія лофт-прасторы для маладых сем’яў – на базе ўстаноў культуры, маладзёжных і тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

– Працуем і з так званымі цяжкімі падлеткамі. Штогод запрашаем іх на тэатралізаванае «Зімовае свята»: ладзім гульні, забавы, конкурсы, раздаём пачастункі, – кажа ксёндз Юрый Санько. – Сваю дапамогу прапанавалі і навучэнцам Крывіцкага спецыяльнага лячэбна-выхаваўчага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу. Пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі абсталявалі памяшканне для заняткаў па прафесіі «Станочнік дрэваапрацоўчых станкоў».

Шмат цікавых праектаў для моладзі і падлеткаў запланаваў ксёндз Юрый Санько і на гэты год. Так, сёлета на тэрыторыі касцёла з’явяцца аптэкарскі і біблейскі сады, музей рэтрааўтамабіляў і ІТ-лабараторыя.

Знайсці сваё месца ў жыцці
Дзеці з асаблівасцямі развіцця таксама павінны заняць сваё месца ў грамадстве. Праект «Дорым прафесію», удзельнікамі якога сталі выхаванцы Гарадзейскай школы-інтэрната, якраз і накіраваны на тое, каб дапамагчы асаблівым дзеткам асвоіць запатрабаваную спецыяльнасць. Адзін з партнёраў праекта – дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас».

«Кіраўнік дзяржавы шмат увагі ўдзяляе выхаванню падрастаючага пакалення. Я лічу, што наша моладзь лепшая за нас – сучасныя хлопцы і дзяўчаты больш інтэлектуальныя, прагрэсіўныя, культурныя. Але трэба навучыць падлеткаў пераадольваць дзве слабасці: ляноту і алкаголь. Калі мы з гэтым справімся, усё ў нас атрымаецца», – адзначыў падчас адкрыцця форуму намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч.

– Выхаванцы Гарадзейскай дапаможнай школы-інтэрната – гэта асаблівыя дзеці, якія могуць асвоіць абмежаваны пералік прафесій. У школе абсталяваны два спецыялізаваныя класы, там вядуцца практычныя і тэарэтычныя заняткі па прафесіях «Швачка» і «Сталяр» (гэта былі галандскія інвестыцыі год 7 назад), – расказвае дырэктар таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі брат Андрэй Жылевіч OFMCap.

– Аднак нават да гэтых прафесій з-за асаблівасцей развіцця здольныя не ўсе навучэнцы інтэрната. Праект «Дорым прафесію» прапаноўвае больш варыянтаў. Так, у школу-інтэрнат ужо завезена абсталяванне па падрыхтоўцы да прафесій «Садоўнік-агароднік» і «Работнік зелянбуда».

Дапамога ў квадраце
Нярэдка шлюбы распадаюцца з-за матэрыяльных праблем. Недахоп грошай альбо адсутнасць уласнага жылля – сур’ёзнае выпрабаванне для сям’і, і не ўсе здольныя яго прайсці. У зоне рызыкі – маламаёмныя і шматдзетныя. На іх падтрымку і накіраваны многія праекты, акцыі, якія праводзіць храм Свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага, што ў аграгарадку Міханавічы.

– У аграгарадку шмат маламаёмных і шматдзетных сем’яў, і ў прыходзе ім актыўна дапамагаюць. Так, яшчэ сем год таму створана сацыяльная служба міласэрнасці. У рамках акцыі «Падары радасць» валанцёры збіраюць прадукты, якія затым перадаюць тым, хто мае патрэбу, – паведаміў настаяцель-святар прыхода храма Свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага Дзмітрый Грыцэнка. – Дапамагаем збіраць дзяцей у школу, забяспечваем іх неабходнымі прыладамі.

Практыкуем правя­дзенне дабрачынных выстаў-кірмашоў.
З 2015 года ў парафіяльным доме «прапісаліся» цэнтр сацыяльнага служэння і міласэрнасці, аддзяленне дзённага знахо­джання людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Сёння аддзяленне абслугоўвае каля 30 чалавек.

Фігуры з гіпсу ў абмен на дзіцячую ўсмешку
П’янства бацькоў – бяда для дзяцей. Алкаголікі марнуюць усе грошы на спіртное, пры гэтым забываюць аб сваіх нашчадках. А які стрэс адчувае дачка ці сын, апынуўшыся ў прытулку або дзіцячым доме! Кіраўнік «Сямейнага цэнтра Кацярыны Каўровай» ведае дакладна: дапамога такім дзеткам не павінна абмяжоўвацца цацкамі і цукеркамі.

– Дзецям, якія па віне бацькоў апынуліся ў прытулку, не патрэбны падарункі – ім патрэбны сацыяльна-бытавыя навыкі, веды: як прыгатаваць ежу, заплаціць за кватэру, – упэўнена Кацярына Каўрова. – У 2002 годзе разам з мужам Ула­дзіславам мы заснавалі грамадскае аб’яднанне «Здаровы выбар». Распрацавалі шмат інавацыйных праграм падтрымкі дзяцей з сем’яў групы рызыкі. Так, у шасці інтэрнацкіх установах абсталявалі пакоі сацыяльна-бытавой пад­рыхтоўкі. Яшчэ адна візітная картка аб’яднання – праграма «Старэйшы сябар». Яна накіравана на сацыяльнае суправаджэнне выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.


За 15 год працы з дзецьмі, бацькі якіх злоўжываюць спіртным, Кацярына прыйшла да высновы: лепшая дапамога для іх – рэальная і канкрэтная падтрымка бацькоў, у якіх ёсць жаданне знайсці працу і вярнуць дзяцей у сям’ю. Так з’явіўся праект «Нашы майстры» – першае ў Беларусі сацыяльнае прадпрыемства па рэабілітацыі бацькоў з алкагольнай залежнасцю. Майстэрня па вытворчасці гіпсавых фігур дала працу тым, хто захацеў пераадолець алкагалізм і па­чаць новае жыццё.

Дарэчы, частка вырабленай прадукцыі ідзе на дабрачынныя мерапрыемствы ў дзіцячыя сацыяльныя прытулкі і інтэрнацкія ўстановы, а ў рамках акцыі «Скрынка смеласці» – дзецям, якія знаходзяцца на працяглым лячэнні ў бальніцах.

За тры гады ўдзельнікамі праекта «Нашы майстры» сталі 19 чалавек, у сем’ях якіх выхоўваюцца 42 дзіцяці. І гэта, упэўнена Кацярына, толькі пачатак.

Галіна НАРКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий