Мядзельскі раён: край легенд і Блакітных азёр

На паўночным захадзе Мінскай вобласці знаходзіцца адзін з самых таямнічых раёнаў – . У замежных гасцей ён найчасцей асацыіруецца з возерам Нарач, якое ў пахмурнае надвор’е нагадвае суровую, але прыгожую Балтыку. Але не толькі беларускім морам знакамітая Мядзельшчына. Дэндрасад і Блакітныя азёры, згубленыя скарбы і адноўленыя помнікі, старажытныя храмы і ўнікальная кальварыя… «МП» склала спіс таго, што абавязкова трэба пабачыць і зрабіць кожнаму, хто завітае ў Мядзел.

Прагуляцца ўздоўж Нарачы – блакітнага люстэрка Беларусі
Вы моцна памыляецеся, калі лічыце, што ехаць на Нарач трэба выключна ў цёплую пару года. Паверце, зімовы адпачынак не саступае летняму. Нягледзячы на маразы, возера доўга не замярзае, таму тут можна ўбачыць і метровыя хвалі, і нават крыгаход. Чым не Балтыйскае мора? Але двойчы падумайце, перш чым планаваць шпацыр уздоўж возера, бо берагавая лінія Нарачы расцягнулася на 41 кіламетр, а плошча вадаёма складае амаль 80 квадратных кіламетраў.

Нават у яснае надвор’е процілеглы бераг губляецца ў туманнай смузе.
Дадайце да гэтага некалькі звязаных з Нараччу легенд – і адразу стане зразумела, чаму менавіта гэтыя мясціны на працягу дзесяцігоддзяў лічацца аднымі з самых папулярных сярод беларусаў і замежных гасцей. Дарэчы, адна з легенд распавядае пра паходжанне возера. Некалі на гэтай зямлі жыў ляснік з прыгажуняй-дачкой Нарай, якая кахала адважнага і дужага юнака. Але мясцовы князь задумаў жаніцца і загадаў слугам схапіць дзяўчыну. Юнак схаваў Нару і адвёў пагоню за сабой, але так і не вярнуўся. Даведаўшыся, што ён загінуў, дзяўчына ў роспачы разбіла падоранае ім люстэрка. Дзе ўпалі асколкі, там зазіхацелі названая ў гонар дзяўчыны Нарач і іншыя азёры, а сама Нара ператварылася ў чайку, якая дагэтуль лунае над вадою і кліча любага. Навукоўцы скажуць, што ніякай легенды тут няма, а назва возера паходзіць ад балцкай асновы, тым не менш на тэрыторыі раёна азёр ажно 52, шмат з іх – каля Нарачы.

У беларускае мора нясуць свае воды 16 ручаёў, а вось выцякае ўсяго адна рака. Як эталонны ма­дэльны вадаём возера ўключана ў Міжнародную праграму вывучэння і экалагічнага кантролю «Чалавек і біясфера» пад эгідай ЮНЕСКА. У 1946 годзе па ініцыятыве вядомага савецкага заолага прафесара Льва Зянкевіча тут была пабудавана біялагічная станцыя БДУ. Яе супрацоўнікі даследуюць экалагічную сістэму Нарачанскіх азёр.

Адпачыць у адзіным курортным пасёлку
Першая хваля асваення ўзбярэжнай зоны возера Нарач пачалася яшчэ ў 20–30-я гады мінулага стагоддзя, калі багатыя польскія прадпрымальнікі вырашылі зрабіць з чатырох невялікіх рыбацкіх вёсак буйны курортны пасёлак з прычалам для яхтаў, віламі і элітнымі пансіянатамі. Паколькі возера лічылася самым буйным у даваеннай Польшчы, нарачанскі курорт хутка стаў папулярным сярод жыхароў не толькі Віленскага ваяводства, але і іншых раёнаў краіны. Коль­касць турыстаў павялічылася ў 1937 годзе, калі сюды праклалі вузкакалейную чыгунку.

На жаль, у Вялікую Айчынную вайну мястэчка было разбурана і спалена, не захаваўся ні адзін турыстычны аб’ект. Другое жыццё гэтая тэрыторыя набыла 26 верасня 1964 года, калі на карце раёна з’явілася мястэчка Нарач – цэнтр самага вялікага ў краіне курорта. Сёння там пражывае больш за тры тысячы чалавек. Вакол возера пабудавана 10 санаторыяў і 11 баз адпачынку. Штогод курорт прымае не менш за 100 тысяч чалавек.

Наведаць дэндрасад і самы вялікі музей лесу
Мядзел адзіны райцэнтр у Беларусі, які знаходзіцца на тэрыторыі нацыянальнага заказніка. Не дзіўна, што ўсяго за некалькі кіламетраў ад горада – паміж азёрамі Нарач і Мястра – размясціўся дэндралагічны сад.

Тэрыторыя саду – а гэта амаль 16 гектараў – падзелена на чатыры батаніка-геаграфічныя зоны, якія тут прынята называць мацерыкамі. На кожнай пляцоўцы высаджаны расліны, характэрныя для флоры пэўнага рэгіёна планеты. У цёплую пару года тут можна ўбачыць звыш 400 відаў экзатычных дрэў, а зёлак ды кветак – больш за тысячу.
На тэрыторыі дэндралагічнага саду размешчаны і самы вялікі ў краіне музей лесу.

Раскрыць таямніцу Блакітных азёр
Ізраіль знакаміты Мёртвым морам, а Мядзельшчына – Мёртвым возерам. Знаходзіцца самы загадкавы водны аб’ект краіны ў прыродным комплексе «Блакітныя азёры» Нацыянальнага парку «Нарачанскі». Нашы продкі былі ўпэўнены, што рыба ў возеры не водзіцца, а трава на беразе не расце, бо тут жывуць вадзянікі, русалкі і лесуны. У сучасных навукоўцаў іншая думка: жывым арганізмам не дае развівацца серавадарод, які спецыялісты выявілі на дне возера.

У прыродным комплексе знаходзяцца дзясяткі ўнікальных вадаёмаў, і ў кожнага з іх свая гісторыя. Напрыклад, у сонечнае надвор’е зялёнае адценне набывае возера Глубля. Біёлагі спрабавалі выявіць у вадзе нейкі мікраарганізм, але так нічога і не знайшлі. А ў возеры Балдук жыве рыба сняток, вядомая з часоў ледавіковага перыяду. Улетку яна хаваецца ў глыбокіх ямах, а ў лістападзе, калі вада ў возеры робіцца халоднай, падымаецца ў верхнія пласты на нераст.

Памаліцца абразу Будслаўскай Божай Маці
Паводле гістарычных дакументаў, першым уладальнікам абраза Будслаўскай Божай Маці быў мінскі ваявода Ян Пац. Прыняўшы каталіцтва, ён у 1598 годзе ажыццявіў паломніцтва ў Рым і атрымаў яго з рук Папы Рымскага Клімента VIII. На працягу доўгіх год абраз быў хатнім і не выстаўляўся на ўсеагульны агляд. Калі Ян Пац памёр, абраз перайшоў да прыдворнага святара, які прывёз яго спачатку ў Даўгінава, а пазней у Будслаў.

Гісторыя гэтага мястэчка пачынаецца ў 1504 годзе, калі кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр Ягелончык зрабіў тэрыторыю сучаснага Будслава плантацыяй віленскіх манахаў-бернардзінцаў. Праз 80 год, калі верыць легендзе, адзін з бернардзінцаў заблудзіў у лесе, але раптам з’явілася Панна Марыя і паказала дарогу. Калі той расказаў сваю гісторыю ігумену, быў устаноўлены трохдзённы пост, пасля чаго гісторыя паўтарылася.

Паступова папулярнасць гэтага месца стала ўзрастаць, і ў 1592 годзе ў Будславе быў пабудаваны першы драўляны храм, а ў ­1633-м – цагляны. У другой палове XVIII стагоддзя касцёл перабудавалі, ён стаў часткай новага будынка.

Асаблівасць касцёла ў Будславе – фрэскі-ілюзіі. Калі глядзець на іх здалёк, здаецца, што ў сярэ­дзіне памяшкання знаходзяцца калоны, але калі прыгледзецца, стане зразумела, што яны намаляваныя.

Пабываць у кальварыі
Мядзельская кальварыя, пабудаваная ў 1772 годзе згодна з загадам уладальніка горада Антонія Кошчыца, уваходзіць у дзясятку самых вядомых у Еўропе.

Паводле адной з версій, страціўшы надзею мець сына, Антоній прывёз з Рыма ў Мядзел мошчы святога Юстына, каля якіх яго жонка малілася днямі і начамі. Калі Бог усё ж такі паслаў ім дзіця, шчаслівыя бацькі назвалі яго ў гонар святога. Але ў хуткім часе жонка Антонія памерла, і хлопчыку нанялі няню. Тая не даглядзела Юстына, і ён, паслізнуўшыся на камені, скаціўся з крутога абрыву і патануў.

Няўцешны бацька загадаў замураваць няню ў слупе тварам да возера, каб яна ўвесь час глядзела на тое месца, дзе загінуў хлопчык. У тую ж ноч Антонію з’явілася Панна Марыя і загадала пабудаваць храм і кальварыю. Складалася яна з 8 арак і 21 драўлянай капліцы на мураваным падмурку з абразамі. Але ў савецкі перыяд большая частка збудаванняў была разабрана.

Да 250-годдзя кальварыі яе аднавілі. Гэта комплекс працягласцю 2 км з 14 прыпынкамі, які сімвалізуе шлях на Галгофу, пройдзены Хрыстом. Апошні прыпынак размешчаны на высокім узгорку, з якога адкрываецца адзін з самых маляўнічых відаў на тры возеры і наваколле райцэнтра.

Пабачыць першы ў краіне помнік Максіму Танку
Помнік народнаму паэту ў Мя­дзеле быў адкрыты 5 снежня 2014 года. Аўтары кампазіцыі – скульптары Іван Міско і Аляксандр Фінскі, архітэктар – Армен Сардараў. Бронзавая фігура Максіма Танка стаіць на гранітным пастаменце каля плошчы Шаранговіча і вуліцы 17 Верасня, што сімвалічна. Дата, у гонар якой названа вуліца, з’яўляецца не толькі днём уз’яднання Беларусі, але і днём нараджэння паэта.

Юлія ГАЎРЫЛЕНКА

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий