Сем самых незвычайных археалагічных знаходак Клеччыны

Самая вялікая калекцыя фібул, рымская манета з выявай імператара II стагоддзя, прылады працы, вырабленыя паўтары  тысячы год таму, – супрацоўнікі музея гісторыі Клеччыны расказалі карэспандэнту «МП» пра сем самых незвычайных археалагічных знаходак.

Самая вялікая калекцыя жалезных і бронзавых фібул
У ХІІ–ХІІІ стст. невялікі Клецк меў самую буйную абароненую ўмацаваннямі плошчу сярод усіх гарадоў Тураўскай зямлі, межы якой распасціраліся ад Дняпра да Заходняга Буга і ад Паўднёвай Валыні да Сярэдняга Панямоння. Клецкія ўмацаванні складаліся з амаль круглага ў плане дзядзінца (плошчай 0,75 га) і сцен вакольнага горада (плошчай 7,7 га). Такім чынам, гэтыя ўмацаванні прыкрывалі амаль увесь тагачасны горад плошчай 8,5 га. Для параўнання: памеры абароненай сценамі часткі старажытнага Слуцка – 1,3 га, Пінска – 6 га, Турава – 2,3 га.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У ХІІ–ХІІІ стагоддзях значную колькасць насельніцтва Клецка складалі прафесійныя воіны-дружыннікі. Прадметы княжацка-дружыннага характару займаюць значнае месца сярод археалагічных знаходак. У іх ліку калекцыя жалезных і бронзавых фібул – засцежак, якімі зашпілялі верхняе адзенне. Фібулы з’явіліся ў кельцкіх плямёнаў, ад іх трапілі да германцаў, балтаў, славян. У Х–ХІІ стст. яны шырока распаўсюдзіліся на рускіх землях. Падковападобнымі фібуламі зашпіляліся плашчы воінаў на грудзях або на правым плячы (правая рука павінна была быць свабоднай, каб у любы момант выхапіць меч).

На тэрыторыі былога вакольнага горада знойдзена 8 фібул (3 жалезныя і 5 бронзавых). Гэта пры тым, што для паўднёвых зямель Старажытнай Русі (на поўдзень ад лініі Мінск – Смаленск) фібулы не характэрныя і клецкая калекцыя на гэтым фоне выглядае адной з самых вялікіх. Адна са знаходак – бронзавая фібула, дужка якой упрыгожана невялікімі шышачкамі, а канцы маюць выгляд абсечаных пірамідак – увогуле не мае аналагаў на тэрыторыі былога СССР. Яна прадстаўлена ў экспазіцыі музея гісторыі Клеччыны.

Рымская манета
У XIX ст. этнограф Павел Шпілеўскі набыў знойдзеную ў Клецку рымскую манету з выявай імператара Антаніна, які кіраваў са 138 па 161 год. На жаль, лёс знаходкі невядомы. Верагодна, яна стала часткай прыватнай калекцыі.

Пласкадонная амфара
Аднак сярэдневяковы Клецк быў не толькі ваенным, але яшчэ рамесным і гандлёвым цэнтрам. Многія тавары траплялі сюды з Паўночнага Прычарнамор’я і Крыма, якія тады належалі Візантыйскай імперыі. Каштоўны аліўкавы алей і дарагое віно прывозілі ў гліняных амфарах – высокіх пасудзінах з канічным тулавам, вузкім рыльцам і доўгімі вертыкальнымі ручкамі. Адна такая амфара, амаль цэлая, была выпадкова знойдзена, калі капалі падмурак у двары на вуліцы Школьнай (тэрыторыя былога вакольнага горада). Яна датуецца ХІІ ст.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У горадзе знойдзены таксама дзясяткі фрагментаў іншых амфар Х–ХІІІ стст. Сярод іх фрагмент пласкадоннай амфары, падобныя дагэтуль былі выяўлены толькі ў Навагрудку. Дзякуючы гэтым знаходкам Клецк стаў дзевятнаццатым горадам Беларусі, дзе быў вядомы такога роду «імпарт». Прычым у ХІ ст. амфары, акрамя Клецка, вядомы толькі ў Полацку, Заслаўі і гарадзішчы на рацэ Менцы.

Драўлянае рала ўзростам ад 1500 да 2000 год
У тарфяніку каля вёскі Капланавічы ў 1968 годзе было адкапана драўлянае рала, узрост якога ад 1500 да 2000 год. У падручнікі па гісторыі і археалогіі яно ўвайшло як самае старажытнае са знойдзеных на Беларусі. Дарэчы, ва ўсёй Усходняй Еўропе
ёсць толькі дзве аналагічныя прылады працы. Адна – у Бранскай вобласці (Расія), другая – у Сумской (Украіна). Рала даўжынёю 2,6 метра зроблена з суцэльнага кавалка дубовага ствала з суком, які ўтварае ральнік-паўзун. Металічнага наральніка, хутчэй за ўсё, не было. Такое рала пры нахіле магло няпоўна пераварочваць пласт зямлі і падразаць карані пустазелля.

Чалавек, які выцягнуў рала на паверхню падчас капання торфу, не надаў яму асаблівага значэння. Толькі дзякуючы старанням клецкіх краязнаўцаў гэты прадмет быў дастаўлены ў школьны музей. Фотаздымкі былі дасланы ў Акадэмію навук БССР. Неўзабаве адтуль прыйшоў адказ: менавіта такімі раламі карысталіся нашы продкі ў эпоху зараджэння ворыўнага земляробства. Нейкі час экспанат захоўваўся ў школе, а потым апынуўся ў Мінску, дзе якраз ішла работа па стварэнню Дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея Беларусі. У фондах музея гісторыі Клеччыны захоўваюцца фотаздымак рала і падзяка ад кіраўніцтва арганізацыйнай групы па стварэнню музея дырэктару школы Анатолю Фінскаму, настаўніку Дарафею Чорнаму і вучню Ігару Рыбакову за захаванне каштоўнага помніка гісторыі.

Абломкі флетаў
Клецк – адзіны беларускі горад, на тэрыторыі якога былі знойдзены абломкі флетаў – высокіх шкляных куфляў для піва. Прычым адразу 11 (!) штук. Мабыць, не выпадкова ў інвентары 1552 года сярод шасці клецкіх рамеснікаў ажно тры півавары.

Адзіны на Беларусі наканечнік мангольскай стралы з нанесеным на ім складаным знакам
У сярэдзіне XIII ст. Клецк апынуўся на шляху татарскіх атрадаў, быў захоплены і спалены. Фактычна горад перастаў існаваць і адрадзіўся толькі праз паўтара стагоддзя. Пра тыя падзеі нагадвае цікавая знаходка – наканечнік мангольскай стралы, між іншым адзіны на Беларусі. Гэта шырокі і доўгі трохвугольны наканечнік з доўгім шылападобным тронкам, які ўстаўляўся ў драўляны стрыжань стралы.

Унікальнай асаблівасцю клецкага наканечніка з’яўляецца надрапаны на ім складаны знак, які нагагвае свастыку з загнутымі ў сярэдзіну канцамі, кожны з якіх завяршаецца адмысловым знакам: двума простымі крыжамі, крыжам з падвоеных ліній і шмаптромневай зоркай. На думку некаторых даследчыкаў, такая сімволіка адлюстроўвае чатыры часткі свету. Зорка сімвалізуе Палярную зорку і поўнач, крыжы – захад і ўсход, а падвойны крыж – поўдзень, галоўную частку свету для манголаў.

Юлія ГАЎРЫЛЕНКА

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий