Сямейнае шчасце трэба ствараць уласнымі рукамі. Са старой тканіны, ільняной кудзелі і простых нітак

Нашы продкі не адзначалі Дзень Святога Валянціна, аднак тэме кахання ўдзялялі не менш увагі, чым сучаснікі. Яны верылі: сямейнае шчасце трэба ствараць уласнымі рукамі.Са старой тканіны, ільняной кудзелі і простых нітак. Як знайсці сваю палавінку? І хто сваё  шчасце за пазухай носіць? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні ведаюць цудадзейныя лялькі-абярэгі.

— Традыцыйная лялька, зробленая ўласнымі рукамі, здольная расказать пра пачуцці куды лепш, чым магазінныя “валянцінкі”: у ёй — цеплыня рук, настрой і індывідуальнасць. А яшчэ беларусы не чакалі адмысловай даты, каб расказаць пра свае пачуцці, — зазначае супрацоўнік Слуцкага гарадскога цэнтра традыцыйнай культуры Таццяна Падліпская.

І паказвае лялек, якіх рабілі нашы продкі, каб расказаць пра свае чаканні, настрой.  А сёння такія ж вырабляюць слуцкія майстры скарбніцы беларускай лялькі «Берагіня»,  якая дзейнічае ў цэнтры. 

Манілка і Куклак

Дзяўчаты, якія яшчэ не знайшлі сваё каханне, рабілі ляльку “Манілку”. Паводле вераванняў нашых продкаў, яна не проста дапамагала адшукаць сваю палавінку, а прываблівала самых лепшых жаніхоў.

—  Манілка — самая першая лялька, “зараджаная” на каханне, якая з’яўлялася ў маладой дзеўкі. Яе рабіла дзяўчына, у якой былі пэўныя цяжкасці з пошукамі жаніха. Ці проста ёй хацелася паведаміць як мага большай колькасці людзей, што яна ўжо дастаткова дарослая і гатова да шлюбу. Маўляў, засылайце сватоў, буду жаніха выбіраць! — расказвае Таццяна Падліпская.

Прывабніцу-Манілку рабілі з самых яркіх і прыгожых матэрыялаў, якія знаходзіліся ў хаце. У лялькі абавязкова былі вялікія грудзі —  сімвал дабрабыту і багацця, якія з’явяцца ў доме з прыходам маладой гаспадыні. Валасы ў Манілкі былі заплецены ў дзве касы — такую прычоску звычайна насілі незамужнія дзяўчаты,  галаўных убораў на ляльцы не было. У руках Манілка трымала мноства рознакаляровых стужак.

— Магчыма, каб быць больш яркай і заўважнай, або каб паказаць, што нявеста са шчодрым пасагам, – смяецца Таццяна Падліпская.

Такую ляльку выстаўлялі на акно, каб яе было відаць здалёк. Зрэшты, існавала і мужчынская версія Манілкі — лялька “Куклак”. Яе рабіла маці для сына, які доўга заставаўся халасцяком.

Неразлучнікі

А для тых, хто ўжо знайшоў сваё каханне і хоча зберагчы яго на доўгія гады, — беларуская лялька “Неразлучнікі”. Гэта сімвал сапраўднага моцнага пачуцця, як кажуць, “аднойчы і на ўсё жыццё”. Лічылася, што Неразлучнікі аберагаюць закаханых ад сурокаў, забіраючы ўсё дрэннае і нядобрае на сябе. Таму такую ляльку часцей за ўсё дарылі на вяселле — каб чужая зайздрасць маладым не пашкодзіла.

Зробленыя з тканіны фігуркі хлопца і дзеўкі мелі на дваіх усяго тры рукі: дзве ўласныя і адну агульную.

— Агульная рука лялькі з’яўляецца сімвалам таго, што адгэтуль пара разам будзе ісці па жыцці, і ўсе справы ў іх становяцца агульнымі. Неразлучнікі — моцны, універсальны абярэг і памочнік, здольны абараніць закаханых ад зла, а таксама завабіць дабрабыт у маладую сям’ю, — тлумачыць Таццяна Падліпская.

Ляльку звычайна рабілі не з новай тканіны, а з той, якая належала шчасліваму чалавеку — добраму гаспадару, руплівай маці ці каханай жонцы. Лічылася, што так праз ляльку перадаецца і станоўчая энергетыка.

Дзеўка-Баба

Калі ў пары сямейнае жыццё ўжо склалася,  добрай дапаможніцай у захаванні шчаслівых адносін паміж мужам і жонкай была Дзеўка-Баба. Гэтая лялька-перавёртыш дапамагае жанчыне быць заўсёды жаданай для свайго мужчыны. У абярэжнай цацкі — дзве іпастасі. Перавернеш ляльку на бок Дзеўкі — папрыгажэеш і станеш яшчэ больш прывабнай для каханага. А ўзнікнуць складанасці ў хатніх справах — тут дапаможа бок Бабы.

— Такой лялькай-перавёртышам дзяўчыны абзаводзіліся яшчэ перад вяселлем. Калі ўлічваць, што большасць маладых жылі разам з бацькамі, лялька “Дзеўка-Баба” дапамагала ўседзець адразу на дзвюх лаўках: і мужу падабацца, і свякруху не гнявіць, —  распавядае Таццяна Падліпская.

Акрамя гэтага, лічылася, што такая лялька дапамагае нават у сямейных сварках. Калі ў мужа і жонкі разлад, трэба перавярнуць з Бабы на Дзеўку — і ўсе спрэчкі сціхнуць.

Багатуха

Клапатлівы муж і ўважлівая жонка — гэта яшчэ не поўная гарантыя шчаслівага сямейнага жыцця. Сімвалам сапраўднага моцнага кахання заўсёды лічыліся дзеці. За тое, каб у хаце звінеў шчаслівы дзіцячы смех, адказвала Багатуха. Гэта вялікая лялька, да пояса якой прышпільваліся маленькія скрутачкі — сімвал багатага патомства.

— Гэтую ляльку да вяселля рабіла маці маладой. А на самім свяце, калі прыходзіў час уручаць падарункі, матуля адрывала ад пояса Багатухі “дзетак” і аддавала маладой пары. Як быццам перадавала жаніху і нявесце сваё благаславенне, часцінку свайго ўдалага сямейнага жыцця. Вялікую ляльку пакідала сабе і захоўвала ўсё жыццё, каб шлюб дачкі быў сапраўды шчаслівым, — тлумачыць Таццяна Падліпская.

Лялька “Багатуха” адказвала яшчэ і за дабрабыт, прыбытак і багацце. Нашы дзяды лічылі: калі ў сям’і заўсёды будзе дастатак, дык і пра каханне хопіць часу падумаць.

Берагіня

Абярэгі на каханне і шчаслівае сямейнае жыццё ствараліся не толькі для моладзі і не толькі да вяселля. Моцным амулетам для чалавека любога полу і ўзросту з’яўляецца лялька “Берагіня”. Бадай, адна з самых галоўных лялек у традыцыйнай беларускай культуры, аберагае сям’ю, дом, гаспадарку ад рознага ліха.

— Берагіня адлюстроўвае ў сабе яднанне двух пачаткаў: аснова — сімвал мужчынскай сілы, а ўпрыгожванне лялькі, адзенне, хустачка — сімвал жаночай сілы. Вось яна, сям’я ў чыстым выглядзе, — тлумачыць майстрыха скарбніцы беларускай лялькі. — У руках Берагіня заўсёды трымае чырвоны вузельчык: каб голаду людзі, якіх яна аберагае, не ведалі.

Раней лічылася, што Берагіня служыць сям’і ўсё жыццё, пакуль не пачне губляць знешні выгляд, не парвецца. Ляльку нават перадавалі ў спадчыну.

— Сёння гэта таксама адна з самых папулярных лялек. З-за шырокага спектра функцый, якія яна выконвае, яе купляюць часцей за ўсё, — расказвае Таццяна Падліпская.

Шчаслівіца

У тым, каб шчасце і каханне ніколі не пакідалі чалавека, дапамагала Шчаслівіца. Гэтая маленькая лялечка заўсёды была побач з гаспадаром: і на полі, і ў гумне, і ў далёкай дарозе. Можа, вось адкуль выраз: “Шчасце за пазухай насіць”?

— Шчаслівіца — не сямейная лялька, а выключна асабістая, яе рабілі для пэўнага чалавека. Была яна маленькая, з мезенчык, каб яе было зручна пакласці ў кішэню. Галоўная адметнасць такой лялькі — доўгая-доўгая каса з кудзелі. Лічылася, чым даўжэйшыя валасы ў Шчаслівіцы, тым большае і шчаслівейшае жыццё чакае яе ўладальніка, — распавядае майстрыха па вырабу лялек.

У Шчаслівіцы заўсёды былі ножкі, што не часта можна сустрэць у абярэжных лялек старажытных беларусаў. Магчыма, ногі былі патрэбны выключна з практычнага пункту гледжання — каб лялька магла стаяць, нягледзячы на даўжэзную касу. Але ёсць меркаванне, што ножкі ў чаравіках Шчаслівіцы патрэбны, каб зручней было пераносіць доўгія падарожжы: лічылася, што лялька выходжвае тысячы вёрстаў у пошуках шчасця свайму гаспадару. 

Кацярына ЕЛІСЕЕВА

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий