Еўрапейская брама

Сусветная гісторыя захавала шмат сімвалаў падзелу народаў: Берлінская сцяна ў Германіі, 38-я паралель на Карэйскім паўвостраве. У адзін шэраг з імі можна паставіць і чыгуначны вакзал у Стоўбцах, які на працягу двух дзесяцігоддзяў быў своеасаблівым фасадам Захаду і ў той жа час адлюстроўваў трагедыю беларусаў. У чарговай частцы праекта «Адзін народ – дзве краіны» вы даведаецеся пра цікавыя факты з летапісу міжваенных Стоўбцаў-чыгуначных.

Witamy w Stołpcach!

У выніку Рыжскага мірнага дагавора мястэчка і прылеглыя раёны адышлі да Другой Рэчы Паспалітай. Атрымалася так, што менавіта Стоўбцы сталі першай чыгуначнай станцыяй Заходняй Еўропы. І гэты імідж неабходна было трымаць.

У 1924 годзе чырвоныя партызаны зрабілі вылазку ў Стоўбцы, дзе сутыкнуліся з польскімі паліцыянтамі. У выніку процістаяння былі разбураны вакзал і прылеглыя збудаванні. Вядома, станцыя нармальна функцыянаваць не магла. Ды і магутнасцей былога будынка для мытнага і пагранічнага кантролю катастрафічна не хапала. У маі 1926 года было прынята рашэнне на месцы старога вакзала зрабіць новы – сапраўдную «браму Захаду». Ходзяць чуткі, што гэта была непасрэдная ініцыятыва тагачаснага прэзідэнта Польшчы Юзафа Пілсудскага.

Распрацоўку праекта даручылі польскім інжынерам Людвігу Грынцэвічу і Генрыху Генаву. Спецыялісты зрабілі гэта з фенаменальнай хуткасцю: усяго за тыдзень. А будаўніцтва вакзала (фактычна – пагранічнага пункта) у стылі мадэрн заняло толькі 137 дзён. Для сучасных рэалій, з усімі ўзгадненнямі і нормамі, – фантастычныя лічбы. Дарэчы, першапачатковы выгляд комплексу захаваўся да нашых дзён. Натуральна, калі не ўлічваць бягучы рамонт.

Вам квіток да Парыжа або Варшавы?

Статус першай памежнай станцыі зрабіў са Стоўбцаў сусветную славутасць. Фотаздымкі чыгуначнага вакзала публікаваліся ў замежных газетах і часопісах. Назва горада была на вуснах жыхароў Парыжа, Варшавы, Берліна і іншых гарадоў свету.

Стоўбцы доўгі час з’яўляліся канцавым і прамежкавым пунктам шматлікіх напрамкаў. Існавалі рэйсы Масква – Стоўбцы – Варшава, Масква – Стоўбцы – Парыж. Ад станцыі нават хадзіў міжкантынентальны цягнік Стоўбцы – Манчжурыя.

А ўвесь сакрэт тут, можна сказаць, у рэйках. Справа ў тым, што чыгуначная каляя на савецкай тэрыторыі была шырэйшая за польскую: 1524 міліметры су­праць 1435. Зразумела, адным цягніком па такіх розных шляхах не праедзеш. Рашэнне было знойдзена вельмі простае. Прывядзём прыклад: з Парыжа да Стоўбцаў ехаў цягнік па вузкай чыгунцы, у горадзе пасажыры перасаджваліся на так званы каранцінны цягнік, які вёз іх да першай савецкай станцыі – Негарэлага. І ўжо там людзі спяшаліся ў вагоны, якія ішлі па далейшым маршруце.

Дзякуючы такой сістэме іншы раз здараліся камічныя выпадкі. Так, вядомая расійская пісьменніца Марына Цвятаева, вяртаючыся з Парыжа, папрасіла ў касе квіток да Масквы. Але на яе зварот толькі развялі рукамі: ёсць толькі да Стоўбцаў.

Міністры, літаратары, спартсмены…

Дарэчы, маршрут праз мястэчка з’яўляўся найбольш хуткім з усходу на захад і наадварот. Горад і чыгуначную станцыю наведвалі шмат вядомых асоб. Сярод іх шахматыст Хасэ Рауль Капабланка, яго калега Міхаіл Бацвіннік, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі, зборная Іспаніі па футболу… Ездзіў праз горад і Уладзімір Маякоўскі. З гэтай паездкай звязана цікавая гісторыя. Ці легенда?..

Маякоўскі накіроўваўся на замежную літаратурную канферэнцыю. У Еўропу было вырашана ехаць цягніком – якраз праз Стоўбцы. У мястэчку паэта вельмі ўразіў пагранічны комплекс і не менш – пільнасць польскіх пагранічнікаў, якім з гонарам дэманстраваў свой чырвоны пашпарт. Так што, магчыма, знакаміты верш пра «малаткасты, сярпасты» нарадзіўся менавіта на паўднёвым захадзе сучаснай Міншчыны.

Японкі ў чамаданах і скарб у пледзе

Межы ствараліся дзеля таго, каб прадухіліць перамяшчэнне непажаданых тавараў і асоб. Але гэтыя абмежаванні падабаліся далёка не ўсім. Праведзеная ў 1921 годзе мяжа паміж Польшчай і Савецкай Расіяй спрыяла актывізацыі кантрабанды, якая мела ў асноўным бытавы характар: праз мяжу ішлі прадукты, адзенне, цыгарэты і паліва. Спрабавалі правезці забароненыя рэчы і па чыгунцы.

Вядома, што супрацоўнікам пасольстваў гарантуецца дыпламатычная недатыкальнасць. Дык вось, напрыканцы 1920-х гадоў савецка-польскую мяжу праз Стоўбцы перасякаў японскі дыпламат. У сваіх чамаданах ён вырашыў правезці… дзвюх жанчын! Польскім пагранічнікам хтосьці расказаў пра гэты намер, і тыя сталі думаць, як вывесці пасла на чыстую ваду. Выхад знайшлі арыгінальны: пры надглядзе, нібыта выпадкова, чамаданы пачалі пратыкаць доўгім шылам. Японкі, не сцярпеўшы болю, выдалі сябе. А звычайны грамадзянін Германіі спрабаваў правезці каштоўныя камяні ва ўласным пледзе. Кантрабанду знайшлі хутка, але немец да апошняга адпіраўся і не хацеў, каб яго скарб канфіскавалі. Аднак каштоўнасці ўсё ж давялося аддаць.

«Коммунизм сметет все границы!»

– сцвярджаў дэвіз на арцы першай савецкай станцыі ў Негарэлым. У нейкай ступені ён спраўдзіўся. У «памежным» фармаце жыццё Стоўбцаў і яго чыгуначнай станцыі працягвалася да 1939 года, пакуль 17 верасня на тэрыторыю Польшчы не ўвайшла Чырвоная Армія – заходнія і ўсходнія беларускія землі ўз’ядналіся. Аднак на чыгуначнай станцыі ў Стоўбцах стала дзяжурыць пад­раздзяленне НКУС, супрацоўнікі якога вырашалі, прапускаць таго ці іншага грамадзяніна праз былую мяжу ці не.

Пасля нападу гітлераўскіх войскаў у 1941-м на станцыі прынялі свой апошні бой некалькі дзясяткаў чырвонаармейцаў. 2 ліпеня 1944 года горад вызвалілі. Неабходнасць у такім вялікім чыгуначным комплексе адпала. З той пары Стоўбцы жывуць ціхім і мірным жыццём беларускай правінцыі. Праз горад і зараз хо­дзіць цягнік Масква – Парыж, але, зразумела, ужо не спыняецца.

Аўтар выказвае вялікую па­дзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула Канстанціну НАШЧЫНЦУ, удзельніку «Фэста экскурсаводаў – 2018».

Александр НАВАХРОСТ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий