Маладзечаншчына: тут тварыў Купала і пісаў свой бюлетэнь Напалеон

Кажуць, у кожнага раёна свой твар. Напэўна, без велічнага Палаца культуры, будынка амфітэатра, уласнага “Брадвея”, музычнага каледжа, Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі Маладзечаншчына таксама была б іншай.

Велічная стэла з бронзавай выявай Божай Маці сустракае гасцей з боку сталіцы. 15-метровая кампазіцыя “Пакроў Прасвятой Багародзіцы” — напамін аб рэспубліканскім свяце “Дажынкі”, напярэдадні якога ў архітэктурны партрэт горада ўпісаліся спартыўна-забаўляльны цэнтр, абноўлены гарадскі парк, а таксама скульптурная кампазіцыя “Вястун”. “Інтэрнэтам  мінулых год” называюць яе гараджане, і  перачытваюць грамату з тэкстам прысяжнага ліста князя Дзмітрыя Карыбута да вялікага князя Ягайлы. Менавіта ў гэтым дакуменце ўпершыню ўпамінаецца Маладзечна: “…а дана грамота в середу декабря 16 день о то ся коньчыла в лето Божье 1388″.

Зямля Заслаўскіх і Агінскіх

Першыя згадкі пра горад датуюцца канцом  XIV стагоддзя. У розны час ім валодалі князі Заслаўскія, Мсціслаўскія, Кішкі, Сапегі. У  XVIII стагоддзі Маладзечна перайшло ва ўладанне роду Агінскіх. Цесна звязана гісторыя рэгіёна і з імёнамі Максіма Багдановіча, Тамаша Зана, братоў Бенядыкта і Уладзіслава Дыбоўскіх, Ігната Буйніцкага, Міколы Ермаловіча.

На Маладзечаншчыне 286 помнікаў архітэктуры, археалогіі, гісторыі і культуры. 14 з іх уключаны ў сем турыстычных маршрутаў раёна.

Шматлікім гасцям маладзечанцы з задавальненнем пакажуць будынак настаўнiцкай семiнарыі, якая была адкрыта згодна з загадам вiленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва ў 1864 годзе, помнік экіпажу самалёта Мікалая Гастэлы, Купалаўскі мемарыяльны заказнік “Вязынка”, гарадзішча на правым беразе ракі Уша, дзе нараджаўся ў свой час цяперашні райцэнтр. Праз тагачаснае мястэчка ў 1812 годзе двойчы праходзілі напалеонаўскія войскі: наступаючы на Маскву і адступаючы з яе. Спыніўся імператар у маладзечанскім замку Францішка Ксаверыя Агінскага, непадалёк размясціліся і рэшткі яго Вялікай арміі. Гісторыкі сцвярджаюць, што менавіта там Напалеон задумаў апошні ў ходзе ўсходняй кампаніі бюлетэнь, у якім паспрабаваў вытлумачыць прычыны няўдачы французаў у Расіі.

Паціснуць лапу мядзведзю

Недалёка ад Маладзечна ёсць вёска Маліноўшчына. У сярэдзіне ХVІ стагоддзя яна ўваходзіла ў лебедзеўскія ўладанні князёў Гальшанскіх, затым належала Радзівілам. У 1702 годзе сядзібу набыў Клеменс Свентаржэцкі.

У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя маёнтак славіўся на ўсю Мінскую губерню сваім унікальным паркам з дэкаратыўнай воднай сістэмай: 12 сажалак гарманічна стваралі сапраўдны водны каскад, на які любаваліся гаспадары і госці сядзібы.

Будынак чыгуначнай станцыі (1907 г.), якая ў свой час звязвала беларускія губерні з партамі Балтыйскага мора і Украінай. У пачатку XX стагоддзя праз раён прайшла яшчэ адна ветка — Пецярбургска-Варшаўская, і непрыкметнае раней мястэчка стала чыгуначным вузлом

Свентаржэцкія адрозніваліся вытанчаным густам у афармленні інтэр’ера дома. Завялі сабе мядзведзя, які гуляў па парку і вітаўся з гасцямі за руку.

Да нашых дзён захаваліся практычна ўсе сядзібныя пабудовы маёнтка: бровар, пральня, кухня, хлеў, флігель, дом, які цяпер належыць мясцоваму спіртзаводу. А візітоўкай вёскі лічыцца фамільная пахавальня Свентаржэцкіх — чатырохвугольная піраміда, якая на працягу многіх год захоўвае свой першапачатковы выгляд.

Нераскіданае гняздо і пекла для Купалы

Маладзечна і Маладзечаншчына цесна звязаны з творчасцю Янкі Купалы —  тут знаходзяцца адразу два філіялы Дзяржаўнага літаратурнага музея паэта. У сенакосным ліпені едуць прыхільнікі яго таленту ў Вязынку, дзе звычайна святкуюцца ўгодкі класіка, а ўжо пра яго ўзыходжанне гавораць у Яхімоўшчыне, дзе з восені 1906 года да вясны 1907-га Купала працаваў на бровары памочнікам вінакура і «…зазнаў там такога пекла, якога яшчэ дагэтуль не меў».

І тым не менш менавіта тут нарадзілася большасць твораў, якія пазней увайшлі ў першы зборнік паэта пад назвай «Жалейка»: «А хто там ідзе?», «Чаго вам хочацца, панове?» («Ворагам Беларушчыны»), «Гэта крык, што жыве Беларусь…».

Адным з нешматлікіх, не раскіданых часам гнёздаў Янкі Купалы называюць Яхімоўшчыну гісторыкі. Тут стаіць дом, што больш чым на паўгода даў прытулак паэту. Цудам захаваўся яго пакой з дзвярыма і з клямкай, якая памятае дотык рукі Песняра.

Вяртанне Агінскага

Дыпламат, кампазітар, дзяржаўны дзеяч і мемуарыст Міхал Клеафас Агінскі, якога ўвесь свет ведае перш за ўсё дзякуючы знакамітаму паланэзу “Развітанне з Радзімай”. І на  Маладзечаншчыне  шмат зроблена   для таго, каб вярнуць памяць аб слаўным сыне зямлі нашай. Гэта і помнік ля музычнага каледжа, які носіць яго імя, і мемарыяльная дошка на доме ў Фларэнцыі, дзе жыў, і опера “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт”, пастаўленая да 250-годдзя кампазітара Маладзёжным  музычным тэатрам.

Мастацкім кіраўніком праекта стаў заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, дырыжор сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа Рыгор Сарока, які не так даўно высветліў, што меў Міхал Клеафас дачыненне і да вёскі Аборак. Менавіта тут нарадзіўся і жыў яго сакратар і адзін з найлепшых сяброў  Леанард Ходзька. Дзякуючы  прадстаўнікам арганізацый і прадпрыемстваў раёна закінутую мясціну добраўпарадкавалі, сёння яе з задавальненнем наведваюць і турысты, і госці горада.

Маладзечанскі Шагал — Меер Аксельрод

Вядомы майстар станковай графікі і жывапісу  Меер Аксельрод таксама ўраджэнец  гэтай зямлі. Першая сусветная вайна разлучыла яго з горадам дзяцінства. У 1915 годзе, як і ўсе яўрэйскія сем’і, Аксельроды былі прымусова пераселены ў Тамбоў. У 1918-м, сумуючы па родных мясцінах, ён спрабаваў вярнуцца дадому, але вымушаны быў спыніцца ў Мінску, паколькі Маладзечна было пад Польшчай. Напачатку маляваў плакаты для кінатэатраў, затым служыў чарцёжнікам упраўлення сувязі Чырвонай Арміі.

Большасць персанальных выстаў Аксельрода былі арганізаваны пасля яго смерці —  у Расіі, Амерыцы, Вялікабрытаніі, Германіі, Ізраілі. У абласным краязнаўчым музеі захоўваецца 12 работ Меера Аксельрода. Паступілі яны ў 1963 годзе дзякуючы асабістаму знаёмству мастака з тагачасным дырэктарам установы Генадзем Каханоўскім. У Беларусі творы “беларускага Шагала” ёсць толькі ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Автор фото (иллюстрации): Фота забяспечана аддзелам ідэалагічнай  работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама

Марына СЛІЖ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий