Казённае, але сваё? «Раскладваем па палічках» усё пра арэнднае жыллё

У краінах Заходняй Еўропы арэнднае жыллё не з’яўляецца чымсьці незвычайным. Многія сем’і адмаўляюцца ад будаўніцтва ўласных дамоў, кватэр і аддаюць перавагу найму. І вось вам вынік: ў Скандынавіі, напрыклад, арэндныя метры складаюць каля 70% рынку нерухомасці. У Беларусі гэты кірунак толькі набывае папулярнасць. Хто можа атрымаць камерцыйныя кватэры і як разлічыць іх кошт? Якія ўмовы пражывання выстаўляе арэндадаўца? Разабрацца ў заканадаўчых дробязях даволі складана. Дзеля гэтага карэспандэнт «МП» сустрэўся з начальнікам аддзела жыллёвай палітыкі Пухавіцкага райвыканкама Вольгай Лукашонак і атрымаў адказы на самыя распаўсюджаныя пытанні.

Што такое арэнднае жыллё?

– Увогуле, азначэнне «арэнднае жыллё» – не зусім дакладнае. Лепш такия кватэры называць «камерцыйнымі». У нашай краіне падобны тып жылых памяшканняў з’явіўся некалькі год таму, калі ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта №512 «Аб некаторых пытаннях выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду». Пасля гэтага ў Беларусі пачалі будаваць шматпавярховікі і нават цэлыя кварталы арэнднага жылля.

Фонд фарміруецца наступным чынам. Напрыклад, у Мар’інай Горцы, у колішнім ваенным гарадку засталося шмат дамоў. Частка памяшканняў пераведзена ў статус арэндных. Таксама камерцыйнымі сталі кватэры, якія не паспелі прыватызаваць да 1 ліпеня 2016 года.

Хто яго можа атрымаць?

– Фактычна – кожны. Толькі трэба ўсведамляць, што некаторыя катэгорыі грамадзян маюць права на першачарговае атрыманне арэнднага жылля. Так, згодна з Указам №563, перавагу маюць суддзі, вайскоўцы, выкладчыкі ВНУ, маладыя спецыялісты, якія навучаліся па мэтаваму накіраванню і інш. Указаныя катэгорыі не павінны займаць больш за 40% камерцыйнага жылля (сілавікі – не больш за 10%). На астатнія кватэры могуць прэтэндаваць грамадзяне, якія знаходзяцца ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Калі такіх сямей некалькі, то памяшканне атрымаюць тыя, хто стаў на ўлік раней. У выпадку адсутнасці такіх суіскальнікаў, кватэра прадастаўляецца астатнім.

Адзначу, што такі парадак уласцівы для ўсёй краіны.

Варта ведаць!
Калі вы стаялі на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў і атрымалі арэндныя метры, то чарговасць аўтаматычна анулюецца.

Якія патрэбны дакументы?

Абавязкова – пашпарт. Адпаведная заява па форме падаецца ў службу «Адно акно». Гэта неабходна зрабіць у тэрмін да 15 дзён з дня апублікавання інфармацыі аб свабодных кватэрах. Потым цягам месяца заяву разглядае спецыяльная камісія пры райвыканкаме, выносіцца адпаведнае рашэнне. Каб абвясціць аб атрыманні кватэры, спецыялісты вышлюць вам заказны ліст. Калі на працягу 15 дзён на яго не будзе рэакцыі, гэта расцэняць як адмову ад прадастаўленага жылля.

Варта ведаць!
Інфармацыя пра наяўнасць кватэр камерцыйнага карыстання павінна быць на сайце вашага райвыканкама. Звычайна спіс знаходзіцца ў раздзеле, прысвечаным жыллёвай палітыцы. Там вы зможаце ўдакладніць, якой катэгорыі грамадзян прадастаўляеца ўказанае памяшканне, а таксама яго прыблізны кошт .

На які тэрмін прадастаўлення можна разлічваць?

– Дамову можна заключыць на тэрмін да пяці год. Але на практыцы спачатку заключаецца на год. Потым яе можна прадоўжыць.

Жылля можна пазбавіцца?

– І вельмі лёгка. Дастаткова некалькі разоў не ўнесці плату за арэнду (ці камуналку) або парушыць правілы пражывання ў кватэры. Тады чалавека могуць выселіць без прадастаўлення альтэрнатывы. Але гэта крайні выпадак.

Ці ёсць попыт у рэгіёнах?

– На прыкладзе нашага раёна магу сказаць, што так. І попыт даволі вялікі. Аднак ёсць некалькі нюансаў. Жылое памяшканне, якое прадастаўляецца для арэнды, звычайна рознае па тыпу, стану і метражу. Трэба разумець: кватэра іншы раз выглядае даволі непрывабна. Камусці падыходзіць і такая, а камусці – не. Таму прадказаць попыт на канкрэтныя «метры» не заўсёды атрымліваецца.

Прывяду некалькі прыкладаў. Зараз у Мар’інай Горцы ў камерцыйнае карыстанне прадастаўляецца двухпакаёвая кватэра з добрым рамонтам на вуліцы Крынічнай. На яе прэтэндуюць ужо 12 чалавек. Гэта можна назваць сярэднім паказчыкам. Бывае больш, бывае менш.

А некалькі месяцаў таму да нас звярталася сям’я, што шукала жыллё. І дэталі – у якім яна выглядзе і іншае – гэтых людзей не вельмі цікавілі. Яны былі гатовыя правесці мадэрнізацыю ўласнымі сіламі.

Колькі прыйдзецца заплаціць?

– Месячны кошт разлічваецца па наступнай формуле: базавая велічыня (25,5 руб.) памнажаецца на базавую стаўку (0,2 ад базавай велічыні за кожны кв. м) і плошчу кватэры. Нарэшце, атрыманы вынік памнажаем на каэфіцыент. Ён устанаўліваецца абласнымі ўладамі ў залежнасці ад колькасці насельніцтва. Марь’інай Горцы надаецца каэфіцыент 0,5, як і іншым гарадам, дзе колькасць жыхароў знаходзіцца ў межах ад 20 да 50 тысяч чалавек. За прыклад возьмем 40 квадратных метраў: 25,5х0,2х40х0,5 – атрымліваем 102 рублі.

 І, канешне, не забываем пра камунальныя плацяжы.

Варта ведаць!
Калі ў доме адсутнічае гарачая вада, ацяпленне або каналізацыя, каэфіцыент зніжаецца на пэўны працэнт. Таксама паніжаны індэкс прапануецца для грамадзян, якія не паспелі прыватызаваць жыллё, або атрымалі камерцыйную кватэру падчас працоўных зносін.

Ці можна атрымаць камерцыйную кватэру ў пажыццёвае карыстанне або выкупіць?

– У першым выпадку – тэарэтычна магчыма. Усё, як мы ужо казалі, залежыць ад адносін арандатара да сваіх плацёжных абавязкаў. Калі кватарант спраўна аплачвае рахунак за карыстанне кватэрай, а таксама камунальныя плацяжы, то ён будзе мець перавагу пры заключэнні новай дамовы.

А вось з выкупіц не атрымаецца. Гэта рэгламентуе Указ №563, які забараняе прыватызацыю такога тыпу кватэр.

Згодна з Пастановай Савета Міністраў №987, у бягучым годзе ў Беларусі плануецца пабудаваць каля 135 тыс. м2 арэнднага жылля. Больш за ўсё на Гродзеншчыне – 33,25 тыс. м2. У Мінскай вобласці паказчык складае толькі 10,5 тыс. квадратных метраў – адзін з самых нізкіх у рэспубліцы. А вось агульны метраж перавысіць мільён «квадратаў» – 1,115 тыс. м2. Гэта больш за чвэрць рэспубліканскага плана.

Аляксандр НАВАХРОСТ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий