Сем «фішак» XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу

Сёлета яна пабіла ўсе рэкорды і па маштабнасці, і па разнастайнасці мерапрыемстаў, і па колькасці наведвальнікаў. А іх за пяць дзён форуму прыйшло больш за 61 тысячу. Трэба аддаць належнае арганізатарам: слоган выставы «Больш чым кнігі» спраўдзіўся на 100%. Літаратуру чыталі, слухалі, малявалі, друкавалі, каштавалі на смак… Кожны пры жаданні мог нават пераўтварацца ў герояў кніг! Нагадаем, як жа гэта было…

Мара ўсіх музеяў свету
Вядомы беларускі гісторык, калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў прадставіў унікальную калекцыю кніг, дакументаў, паштовак і фатаграфій канца XIX – пачатку XX стагоддзя, прысвечаных Году малой радзімы. Усяго каля 1000 экспанатаў. Як адзначыў сам гісторык, адзін з самых каштоўных – прывілей караля Жыгімонта III Вазы.
– Гэта ўнікальны дакумент. Па-першае, ён захоўваўся ў калекцыі Тышкевічаў, а яна лічылася ўжо страчанай. Па-другое, прывілей напісаны на старабеларускай мове, хаця дакладна вядома, што ўсе каралеўскія прывілеі таго часу пісаліся лацініцай, – тлумачыць Уладзімір Ліхадзедаў. – Любая бібліятэка, любы музей свету хацеў бы мець прывілей ў сваіх фондах.

Аднак пашчасціла менавіта Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Ула­дзімір Ліхадзедаў паабяцаў перадаць ёй частку экспанатаў, у тым ліку і прывілей караля Жыгімонта III Вазы. Наконт астатніх рарытэтаў гісторык пакуль не ўпэўнены: справа ў тым, што яго калекцыю марыць набыць бібліятэка кангрэсу ЗША. І прапаноўвае за вельмі вялікія грошы…
– Калекцыя, якая налічвае больш за 100 тысяч адзінак, унікальная. Такой ні ў кога няма. Збіраю яе 44 гады і прадаваць за акіян не збіраюся. Хачу, каб засталася на Радзіме.

Першы афіцыйны «Буквар»
Чаму афіцыйны? Усё проста: дапаможнікі для навучання грамаце існавалі даўно, называліся яны «Азбука». А вось першая кніга, на вокладцы якой было напісана «Буквар», убачыла свет толькі ў 1618 годзе ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўі. Зараз гэты «Буквар» захоўваецца ў лонданскай бібліятэцы Middle Temple. Наведвальнікам жа Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу ўпершыню прадставілі факсімільнае выданне ўнікальнага дапаможніка.

– Зрабілі яго прыкладна тры гады таму, – адзначае Таццяна Захарава, загадчык сектара музейнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. – Факсімільнае выданне складаецца з трох частак. Першая – гэта дакладная копія арыгінала, прычым мы захавалі фармат, велічыню старонак першакрыніцы, пячаткі. Другая частка – пераклад «Буквара» з царкоўнаславянскай мовы на сучаную. І трэцяя – навуковыя даследаванні па гісторыі напісання дапаможніка.

«Залезці ў скуру» Грэгара Замзы
Гётэ-Інстытут у Беларусі прэзентаваў на кніжным кірмашы праект «Метамарфоза VR: віртуальнае падарожжа ў свет Франца Кафкі». Унікальнасць распрацоўкі ў тым, што з яе дапамогай можна перанесціся на месца Грэгара Замзы, галоўнага героя легендарнай аповесці аўстрыйскага пісьменніка «Пераўтварэнне».
Як патлумачыла каардынатар праектаў інфармацыйна-палітычнага аддзела Гётэ-Інстытута ў Беларусі Вольга Бяжко, галоўная мэта праекта – прывіць падлеткам любоў да літаратуры, у тым ліку нямецкай.
Праект «Метамарфоза VR: віртуальнае падарожжа ў свет Франца Кафкі» створаны камандай Пражскага філіяла Інстытута Гётэ (Чэхія). Асноўным кансультантам выступіў Райнэр Стах, біёграф Франца Кафкі.

За адным сталом з… дзядзькам Антосем
Упершыню ўдзел у кніжым форуме ўзялі не толькі паэты, пісьменнікі, крытыкі і прадстаўнікі выдавецтваў, але і рэстаратары. Так, падчас выставы-кірмашу прыкладна 15 кафэ і рэстаранаў Мінска прапаноўвалі сваім гасцям стравы, апісаныя ў літаратуры. Планавалася, што «настольнымі кнігамі» для павароў стануць «Новая зямля» Коласа і «Дзікае паляванне караля Стаха» Караткевіча. Аднак сталічныя кулінары пайшлі далей і здзіўлялі наведвальнікаў стравамі з твораў сусветнай літаратуры. Усе жадаючыя маглі пакаштаваць не толькі верашчаку з «Новай зямлі» або калдуны з меню караля Стаха, але і грэцкія аладкі Скарлет О’Хара, імператарскую курыцу графа Дракулы, хобітаўскі пірог са свінінай.

На зайздрасць філатэлістам
Падчас выставы міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч і міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Канстанцін Шульган пагасілі шэсць маркіраваных канвертаў, прысвечаных 150-годдзю з дня нараджэння Ядвігіна Ш. і Адама Гурыновіча. Так нарадзіўся новы рарытэт філатэліі.

– Канверты паступілі ў абарачэнне некалькі дзён таму. Тыраж іх невялікі: 20 тысяч асобнікаў кожны. Таму яны ўжо ўяўляюць для нас каштоўнасць, – гаворыць Ганна Казакова, вядучы інжынер выдавецкага цэнтра «Марка «РУП «Белпошта». – А той факт, што гэта менавіта святочнае гашэнне (на канверты з маркамі ставяць штэмпельны адбітак з датай, нанесенай друкарскім спосабам, і, дарэчы, тут стаяць аўтографы двух міністраў), дадае ім каштоўнасці.
Пагашаныя, але неадпраўленыя святочныя маркіраваныя канверты – мара многіх філатэлістаў. А тым больш калі гашэнне прымеркавана да такой падзеі, як Мінская міжнародная выстава-кірмаш.

Вяртанне на зямлю продкаў
Яшчэ адна «фішка» кніжнага форуму – арыгінал «Малой падарожнай кніжыцы» Францішка Скарыны з калекцыі Белгазпрамбанка. На жаль, пагартаць кніжку, якой ужо 497 год, нельга: яна знаходзілася пад таўсценным браніраваным шклом.
Аднак, каб задаволіць самых цікаўных, побач з кніжыцай выставілі інтэрактыўны стэнд, на якім і можна было пагартаць унікальнае выданне.
Дарэчы, доўгі час рарытэт знаходзіўся ў расійскага антыквара. Калекцыянер з Беларусі выкупіў каштоўны экспанат і перапрадаў Белгазпрамбанку. Сума здзелкі невядома.

Якія кнігі карысталіся найбольшым попытам у пакупнікоў?
Уладзімір Ліхадзедаў:

– Кніг на выставе вельмі шмат, але для сябе не змог нічога знайсці. Я цікаўлюся гісторыяй старажытнай Русі, а для гэтага, у тым ліку, трэба ведаць гісторыю сумежных дзяржаў. На жаль, сёлета ні Польшча, ні Украіна, ні Расія цікавых для мяне кніг не прывезлі.
Баглан Мамырбаева, Казахстан:


– Вельмі люблю кнігі пра вайну. Ад наведвальнікаў выставы ўпершыню пачула пра такога выдатнага беларускага пісьменніка, як Васіль Быкаў. Пакуль не знайду хаця б адзін яго твор, дамоў у Казахстан не вярнуся.
Раіса Каўтанюк:

– Набыла некалькі дзіцячых кніжак: «История Земли, рассказанная ею самой», аўтар – Лука Навеллі, «Большая книга о насекомых и не только», «Лесной календарь». Не пашкадавала 42 рублі! Адзіны ўнучак жыве ў Галандыі: дачка туды пераехала адразу пасля вучобы, выйшла замуж. Па-галандску ўнук добра размаўляе, а вось з рускай яго трэба падцягнуць. Купляю яму тут кніжкі: пакуль на рускай мове, але прыйдзе чарга і беларускай літаратуры. Хутка прыедзе да мяне ў госці – будзе яму чароўны падарунак.

Замах на «Гінэса»…
Па колькасці мерапрыемстваў XXVI Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш «пераплюнула» усіх сваіх папярэдніц. Кожны дзень у выставачным комплексе «БелЭкспа» праходзілі прэзентацыі кніг аўтараў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Румыніі. У гасцей форуму была магчымасць сустрэцца з Яўгенам Крыжаноўскім, Яўгеніяй Пастэрнак і Андрэем Жвалеўскім, Іллёй Рэзнікам. Убачыць узнагароджанне пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», даведацца аб выніках рэспубліканскага конкурсу на лепшы кнігагандлёвы аб’ект «Мы робім па-людску?!». Больш за 50 пісьменнікаў з 25 краін сабраў V міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час».

Галіна НАРКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий