Любань – любоў, любіць…Для мясцовых жыхароў падабенства гэтых слоў відавочна: яны аднакаранёвыя

І любанцы сэрцам адданыя гэтаму маляўнічаму кутку Палесся, што апелі ў сваіх творах Янка Купала, Алена Васілевіч, Іван Муравейка. Любаншчына – малая радзіма вядомых паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў. Нямала тут засталося і ўнікальных помнікаў архітэктуры, гісторыі і культуры.

Маўклівыя сведкі мінуўшчыны

Гісторыя Любані як населенага пункта пачынаецца ў XVI стагоддзі. У 1566-м горад упершыню згадваецца ў летапісах. Але яшчэ ў эпоху неаліту і ранняга бронзавага веку тут жылі людзі. У Любанскім раёне знаходзяцца 3 старажытныя гарадзішчы і 8 курганных магільнікаў, якія даследавалі археолагі.

А ў полі паміж вёскамі Ператок і Дубнікі ёсць адна славутасць, пабачыць якую едуць людзі з розных куточкаў Беларусі: культавы камень з адтулінамі. Валун амаль поўнасцю ўрос у зямлю. У народзе яго называюць Святым, ці Божым каменем. Людзі вераць, што ён можа лячыць ад розных хвароб і дапамагаць у жыцці. Паломнікі пакідаюць у шчылінах запіскі с просьбамі. Некалькі год таму ледніковы валун аб’явілі гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь і ўзялі пад ахову дзяржавы.

Яшчэ адно цікавае месца на Любаншчыне прываблівае турыстаў – святая крыніца. Знаходзіцца ў лесе побач з вёскай Даросіна. Лічыцца, што ёй каля тысячы год. Па легендзе, маладаму пастуху, які прылёг адпачыць пасля працы, прыснілася Божая Маці. Яна падказала хлопцу, дзе б’е гаючая крыніца. Пазней там пабудавалі калодзеж, а побач усталявалі 12 драўляных крыжоў. Вось ужо шмат вякоў гэтае месца лічыцца святым, да крыніцы на вялікія святы прыходзяць вернікі, набіраюць ваду.

Шкло з Урэчча і музей народнай славы

У 1737 годзе, калі Любань знаходзілася ва ўладанні князёў Радзівілаў, у паселішчы Урэчча была заснавана шкляная мануфактура. Свой досвед па вытворчасці вырабаў са шкла мясцовым жыхарам перадавалі майстры з Саксоніі. На ўрэцкай мануфактуры стваралі посуд, люстэркі, аконнае шкло, свяцільнікі і нават кафлю. З цягам часу майстэрства любанскіх умельцаў дасягнула такога высокага ўзроўню, што посуд з Урэчча стаў лічыцца сапраўдным творам мастацтва.

У ХІХ стагоддзі ўрэцкая мануфактура спыніла сваю дзейнасць. Тагачасныя шкляныя шэдэўры з адмысловымі ўзорамі можна ўбачыць у Любанскім музеі народнай славы. Акрамя гэтага, у экспазіцыі музея ёсць унікальныя нумізматычныя калекцыі, вялікая колькасць экспанатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны і яшчэ шмат чаго цікавага.

Знакамітыя людзі любанскага краю

Любанская зямля нарадзіла нямала творчых людзей – пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, навукоўцаў, грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў. Сярод самых вядомых любанцаў значыцца беларуска-польскі паэт, краязнаўца, гісторык літаратуры і перакладчык Уладзіслаў Сыракомля. Нарадзіўся ён у фальварку Смольгаў, што за 15 кіламетраў ад райцэнтра. У мясцовай вясковай школе ёсць музей, прысвечаны дзейнасці вядомага земляка.

Яшчэ адзін пясняр Любаншчыны – паэт Іван Муравейка – добра вядомы дзіцячай аўдыторыі. Ён з’яўляецца ганаровым членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэатам першай прэміі імя Васіля Віткі, уладальнікам медаля Францыска Скарыны.

Добра вядомы на Любаншчыне і за яе межамі фалькларыст, этна-харэограф Сяргей Выскварка. Збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры, мастацкі кіраўнік фальклорнага танцавальнага калектыву «Верабейкі», Сяргей Выскварка зрабіў важкі ўнёсак у захаванне айчыннай культуры. За час сваёй дзейнасці ён запісаў каля сотні танцаў, якія былі калісьці папулярнымі на Любаншчыне. І сёння фалькларыст працягвае займацца даследаваннем роднага краю.

Музей пад адкрытым небам

На беразе ракі Арэсы знайшлося месца для адной з галоўных славутасцей Любані – гарадскога парку культуры і адпачынку. Некалькі гадоў таму тут адбылося маштабнае абнаўленне: зрабілі новыя дарожкі, усталявалі прыгожыя лаўкі, пабудавалі фантан. У парку культуры і адпачынку звычайна праводзяцца розныя святы. Прычым не толькі гарадскога ўзроўню. Напрыклад, у 2017 годзе тут прымалі музычны фестываль «Палесскія сустрэчы», а ў 2018-м – ХVІІ абласное свята-конкурс майстроў драўлянай манументальнай скульптуры «Сонечная цеплыня дрэва». Падчас творчага пленэру ў Любані быў створаны сапраўдны музей драўляных скульптур пад адкрытым небам. 12 цікавых работ ад найлепшых майстроў краіны ўпрыгожылі набярэжную Арэсы. Кожная драўляная скульптура – фантазія майстроў на тэму творчасці любанскага паэта Івана Муравейкі. У большасці гэта казачныя персанажы з адметным, любанскім каларытам. Напрыклад, гомельскі майстар Валерый Казлоўскі звычайную дубовую калоду ператварыў у прыгажуню Любаву, сімвал Любані. А Аляксандр Жураўлевіч, які сам нара-
дзіўся на Любаншчыне, увогуле стварыў цэлую кампазіцыю: хлопец і дзяўчына ў парку шукаюць папараць-кветку.

– Мяне натхніў гэты матыў з творчасці Івана Муравейкі. Яшчэ да пачатку работы я бачыў і разумеў, як будзе выглядаць мая кампазіцыя, уяўляў яе ў прасторы парку, – расказаў Аляксандр Жураўлевіч. – Мне прыемна, што гэтыя работы прысвечаны маёй малой радзіме. Я ганаруся тым, што магу зрабіць сваю родную зямлю яшчэ прыгажэйшай.

Былая сінагога

Напрыканцы XIX – да пачатку XX стагоддзя Любань была яўрэйскім гарадком. Іўдзеі складалі каля 90% ад усяго насельніцтва горада. У канцы XIX стагоддзя тут пабудавалі першую драўляную сінагогу, пасля другую. У Любані амаль 16 год служыў сусветна вядомы равін Мошэ Файнштэйн.

На жаль, час не пашкадаваў адну з сінагог: 10 год таму аварыйны будынак прыйшлося знесці. Затое другая сінагога захавалася, цяпер там размешчана Любанская дзіцячая школа народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Як згадвае дырэктар школы Любоў Шэравокая, пры рамонце стараліся дзейнічаць вельмі акуратна, каб не пашкодзіць будынак. У выніку ўдалося не толькі зберагчы яго адмысловы выгляд, але і дадаць сучаснай прыгажосці.

На сцяне былой сінагогі ўсталявана мемарыяльная дошка Мошэ Файнштэйну.

Гераічны востраў Зыслаў

Любаншчына ў гады Вялікай Айчыннай была цэнтрам партызанскага руху Мінскай вобласці. Тут размяшчаліся партызанскія штабы, друкаваліся падпольныя газеты і лістоўкі. А ўлетку 1942 года на востраве Зыслаў сярод непраходных балотаў партызаны з дапамогай мясцовых жыхароў нават пабудавалі невялікі аэрадром, што дзейнічаў да самага вызвалення раёна. Амаль за 2 тыдні народныя мсціўцы расчысцілі вялікі ўчастак лесу, пабудавалі паўтаракіламетровую ўзлётна-пасадачную паласу і наладзілі сувязь партызанскіх атрадаў з Вялікай зямлёй. Самалётамі на Зыслаў дастаўляліся боепрыпасы, зброя, правізія; з партызанскай зоны ў тыл вывозілі раненых. Нягледзячы на ўсе намаганні, фашыстам так і не ўдалося знайсці партызанскі аэрадром: яго маскіравалі пад лес з дапамогай маладых елак.

У памяць аб гераічнай барацьбе любанскага народа на востраве адкрылі ў 1969 годзе мемарыяльны комплекс. Побач знаходзіцца брацкая магіла. У ёй пахаваны амаль 300 чалавек, загінуўшых за свабоду любанскага краю.

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий