Камфорт з душком. Ці так патрэбны нам смеццеправоды?

Лянота – рухавік прагрэсу. І з гэтым цяжка паспрачацца. Чалавецтва прыдумвае ўсё новыя і новыя прылады, каб зрабіць сваё жыццё больш камфортным і меней энергазатратным. Смеццеправоды – таксама плён гэтага працэсу. Карэспандэнт «МП» прааналізаваў усе «за» і «супраць» смеццезборнікаў, даведаўся, як можна ад іх адмовіцца, а таксама высветліў, колькі канструкцый на Міншчыне ліквідуюць у бліжэйшыя гады.

За савецкім часам наяўнасць на паверсе доступу да смеццеправода лічылася сапраўднай удачай і нават, так бы мовіць, статусным сімвалам. Магчымасць пазбаўляцца ад адходаў, не выходзячы з пад’езда, – што можа быць лепш? Дахо­дзіла нават да таго, што планіроўка некаторых будынкаў прадугледжвала наяў­насць смеццеправода ў самой кватэры. Але досыць хутка высветлілася – ідэя не самая лепшая. Патрэба ў раздзельным зборы смецця і антысанітарыя вымушаюць жыхароў і камунальнікаў адмаўляцца ад смеццеправодаў. Але іх прыхільнікаў усё роўна застаецца шмат.

Аргументы «за»
Першы – і самы бранябойны – зручнасць. Калі ў вашым пад’ездзе ёсць смеццеправод, не трэба ісці на вуліцу, каб выкінуць адходы. Выйшаў на лесвічную клетку, адкрыў люк – і галава не баліць.
Таксама прамы доступ да кантэйнера – бадай, адзіная магчымасць для пенсіянераў і людзей з абмежаванай мабільнасцю пазбавіцца ад смецця. Для гэтых грамадзян падарожжа на вуліцу – працэдура не з прыемных.

Аргументы «супраць»
А вось іх значна болей. Пачнём з бруду вакол акенцаў смеццепрыёмніка. Даволі часта вінаватыя ў гэтым жыхары, якія абыякава ставяцца да чысціні агульнадамавой маёмасці. А вільготная ўборка ў пад’ездах праводзіцца толькі адзін-два разы на месяц. З гэтага вынікае другі мінус – антысанітарыя. Асабліва ўлетку. У такіх умовах смецце ў кантэйнеры хутка гніе, што прыводзіць да развіцця патагенных вірусаў і мікраарганізмаў. Вынік такога працэсу жыццядзейнасці – верагоднасць размнажэння грызуноў, а таксама таксічны смурод. Трэці аргумент «супраць» – шум ад смецця, якое ляціць па трубе смеццеправода. Асабліва пакутуюць жыхары ніжэйшых паверхаў. Рызыка ўзнікнення пажараў, цепластраты, засілле шкодных насякомых і жывёлін – адпаведна чацвёрты, пяты і шосты мінус. І гэты спіс можна працягваць яшчэ доўга.

Што трэба зрабіць, каб пазбавіцца ад смеццеправода?
Калі вы вырашылі адмовіцца ад смеццевага канала, неабходна зрабіць літаральна тры крокі.
Крок першы. Жыхары ствараюць ініцыятыўную групу, пасля чаго яна з адпаведнай прапановай звяртаецца да мясцовых камунальнікаў (або таварыства ўласнікаў).
Крок другі. Спецыялісты праводзяць апытанне сярод жыхароў дома. Важна: каб атрымаць дазвол на заварванне канструкцыі, неабходна згода пераважнай большасці гаспадароў.
Крок трэці. Калі атрымана неабходная колькасць подпісаў, супрацоўнікі камунальных службаў абследуюць прыдамавую тэрыторыю на магчымасць абсталявання кантэйнернай пляцоўкі.

А што ўзамен?
Без альтэрнатывы вы не застаняцеся. У беларускіх рэаліях ёсць два варыянты. Першы прадугледжвае абсталяванне кантэйнернай пляцоўкі. Згодна з санітарнымі нормамі і правіламі, зацверджанымі пастановай Міністэрства аховы здароўя «Гігіенічныя патрабаванні да ўтрымання тэрыторый населеных пунктаў» ад 1.11.2011 г., да такіх пляцовак ёсць пэўныя патрабаванні. Яны павінны быць абсталяваны на адлегласці не менш за 20 метраў ад:
вокнаў жылых дамоў;
межаў тэрыторый, прылеглых да будынкаў устаноў адукацыі;
арганізацый аховы здароўя і аб’ектаў грамадскага харчавання;
фізкультурна-аздараўленчых, гульнявых і іншых збудаванняў.
Пры гэтым існуюць пэўныя складанасці. У кварталах, дзе забудова цалкам завершана, у некаторых выпадках вытрымаць нарматыў немагчыма. Прыклад – Жодзіна. Паводле інфармацыі абласных камунальнікаў, у горадзе машынабудаўнікоў ёсць каля 10 дамоў, побач з якімі абсталяваць пляцоўку пакуль нельга. Прастору для адпачынку чакае дадатковая мадэрнізацыя.

Галоўны плюс кантэйнернай пляцоўкі – магчымасць раздзельнага збору смецця. Спрашчаецца і лагістыка: самазвал забірае адходы толькі з аднаго месца, а не ад кожнага пад’езда.

Яшчэ адзін спосаб – заглыбленыя кантэйнеры. Патрабаванні да іх падобныя. У якасці эксперымента яны ўстаноўлены ў некалькіх беларускіх гарадах. Галоўная перавага падземнага сховішча – аб’ём. Адзін бак замяняе сем звычайных. Сярод мінусаў адзначым цяжкасці пры дэзынфекцыі, а таксама неабходнасць набыцця спецыяльных самазвалаў з маніпулятарамі.

Смеццеправоды нярэдка становяцца крыніцай траўміравання жыхароў. Летась у адным са сталічных пад’ездаў пацук напаў на падлетка. Пасля праверкі высветлілася, што няпрошаны госць трапіў на пляцоўку 8-га паверха менавіта праз смеццеправод.

Сустракаюцца і камічныя выпадкі. У мінулым верасні хлопец засеў у трубе смеццеправода. Як стала вядома пасля, па неасцярожнасці ён выкінуў ключы ад кватэры ў канал канструкцыі і вырашыў дастаць іх самастойна. У выніку мінскага «чалавека-павука» вызвалялі спецыялісты МНС.

Камунальны дайджэст
Новыя месцы для смецця, некалькі слоў пра цеплавую мадэрнізацю, а таксама пра ліфтавае абсталяванне. Самыя цікавыя навіны ЖКГ – у кароткім аглядзе.

На Міншчыне з’явяцца міні-палігоны
Праектнае рашэнне за аўтарствам ПРУП «Белкамунпраект» прадугледжвае стварэнне ў сталічным рэгіёне новых смеццевых палігонаў міжрэгіянальнага тыпу – на некалькі раёнаў.

Камунальнікам вобласці на выбар прапанавалі два варыянты. Першы: на тэрыторыі цэнтральнага рэгіёна абсталююць 7 палігонаў і 3 перагрузачныя станцыі. Другі: іх колькасць будзе роўнай – па 5. Папярэдняе апытанне паказала, што камунальныя службы схіляюцца да апошняга варыянта, але колькасць галасоў амаль роўная.

І менавіта за такое рашэнне выказваецца ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». Кіраўніцтва арганізацыі мяркуе, што ў канчатковым выніку гэта максімальна паспрыяе павелічэнню раздзельнага збору смецця, а таксама знізіць выдаткі на яго транспарціроўку. Месцы для адходаў будуць абсталяваны ў адпаведнасці з экалагічнымі стандартамі.

«Шуба» для дома за сумесныя грошы
Напрыканцы студзеня беларускі ўрад унёс змены ў парадак правядзення капітальнага рамонту. Згодна з імі, уцяпленне фасадаў жылых дамоў цяпер будзе ажыццяўляцца за кошт не толькі жыхароў, але і бюджэта.

Узгадаем, што да 2016 года ўцяпленне фасадаў было абавязковым складнікам капітальнай мадэрнізацыі жыллёвага фонду. Пасля гэты пункт выключылі, і ўласнікі кватэр маглі апрануць дом у «шубу» за свае сродкі. І толькі пры некаторых умовах (залішняя вільготнасць у памяшканнях) цеплавую мадэрнізацыю рабілі за дзяржаўныя грошы.
Цяпер парадак наступны:
камунальнікі да пачатку капрамонту высвятляюць патрэбу ў цеплавой мадэрнізацыі;
калі яна патрэбна, гэта даводзіцца да ведама жыхароў і на агульным сходзе ім прапаноўваюць аплаціць частку работ;
калі ўсе згодныя – адпаведныя змены ўносяцца ў праект рамонту.

У краіне плануюць замяніць 4 тысячы ліфтаў
Такую задачу паставіў міністр ЖКГ Беларусі Аляксандр Церахаў. Згодна з апублікаванымі дадзенымі, з мая мінулага года ў краіне замянілі звыш 2 тысяч пад’ёмнікаў. Гэтаму пасадзейнічаў указ аб паскарэнні замены ліфтавага абсталявання.

Сёлета задача не менш грандыёзная. Калі праграму выканаюць у абазначаны тэрмін, то ў шматпавярховых будынках з’явіцца больш за 4 тысячы новых ліфтаў. Амаль палова аб’ёма прыйдзецца на сталіцу. Замены або мадэрнізацыі ў краіне чакаюць прыкладна 10 тысяч пад’ёмнікаў.
Аляксандр НАВАХРОСТ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий