Класікі пайшлі па руках, або Як Бульбобы пацяснілі Гары Потэра

На паліцах магазінаў, бібліятэк – багацце літаратуры. Аднак далёка не ўсе кнігі і аўтары запатрабаваны школьнікамі. Калі не браць у разлік вучэбную праграму, найбольшай папулярнасцю карыстаюцца творы замежных аўтараў. Ёсць попыт і на рускую літаратуру. А вось беларускіх пісьменнікаў дзятва часцяком увогуле пакідае без увагі. Супрацоўнікі Мар’інагорскай гарадской бібліятэкі сутыкнуліся з такой сітуацыяй, але мірыцца з ёю катэгарычна адмовіліся. Яны вырашылі вярнуць «чытацкую раўнавагу» і знайшлі спосаб зацікавіць школьнікаў. Ці атрымалася ў іх, высвятляла карэспандэнт «МП».

Не на нашу карысць
У Мар’інагорскую гарадскую бібліятэку мы завіталі пад паўдня. У чытальнай зале юных кнігалюбаў, на жаль, не ўбачылі: сюды часцей прыходзяць увечары альбо на выхадных. Затое на «абанеменце» перанялі двух школьнікаў год 14-ці. Хлапчук, схаваўшы ў заплечнік «Палескіх рабінзонаў» Маўра, развітаўся з бібліятэкаркай і шмыгануў за дзверы. Дзяўчынка яшчэ разглядала кнігі: абмінуўшы стэ­лажы з замежнай літаратурай, падышла да паліц з кнігамі беларускіх аўтараў: узяла «Ведзьміну тоню» Валерыя Гапеева.

– У параўнанні з папярэднімі гадамі беларуская літаратура сёння б’е ўсе рэкорды па папулярнасці. Школьнікі з задавальненнем чыта­юць творы нашых айчынных аўтараў: Алены Масла, Генадзя Аўласенкі, Паўла Місько, Валерыя Гапеева, – загадчыца бібліятэкі Вікторыя Бурлачэнка паказвае паліцу з самымі запатрабаванымі кнігамі беларускіх пісьменнікаў. – Толькі сёння здалі «Таямніцу кватэры №8» Сяргея Клімковіча, але магу вас запэўніць: пад вечар яе ўжо не
будзе – забяруць. Не абдзелены ўвагай і нашы класікі: «Сэрца на далоні» Шамякіна, «Палес­кія рабінзоны» Маўра, «Чорны замак Альшанскі» Караткевіча – можна сказаць, на вяршыні рэйтынгу. Што адметна, таго ж Караткевіча або Быкава чытаюць нават па-за школьнай праграмай.

Вікторыя Бурлачэнка шчыра прызналася: яшчэ тры гады таму беларуская літаратура не карысталася попытам. Дзятва чытала толькі тое, што ў школе задавалі. Залежваліся на паліцах кнігі Алены Масла, Гена­дзя Аўласенкі, Вольгі Савасцюк.

– Затое ад «Гары Потэра» Роўлінг і «50 дзён да майго самазабойства» Крамер падлеткі літаральна вар’яцелі. Ледзь паспеюць гэтыя кнігі вярнуцца ў бібліятэку – і зноў ішлі па руках. За раманам «Мілыя косці» Сібалд падлеткі нават чаргу займалі, – прыгадвае загадчыца бібліятэкі.
Словам, сітуацыя была не на карысць беларускай літаратуры. І толькі дзякуючы намаганням супрацоўнікаў бібліятэкі яна пачала змяняцца…

«Фішак» многа не бывае!
– Кнігу, якой бы прыгожай яна ні была знешне, ужо недастаткова проста паказаць. Яе трэба рэкламаваць – і абавязкова з дапамогай сродкаў, зразумелых і даступных школьнікам, – тлумачыць Вікторыя Бурлачэнка. – У падтрымку беларускай літаратуры мы запусцілі ўнікальны праект «Кнігакампанія «Сымон і К@», разлічаны на тры гады.

Самымі маленькімі ўдзельнікамі праекта сталі дашкаляты. Такіх пераборлівых чытачоў-слухачоў, кажа Вікторыя Бурлачэнка, не возьмеш настойлівасцю. А вось пазнаёміць іх з беларускімі творамі праз «Тэатр на стале» – самае тое.

– На аснове беларускай народнай казкі «Пшанічны каласок» ладзім невялікія тэатралізаваныя пастаноўкі. Аповед вядзе наш кніжны дамавік Сымонка. Калі б вы бачылі, з якой цікавасцю малыя сочаць за прыгодамі лясных жыхароў! Але не гэта галоўнае. Дзеці чуюць беларускую мову і разумеюць, што яна таксама казачная. Згадзіцеся, дома бацькі, як правіла, размаўляюць па-руску, казкі чытаюць па-руску. А мы паказ­ваем нашым самым маленькім чытачам, што і на беларускай мове пішацца шмат добрых і цікавых кніг.

А пасля таго як бібліятэка запусціла яшчэ і «Тэатр ценяў», школьнікі літаральна запаланілі чытальню. Толькі ўявіце сабе: цемра, ніводнага гуку – і раптам недзе з глыбіні пакоя, асвечаная халодным белым святлом, выплывае русалка з казкі «Ноч, калі папа­раць цвіце» Якуба Коласа. Тут ніякія мабільнікі ўжо не патрэбны! Абы даглядзець, чым скончыцца!

– Ёсць у нас і свой заўсёдны бібліятэчны тэатр «Усмешка», які аб’яднаў вучняў з другога па восьмы клас. Дзеці збіраюцца разам, ставяць п’есы на аснове беларускіх твораў. А яшчэ важна – выступаюць перад такімі ж юнымі чытачамі, як самі. Гэта, калі можна так сказаць, двайная рэклама, – упэўнена Вікторыя Бурлачэнка.
Ужо даўно мінуў час, калі ў бібліятэцы забаранялася крычаць і гаманіць. Цяпер гэта толькі вітаецца.

– Дзеці ў любым узросце застаюцца дзецьмі. Яны любяць бегаць, гуляць. Усё гэта мы ім дазваляем – і, як вынік, папаўняем сваю армію прыхільнікаў беларускай літаратуры. Безумоўна, проста лётаць па бібліятэцы з аднаго кута ў другі нецікава. А вось калі на хуткасць трэба адшукаць на бібліятэчных паліцах кнігі беларускіх пісьменнікаў з аўтографамі або ўспомніць і знайсці твор, героі якога сканструявалі «дынама-машыну», – тут ужо з’яўляецца сапраўдны азарт. Абавязкова адно з заданняў такой квест-гульні – інсцэніраваць фрагмент з якога-небудзь беларускага твора. Няхай у школьнікаў будзе ўсяго 15 хвілін, каб зрабіць тую інсцэніроўку, але сэнс у іншым. Вучань азнаёміцца з урыўкам, зацікавіцца творам, прыйдзе ў бібліятэку і прачытае кнігу цалкам. Гэта ўжо наша маленькая перамога.

Прыдумалі супрацоўнікі біблі­ятэкі і больш спакойны варыянт квест-гульні – «лэпбук». Хлопчыкам і дзяўчынкам прапаноўваюць інтэр­актыўную папку, унутры якой – дзясяткі кішэнькаў з заданнямі: назваць сапраўднае імя пісьменніка і месца яго нараджэння, адзначыць краіны, у якіх бываў аўтар, прыгадаць беларускія прымаўкі пра хлеб і нават спячы яго. Не паверыце: каб зацікавіць дзятву беларускамоўнай літаратурай, у бібліятэцы дазволілі нават выпякаць боханы! Пакуль, праўда, з салёнага цеста, а там бу­дзе відаць…

З прыбаўленнем!
– А яно ёсць, і даволі някепскае! – запэўніла Вікторыя Бурлачэнка. – Прыхільнікаў беларускай літаратуры стала амаль удвая болей, і гэта, спадзяюся, толькі пачатак. Прыемна бачыць, як дзеці, прыходзячы ў бібліятэку, перш-наперш накіроўваюцца да паліц з кнігамі айчынных аўтараў. Не памятаю ўжо, каб школьны раман «Мая мілая ведзьма» Гапеева, «Прыгоды Бульбобаў» Місько ці аповесць «Вася Лайдачкін у краіне Шкодных Звычак» Аўласенкі былі не на руках.
Армія прыхільнікаў беларускай кнігі павялічылася ў першую чаргу дзякуючы дашкалятам і вучням малодшых класаў. З падлеткамі куды больш складана…

– Тры гады таму, калі мы толькі запускалі праект, знаёмілі з беларускай літаратурай як самых маленькіх чытачоў, так і вучняў 6–7-х класаў. З бібліятэкарскага пункту гледжання, гэта самы складаны ўзрост. Але мы зрабілі немагчымае і заахвоцілі падлеткаў Мележам, Аўласенкам, Місько, Чарняўскім, Лыньковым. Цяпер тыя колішнія шасціклашкі – вучні 9-га класа. А гэта тэсціраванні, падрыхтоўка да ўступных экзаменаў. Разумею: на кнігі зусім няма часу. Аднак гэта не значыць, што праект праваліўся: хай праз год, пяць – дзеці, якія чыталі Караткевіча і Быкава, абавязкова вернуцца да іх.

Праект дапамог рэкламаваць беларускую кнігу, аднак спыняцца на дасягнутым Мар’інагорская гарадская бібліятэка не збіраецца. Тут упэўнены: час папулярызаваць айчынную літаратуру на сусветнай інтэрнэт-прасторы.

– У сацыяльных сетках плануем стварыць групу прыхільнікаў беларускай кнігі. У адміністратары запросім самую аўтарытэтную моладзь нашага горада: спарт­сменаў, алімпіяднікаў, актывістаў, творчых людзей. Іх разважанні, думкі наконт прачытаных твораў будуць добрай рэкламай беларускай літаратуры, – не сумняваецца Вікторыя Бурлачэнка.

Галіна НАРКЕВІЧ, фото Паўла АРЛОУСКАГА

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий