Спачатку было слова. Унікальны рукапіс перакладаў Евангелля

Унікальны рукапіс перакладаў Евангелля (усяго чатыры сшыткі) Марыя Міцкевіч хацела прэзентаваць беларускаму чытачу адразу пасля вяртання з Амерыкі, аднак не атрымалася. Дакументы забрала на даследаванне Біблейская камісія Беларускай праваслаўнай царквы. Доўжылася яно ажно 15 год і нядаўна, нарэшце, завяршылася.
Марыя Міхайлаўна не стала марудзіць – звярнулася да Нацыянальнай бібліятэкі, з адной агаворкай: выставіць рарытэтны экспанат трэба ў Дзень роднай мовы.

Унікальны дзень…
– Адным з апошніх лістоў, які Якуб Колас адносіў у Бюро ЦК КПБ, быў «У абарону беларускай мовы», – нагадала Марыя Міцкевіч. – Там ёсць такія словы: «Найлепшым духоўным багаццем народа з’яўляецца яго мова. У мове адлюстроўваліся гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць…». Усё сваё жыццё Якуб Колас быў абаронцам беларускай мовы, ён перажываў, што яна выходзіць з ужытку і яе не чуваць на вуліцах. Тое ж непакоіла і малодшага брата Коласа – Міхася Міцкевіча. Нездарма ён пайшоў па слядах Якуба і таксама стаў настаўнікам, скончыўшы Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. І пераклад Евангелля – гэта яго значны ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускай мовы.

Дарэчы, перакладам Міхась Міцкевіч займаўся, знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад роднай вёсачкі Мікалаеўшчына, што ў Стаўбцоўскім раёне.

– На Міншчыне Міхась пачынаў настаўнічаць, працаваў дырэктарам школы. Аднак так склаліся абставіны, што ён вымушаны быў пакінуць радзіму – спачатку лёс закінуў яго ў Германію, пасля ў Амерыку, – расказала ўнучка Якуба Коласа.

За акіянам Міхась Міцкевіч рэдагаваў газету «Беларусь», выдаваў за свой кошт часопіс «Голас Царквы», быў апекуном Сабора святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне, уваходзіў у праваслаўнае брацтва Жыровіцкай іконы Божай Маці. Там жа ў 1960-я гады пачаў перакладаць Евангелле з царкоўнаславянскай на беларускую мову. Гэтыя пераклады захаваліся таму, што Міхась Міцкевіч перапісваў іх некалькі разоў, удасканальваў.

Працяг будзе…
На жаль, пабачыць арыгінал рукапісу можна было толькі адзін дзень. Але тым, хто не паспеў, хвалявацца няма прычын. З дазволу Марыі Міцкевіч Нацыянальная бібліятэка алічбавала сшыткі, і цяпер кожны наведвальнік установы можа пагартаць іх у электронным варыянце.
– Для нас займець такі экспанат – вялікае шчасце. Рукапіс адметны перш за ўсё тым, што ён аўтарскі, напісаны жывой, зразумелай для ўсіх беларусаў мовай, – адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. – Да таго ж менавіта пераклад Бібліі для многіх краін хрысціянскага свету стаў адпраўной кропкай у развіцці нацыянальнай літаратуры, мовы, пісьменства. Праз пераклад Бібліі на родную мову большасць еўрапейскіх літаратур пачалі свой шлях да жыцця. І гэта –бясспрэчны факт.

Дарэчы, хутка ўбачыць свет і факсімільнае выданне рукапісных перакладаў Евангелля, выкананых Міхасём Міцкевічам. Як па-
тлумачыла Марыя Міхайлаўна, ужо знайшліся партнёры, якія згодны прафінансаваць справу.

– Рукапіс складаецца з чатырох частак: Евангелле ад Матфея, ад Марка, ад Лукі і ад Іаана. Вядома, што ў Амерыцы было выдадзена толькі Евангелле ад Лукі і ад Матфея, цалкам пераклад ніколі не публікаваўся. Мяркую, час ужо давесці справу да канца, – падзялілася планамі Марыя Міцкевіч. – Факсімільныя выданні будуць перададзены ў бібліятэкі і ўстановы адукацыі Беларусі.

А вось арыгінал рукапісу Марыя Міхайлаўна плануе перадаць у музей імя Якуба Коласа:
– Колас вучыў Міхася Міцкевіча, апекаваў яго, рыхтаваў да паступлення ў Нясвіжскую семінарыю. Яны былі не толькі браты, яны былі сябры. Таму, лічу, так будзе правільна.

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий