Праект «Беларусь памятае». Гісторыя франтавога жыцця Уладзіміра Дубовіка

Як сёння памятаю: на дварэ канец 1980-х. Мы з маім дзедам, Уладзімірам Дубовікам, ідзём разам у Мінгарвыканкам, дзе яму павінны ўручыць медаль «За абарону Ленінграда». Мне радасна за дзядулю. Ён усіміхаецца, але заўважаю на яго твары сціплую мужчынскую слязу… Мне спатрэбіўся не адзін год, каб, карыстаючыся момантам, пакрысе даведвацца пра тое, якая доля яму, тады яшчэ падлетку, байцу працоўнага фронту, дасталася ў «паўночнай Пальміры» падчас Вялікай Айчыннай.

У 1939-м юны Валодзя Дубовік з вёскі Старыя Маргі, што на Уз­дзеншчыне, накіраваўся ў горад Леніна, каб атрымаць там адукацыю ў школе фабрычна-заводскага навучання. Юнака ўражвала новая абстаноўка, бліскучыя форменныя гузікі, тайны тэхнікі… Валодзя некаторы час спасцігаў навуку ў лабараторыі кантрольна-вымяральных прыбораў, пасля чаго сам быў здольны раманта­ваць складанае абсталяванне. Аднак давучыцца не дала вайна: дарослыя ішлі на фронт, а да станка станавіліся падлеткі. Так сталася і з Валодзем. Удзень – змена на заводзе, які выпускаў бомбы, фугасы, снарады. А ўвечары – дзяжурства на дахах, тушэнне фашысцкіх запальных бомбаў…

Уладзімір Іосіфавіч Дубовік
(12.02.1926 г. – 15.12.2012 г.)

Нарадзіўся ў вёсцы Старыя Маргі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці, воінскае званне – старшына.
Узнагароджаны медалямі «За абарону Ленінграда», «За перамогу над Японіяй», ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 2-й ступені, рознымі юбілейнымі медалямі і знакамі.
Унесены ў Кнігу гонару Мінскага прыборабудаўнічага завода імя У. І. Леніна (цяпер ААТ «Амкадор-Белвар»).

Было вельмі цяжка: падлеткі стамляліся. А тут яшчэ голад першай блакаднай восені. І невядома, як бы Валодзя перажыў той час, калі б не майстар. «Хлопцы, вось вам мяшок бульбы, кіньце пад тапчан – спатрэбіцца», – сказаў ён перад самай вайной. Бульба, засмажаная на прагорклым машынным масле, ратавала ад галоднай смерці.

Але выпрабаванні толькі пачыналіся. Неяк пры артабст­рэле горада снарад прабіў сцяну інтэрната і праляцеў дакладна паміж ложкам Валодзі і яго суседа па пакоі. Усе засталіся жывыя. Нябесныя сілы нібыта ахоўвалі падлетка…

Паколькі ў Валодзі былі залатыя рукі, яму пашчасціла патрапіць майстрам кантрольна-вымяральнага абсталявання на хлебазавод. Жанчыны-пекары ўпотай падкормлівалі юнака. Але не дай Бог вынесці хоць кавалачак за тэрыторыю – за гэта маглі і расстраляць!
Не заўсёды атрымлівалася паесці ўволю. Вельмі неахвотна, з нейкім сорамам згадваў дзядуля эпізод, калі давялося на суп ла­віць ката. Кожны выжываў як мог…

Прайшоўшы блакаду, Валодзя пазней нібыта баяўся нястачы цукру: у гарбату сыпаў не менш за тры лыжкі. Апаноўваў страх застацца галодным – цяжкі набытак блакады.

Галоўнай Валодзевай удачай стала эвакуацыя з Ленінграда па Дарозе жыцця – ледзяному шляху праз Ладажскае возера.

У невялічкай палутарцы, пад абстрэламі фашысцкіх самалётаў з кавалачкам блакаднага хлеба ў кішэні, ён рухаўся наперад, у Сібір. Там ён пасталеў. Спачатку працаваў на абарончых заводах, а потым, як стукнула 18, вывучыўся на камандзіра кулямётнага разліку. І добра, што па волі лёсу Вало­дзю накіравалі перавучвацца на сувязіста, бо вельмі многія юнакі прызыву 1944 года, такія ж хлопцы, як Валодзя, засталіся ляжаць на палях баёў.

А ў 1945-м Валодзя з паплечнікамі граміў на Далёкім Усходзе Квантунскую армію. Накіроўваў на цэлі нашы самалёты. Давялося таксама ўдзельнічаць у захопах аэрадромаў, нават браць у палон японцаў. Потым да 1952 года служыў на Камчатцы. Апасля вярнуўся ў сваю родную вёску, ажаніўся ды накіраваўся ў Мінск. Там шмат год аддаў прыборабудаўнічаму заводу імя Леніна, дзе яго як майстра вельмі шанавалі (Уладзімір Дубовік нават занесены ў Кнігу гонару прадпрыемства).

На жаль, не давёз ён з Далёкага Усходу сваіх трафеяў – кітайскага шоўку, японскай шаблі, надзейнага маўзера. Але добра, што вярнуўся жывы і здолеў прадоўжыць свой род. Сям’я і жыццё – напэўна, галоўны яго трафей.

Унук Сяргей ДУБОВІК

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий