Установы адукацыі Бярэзінскага раёна гасцінна адчынілі дзверы для сваіх гасцей

У мінулую суботу ўстановы адукацыі Бярэзінскага раёна гасцінна адчынілі дзверы для сваіх гасцей — выпускнікоў розных гадоў.

У школах гэты дзень быў асабліва ўрачыстым.  Ужо ў фае ўстаноў гучалі радасныя воклікі і ветлівыя словы былых аднакласнікаў. Шчырыя ўсмешкі і цёплыя абдымкі напаўнялі іх сэрцы радасцю. Адны скончылі школу пяць гадоў таму, іншыя — пяцьдзясят, а хтосьці толькі ў мінулым годзе. Але ўсім аднолькава цікава было прыйсці сюды, сустрэцца са сваімі настаўнікамі і школьнымі сябрамі, узгадаць былыя гады, даведацца, як склалася жыццё аднакласнікаў і сяброў.

Дарагіх гасцей шчыра віталі настаўнікі.  Яны выказвалі словы радасці ад гэтай сустрэчы і расказвалі пра сучасныя школьныя будні, поспехі вучняў і калег .

Затым, па традыцыі,  падчас вясёлага і адначасова кранальнага мерапрыемства ўсіх выпускнікоў выклікалі на сцэну, асабліва віталі юбілейныя выпускі. Прысутныя то ўзрываліся смехам, то, затойваючы дыханне, слухалі, калі былыя вучні ўспаміналі  цікавыя моманты са свайго школьнага жыцця.

Выхад выпускнікоў чаргаваўся з нумарамі мастацкай самадзейнасці, якія падрыхтавалі не толькі сённяшнія вучні, а і госці. Асобным момантам мерапрыемства стала кніга памяці, гартаючы старонкі якой, прысутныя  ўзгадвалі  імёны педагогаў, якіх ужо няма з імі. Колькі цёплых слоў удзячнасці пачулі ў гэты вечар настаўнікі і класныя кіраўнікі ад былых вучняў за атрыманыя веды і мудрыя парады, якія дапамаглі ім у дарослым жыцці!

Аднак традыцыям наканавана не толькі захоўвацца,  але і змяняцца ў лепшы бок. Так сёлетняй  адметнасцю вечараў выпускнікоў стала тое,  што госці спяшаліся не з пустымі рукамі, а з —  падарункамі. Так, былыя вучні СШ№2 г. Беразіно урачыста перадалі калектыву роднай ўстановы багаты спартыўны інвентар  і электраінструмент. Выпускнікі Гарэніцкай школы вырашылі парадаваць школу сучасным гаджэтам і набылі ноўтбук. Не засталіся ўбаку ад карыснай справы  і былыя вучні Брадзецкай СШ. У бліжэйшы час тут будзе ўстаноўлены новы стэнд, набыты былымі выпускнікамі.

-Сёлета ў 13 навучальных установах былі наладжаны вечары выпускнікоў, у якіх прынялі ўдзел 896 былых вучняў, — зазначае намеснік  начальніка ўпраўлення па адукацыі,  спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама Ала Сяргееўна Петруковіч, —   яны падарылі родным установам  падарункі на суму ў 2,5 тысячы рублёў, два чалавекі ўвайшлі ў апякунскі савет. Усе зробленае  не толькі  памножыць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў і ўдыхне нешта новае ў жыццё школ, але і яшчэ больш моцна звяжа выпускнікоў  з установай,  сваім любімым і дарагім куточкам малой радзімы.

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий