Ці то Марс, ці то Каўказ

Нягледзячы на свой юны ўзрост, сталіца шахцёраў можа ганарыцца ўнікальнымі аб’ектамі. А з чым у вас найперш асацыіруецца Салігорск?

Саляныя горы

Напэўна, гэта тэрыконы, якія мясцовыя жыхары называюць солеадваламі, – адходы калійнай вытворчасці відаць за некалькі дзясяткаў кіламетраў пры пад’ездзе да горада. Светла-ружовыя горы адным нагадваюць горны Каўказ, другім здаецца, што трапілі на Марс, – наўкол ні кусціка, ні травінкі. Дарэчы, «салігорскія горы» сталі месцам здымак кліпа «Я здесь» вядомай расійскай рок-групы. Ды і ў фотаальбомах маладажонаў абавязкова знойдзецца вясельны фотаздымак на фоне мясцовай славутасці.

Першы камень

Нейкія 60 год таму на месцы Салігорска стаяла некалькі вёсак: Пакроўка, Вішнёўка, Пясчанка, Кавалёва Лаза.
Як сведчыць гісторыя, закладка першага каменя пад будаўніцтва горада адбылася 10 жніўня 1958 года на мітынгу, які праходзіў у раёне вёскі Чыжэвічы. Помнік у гонар заснавання Салігорска, у цэнтры якога – сімвалічны першы камень, узведзены ў скверы «Маладосць» побач з мясцовым аўтавакзалам. Раней камень знаходзіўся каля ДК «Будаўнік», равесніка самога горада. У 1978 годзе першы камень было вырашана перанесці на цяперашняе месца. Кампазіцыя, якую стварылі да 20-годдзя Салігорска, i сёння выдатна ўпісваецца ў канцэпцыю гарадскога сквера.

І Ленін такі малады…

Цэнтральная плошча – візітная картка любога горада. Менавіта тут праходзяць усе масавыя і самыя важныя мерапрыемствы. Салігорская плошча знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Леніна і Казлова. З аднаго боку яе замыкае будынак райвыканкама, з другога – помнік Леніну. У адрозненне ад большасці падобных манументаў, скульптурны партрэт салігорскага Ільіча прадстаўлены ў форме бюста, без традыцыйных пінжака, кепкі і выцягнутай рукі. Таксама вядома, што гэты помнік – адна з апошніх работ родапачынальніка беларускай афіцыйнай скульптуры Андрэя Бембеля. Менавіта гэты помнік самы «малады» з усіх аналагічных статуй правадыра сусветнага пралетарыяту, якія былі ў свой час устаноўлены на плошчах гарадоў і мястэчак.

У Салігорску Уладзімір Ільіч узышоў на свой гранітны пастамент у 1980 годзе.

Духоўныя святыні

Самая старажытная праваслаўная святыня Салігоршчыны – Свята-Пакроўскі храм у вёсцы Чыжэвічы. Царкву ўзвялі па загаду імператрыцы Кацярыны II намаганнямі прыхаджан у канцы ХVIII стагоддзя. За сваю гісторыю ён перажыў не адзін пажар і шматлікія рамонты. У 1934 годзе царква была закрыта ўладамі і да 1942 года выкарыстоўвалася як збожжасховішча. Толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў храме зноў сталі праводзіцца набажэнствы.

За апошнія дзесяцігоддзі Чыжэвіцкая царква, як называюць яе мясцовыя жыхары, ператварылася ў вялікі храмавы комплекс. У пачатку 90-х на тэрыторыі царквы быў пабудаваны храм у гонар Раства Іаана Хрысціцеля. Упрыгожаннем комплексу стала Богаяўленская капліца, дзе праводзяць абрад хрышчэння дзяцей. На тэрыторыі комплексу працуюць духоўна-адукацыйны і сацыяльна-культурны цэнтр з музеем, дзе прадстаўлена больш за 200 экспанатаў – ад антычнасці да сучасных дзён.

Будынак царквы з’яўляецца ўзорам старажытнага драўлянага дойлідства, храму прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і помніка архітэктуры.

У 2017-м, пасля 23 гадоў будаўніцтва, у Салігорску адкрыўся кафедральны сабор Раства Хрыстова. Дарэчы, гэта адзін з самых вялікіх праваслаўных храмаў у Мінскай вобласці і паўднёвай Беларусі, адначасова ён можа прыняць да чатырох тысяч вернікаў.

Сёння сабор займае плошчу

3,5 тыс. квадратных метраў, на якой знаходзяцца кафедральны сабор Раства Хрыстова, храм Раства Прасвятой Багародзіцы і крыптавы храм Раства чыстага слаўнага Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана. Таксама тут размешчаны нядзельная школа і духоўна-адукацыйны цэнтр.

Чатыры стыхіі Салігорска

Гасцям Салігорска мусім пара­іць знайсці адну-дзве гадзіны, каб прагуляцца па «Парку чатырох стыхій». Там вы знойдзеце шмат цікавых аб’ектаў, каб зрабіць сэлфі на памяць аб Салігорску.
Мясцовы парк адпачынку – праект беларускага архітэктара Аляксандра Сабалеўскага. Ён займае 18,5 га і ўвасабляе чатыры стыхii: паветра, вады, зямлi i агню.

Уваход у парк прадстаўлены ў выглядзе металічнай аркады, упрыгожанай дзікім вінаградам, які некалькі разоў на год мяняе колер лісця. Стыхію агню тут сімвалізуе «Алея шалёсткіх сцягоў», якая змяняецца «Пляцоўкай сонечных зайчыкаў», што ўтвараюцца пры дапамозе люстэркаў і вады.

Стыхія зямлі прадстаўлена шматлікімі зялёнымі насаджэннямі, у тым ліку вісячымі садамі і альпійскімі горкамі.

Унікальны гарадскі фантан, якому няма аналагаў у Беларусі, увасабляе стыхію вады. Адначасова з велізарнай чашы б’юць на 20-метровую вышыню 740 струменяў вады. У вячэрні час кампазіцыю падсвечваюць 80 ліхтароў. Унікальнасць фантана ў тым, што размяшчэнне струменяў і напор вады пастаянна мяняюцца, утвараючы пры гэтым новыя формы.


Завяршае гарадскі парк стыхія паветра, якая прадстаўлена «Алеяй гучальных трубак» i «Ветраком».

Загадкавае дрэва

Адна з самых таямнічых славутасцей Салігорска – велізарнае мазаічнае пано рэлігійнай тэматыкі на сцяне дома №65 па вуліцы Заслонава. Афіцыйная назва кампазіцыі – «Дрэва Жыцця». Пра мазаіку ходзіць мноства легенд: адны ўпэўнены, што ў малюнку зашыфравана таямнічае пасланне для «пасвячоных», другія сцвярджаюць, што пано валодае моцнай астральнай энергетыкай.

Марына ВАЛАХ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий