Справы маленькія, але канкрэтныя

На пытанні «МП» адказвае старшыня абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын», дырэктар Маладзечанскага Палаца культуры Святлана Сарока.

– Напрыканцы мінулага года ў раённых і гарадскіх арганізацыях Беларускага саюза жанчын на Міншчыне прайшлі справаздачна-выбарныя сходы. Што адразу кідаецца ў вочы – з’явілася шмат новых мясцовых лідараў. Святлана Рыгораўна, чым выкліканы такі масавы кадравы ператрус?

– Насамрэч наўрад ці тыя змены, што адбыліся ў нашых структурах, адпавядаюць цалкам азначэнню. Але так, справаздачна-выбарныя канферэнцыі праходзілі па-дзелавому. На іх абмяркоўвалі вынікі дзейнасці арганізацый за два гады. Дэлегаты досыць прынцыпова ацанілі тое, як працавалі праўленні, абралі новы склад, намецілі планы.

Адной з галоўных тэм стала пераабранне кіраўнікоў арганізацый. У нас, як вы ведаеце, шмат актыўных, мэтанакіраваных жанчын з мноствам ідэй і прапаноў, як найлепшым чынам рэалізаваць тыя няпростыя задачы, што стаяць перад грамадскім аб’яднаннем. У кожнага патэнцыянага лідара свае планы і спосабы іх ажыццяўлення. Безумоўна, перамаглі тыя, хто быў больш пераканаўчы і рашучы.

– Відаць, усё ж ёсць і пэўная незадаволенасць тым, як працуюць жаночыя арганізацыі на месцах?

– На рахунку нашых актывістак у рэгіёнах мноства добрых спраў і запатрабаваных ініцыятыў. Дзякуючы ім тысячы жанчын, дзяцей, старых, інвалідаў, шматдзетных сем’яў адчулі клопат і ўвагу. Раённыя і пярвічныя арганізацыі ажыццявілі шмат праектаў: святы, конкурсы, дабрачынныя акцыі і гэтак далей. Яны актыўна падтрымалі агульнарэспубліканскія ініцыятывы. Але шкадую, што падобны імпэт не паўсюдны. І мы вырашылі, што з гэтым трэба нешта рабіць.

– Чым зараз жыве жаночы рух на Міншчыне? На чым засяроджваеце ўвагу?

– Цяпер рыхтуем урачыстую цырымонію абласнога конкурсу «Жанчына года Міншчыны – 2018», якая адбудзецца 5 сакавіка ‘ў Маладзечне. Падводзім вынікі абласнога конкурсу сродкаў масавай інфармацыі – «СЯМ’Я».

«Жанчына года Міншчыны» – вельмі важнае і адказнае для нас мерапрыемства. Будуць уручаны спецыяльныя персанальныя прэміі «Грамадскае прызнанне – 2018» у розных намінацыях, а таксама ўзнагароджана найлепшая раённая (гарадская) арганізацыя нашай вобласці.

Чаму я на гэтым так засяроджваю ўвагу? Бо лічу вельмі важным вывучыць і наглядна прадэманстраваць выдатны вопыт актывістак жаночага руху ў нашай вобласці. І каб яны ведалі, што іхнія намаганні не дарэмныя, а заўважаныя і высока ацэненыя, бо карысныя і патрэбныя.

З таго будзе расці і колькасць пярвічак нашай арганізацыі, я спадзяюся.

– Ці прыслухоўваюцца мясцовыя ўлады да вашых актывістаў? Удаецца вырашаць праблемы, што хвалююць жанчын?

– Вядома ж, хочацца мець большую падтрымку з боку мясцовага кіраўніцтва. Гэта дало б магчымасць пашырыць маштаб нашых дабрачынных спраў. Хоць зараз мы ў неблагім тандэме працуем з выканаўчай і заканадаўчай уладамі ў большасці раёнаў. Плённа супрацоўнічаем таксама з грамадскімі арганізацыямі: аб’яднаннем «Белая Русь», таварыствам Чырвонага Крыжа, Фондам міру, Дзіцячым фондам, прафсаюзнымі і ветэранскімі арганізацыямі, са сродкамі масавай інфармацыі.

– За тыя два гады, якія вы ўзначальваеце абласную арганізацыю Саюза, з’явілася шмат яркіх і маштабных праектаў. Рэгіянальны жаночы рух вельмі заўважна ажывіўся. Можна меркаваць, што ёсць пэўная мэта, да якой вы імкняцеся. Што за яна?

– Ну вось, глядзіце… У найбліжэйшых планах – рэалізаваць шмат праектаў: духоўна-асветніцкі «На пути к Свету», «Папино дело», «Быть матерью», «Молодежный перекресток», «Я – есть». Мяркуем зладзіць фестываль «Семейное дело», абласны конкурс «Лучшее предприятие для работающих мам»…

Мы не імкнёмся вырашаць глабальныя задачы. Нас клапоцяць маленькія, але канкрэтныя справы. Чалавек можа змяніць сябе, стварыўшы наўкола абстаноўку міру і згоды, гармоніі і разумення. Мы дапамагаем гэта зразумець і… ажыццявіць.
– Дзякуй за размову!

Ігар СЯРГЕЕЎ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий