Камунальны дайджэст

Змены ў тарыфах на ЖКП, цэны на нерухомасць і закрыццё міні-палігонаў для смецця. Самыя цікавыя камунальныя навіны — у нашым аглядзе.

Савет Міністраў апублікаваў пастанову №81, згодна з якой у Беларусі карэкціруецца аплата некаторых камунальных паслуг. Цяпер афіцыйна зацверджаны адзіны тарыф на электраэнергію — 0,1484 руб. для кватэр з электраплітамі і 0,1746 руб. для кватэр з газавымі агрэгатамі за кілават. Таксама пастанова ўводзіць новую групу спажыўцоў электрычнасці. Размова ідзе пра тыя дамы, якія ацяпляюцца з дапамогай электраэнергіі (пры адсутнасці цэнтралізаванага газа- і водазабеспячэння). Пры гэтым у такіх памяшканнях трэба абавязкова ўстанавіць лічыльнік. Тады кошт электрычнасці складзе ўсяго 0,0335 руб. за кВт·гадз.

Змянілася плата і за тэхнічнае абслугоўванне. З 1 сакавіка на ўсю плошчу кватэры будзе прымяняцца так званы льготны тарыф. Для Мінскай вобласці ён складае 0,1187 руб. Але пры ўмове, што ў памяшканні ёсць зарэгістраваныя жыхары.

Прыемная навіна для аматараў паплёскацца ў ванне — урадавы дакумент прадугледжвае адмену лімітаў на спажыванне вады. Незалежна ад яе колькасці на тэрыторыі Міншчыны будзе дзейнічаць адзіны тарыф — 1,4721 руб. за кубічны метр. Гэты ж тарыф цяпер дзейнічае і на водаадвядзенне.

Нацыянальнае кадастравае агенцтва дапаможа адсачыць цэны на нерухомасць

У арганізацыі адзначылі, што апошнім часам карыстальнікі электроннай сістэмы і кліенты ў аддзяленнях цікавяцца дакладнай і аналітычнай інфармацыяй. У прыватнасці, імкнуцца даведацца пра рэальны кошт той ці іншай здзелкі, бачыць дынаміку змены цэн на нерухомасць. Кіраўнік ДУП “Нацыянальнае кадастравае агенцтва” Андрэй Філіпенка выказаў упэўненасць, што новаўвядзенне запрацуе на працягу года.

Таксама ў доўгатэрміновых планах прадпрыемства — перавод дзейнасці атэставаных ацэншчыкаў жылля ў электронны варыянт. Такім чынам, тыя, хто працуе з нерухомасцю, змогуць карыстацца гэтымі данымі ва ўласных мэтах.

На міні-звалках паставяць крыж?

З адпаведнай прапановай выступіла Міністэрства прыродных рэсурсаў  і аховы навакольнага асяроддзя. У ведамстве расказалі, што летась па краіне ліквідавана каля 330 падобных пляцовак. А праз два-тры гады яны ўвогуле знікнуць з беларускіх прастораў. Дзеля гэтага трэба закрыць яшчэ 978 міні-палігонаў.

Прычына ліквідацыі заключаецца ў іх неадпаведнасці санітарным нормам. Смецце з невялічкіх звалак накіруюць на больш маштабныя пляцоўкі. Для  гэтага камунальныя службы павінны распрацаваць адзіную схему збору, сартавання і захавання камунальных адходаў.

Аляксандр НАВАХРОСТ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий