Саламяныя шэдэўры Марыі Русаковіч

Захавальніца майстэрства вырабу так званых рухаўскіх дываноў Марыя Русаковіч стала народным майстрам Рэспублікі Беларусь. Жыхарка вёскі Рухава Старадарожскага раёна зберагла адмысловую творчую тэхніку і па сённяшні дзень працягвае вырабляць дываны, якія ўжо сталі брэндам яе малой радзімы.

І творчасць, і дадатковы заробак
У вёсцы Рухава, напэўна, няма такой хаты, якую б не ўпрыгожваў саламяны дыван. Пано, выкананыя ў тэхніцы аплікацыі, – мясцовая каштоўнасць, да якой кожны жыхар ставіцца з пашанай. Вырабляць іх у Рухаве пачалі прыкладна 55 год таму. На пачатку 60-х Кацярына Русаковіч і Надзея Пілюк стварылі першыя работы з саломкі, пасля незвычайную тэхніку пераняла хросніца Надзеі Пілюк Марыя Русаковіч. Яна і стала галоўнай майстрыхай па вырабу знакамітых рухаўскіх дываноў.

– Падабаліся яны мне, незвычайныя, яркія. Але ў маладой дзеўкі адны жаніхі ў галаве, на дываны ні часу, ні цярплівасці не хапала, – смяецца Марыя Міхайлаўна. – А вось як замуж выйшла ды дзетак нарадзіла, то ўжо стала ў хроснай маці вучыцца, а потым і сама ўзялася за выраб дываноў.

Спачатку для Марыі Міхайлаўны гэта было проста цікавым адпачынкам пасля цяжкага працоўнага дня.

Замест клею выкарыстоўвала муку, разведзеную вадой, а фарбу разбаўляла сокам ад кіслай капусты.

– Фарбаваная такім чынам саломка потым доўга яшчэ аддавала капуснікам, – успамінае майстрыха.

З цягам часу выраб дываноў для жанчыны перастаў быць хобі. Адметная дэталь інтэр’ера зацікавіла аднавяскоўцаў, свае дываны Марыя Русаковіч стала дарыць на святы, імі разлічвалася за дапамогу па гаспадарцы.

Саламяныя пано з Рухава куплялі не толькі мясцовыя, але і жыхары іншых раёнаў.

– Творчасць стала добрым дадатковым заробкам: адзін чатырохметровы дыван каштаваў прыкладна 25 рублёў. Частка грошай ішла на матэрыялы, ды і часу на выраб трэба было нямала, – расказвае Марыя Міхайлаўна.

Справа сямейная
Вырабам рухаўскіх дываноў займаліся ўсяго толькі тры майстрыхі. А жадаючых набыць саламяныя шэдэўры хапала. Таму часта Марыі Міхайлаўне даво дзілася працаваць уначы, днём не было часу. На выраб аднаго дывана траціла каля тыдня. На дапамогу заўсёды прыходзілі муж і дзеці. Гаспадар збіваў з дошчачак рамы і нацягваў на іх тканіну. А дзеці дапамагалі нарыхтоўваць салому, фарбаваць яе і прасаваць.

Колісь Марыя Русаковіч вяла ў мясцовай школе гурток па вырабу рухаўскіх дываноў. У яе было з дзясятак вучняў.

Але з цягам часу мода на саламяныя дываны скончылася. І ў сярэ-
дзіне 90-х Марыя Міхайлаўна стала ткаць посцілкі. Унікальная тэхніка стварэння саламяных дываноў магла быць страчана. Але ў 2014 годзе супрацоўнікі Старадарожскага цэнтра рамёстваў адшукалі Марыю Русаковіч – адзінага на той час майстра па рухаўскіх дыванах.

– Прыехалі да мяне цэлым аўтобусам! – прыгадвае Марыя Міхайлаўна. – Я аддала ім свае старыя работы. А потым падумала: мо ўспомніць былое? І зноў села за працу. На гарышчы знайшла фарбаваную салому – яна там праляжала больш за 20 год. Спачатку работа ішла марудна: узрост ужо не той, рукі не слухаюцца, вочы дрэнна бачаць. Але потым справа пайшла.

– Люблю рабіць з саломкі вінаград – дома ў мяне растуць доўгія рады. А яшчэ выразала для дывана свайго каня Ціму, калісьці ён быў першым памочнікам па гаспадарцы, – знаёміць са сваімі работамі Марыя Русаковіч.

Акрамя вырабу саламяных дываноў, Марыя Міхайлаўна займаецца вышыўкай. Яе хата – сапраўдны музей народнай творчасці.

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий