Камунальны дайджэст. Самыя цікавыя навіны ЖКГ – у нашым аглядзе

Спажыванне электрычнасці ў камунальнай сістэме, узровень энергаёмістасці эканомікі і новы падыход да мадэрнізацыі жылля. Самыя цікавыя навіны ЖКГ – у нашым аглядзе.

Лепш, чым у Канадзе, але горш, чым у Фінляндыі

Пачынаючы з 2010 года пры росце ВУП на 9% спажыванне энергарэсурсаў паступова зніжаецца. За гэты перыяд паказчык зніжэння склаў каля 10%. На фоне іншых краін наша рэспубліка выглядае наступным чынам: на тысячу долараў ВУП траціцца 0,16 тон так званага нафтавага эквіваленту. Гэта лепш, напрыклад, чым у Канадзе, але горш чым у Фінляндыі.

Сярод краін-суседак у Беларусі паказчык энергаёмістасці адзін з самых высокіх. Яго паляпшэнне стала магчымым за кошт мадэрнізацыі прадпрыемстваў прамысловасці і энергетыкі, што дазволіла скараціць удзельная выдаткі на вытворчасць прадукцыі.

Чвэрць энергіі – у ЖКГ

Сёння востра стаіць пытанне аб інтэграцыі БелАЭС у айчынную энергасістэму. Адзін з кірункаў, у якім зараз працуюць спецыялісты, гэта магчымасць павелічэння выкарыстання электрычнасці ў сістэме ЖКГ непасрэдна пры будаўніцтве жылых дамоў. Сёння камунальныя структуры спажываюць каля 23% электраэнергіі, што выпрацоўваецца ў краіне. З уводам у строй атамнай электрастанцыі з’явяцца дадатковыя магутнасці, якія неабходна будзе выкарыстоўваць.

Паводле разлікаў навукоўцаў пры захаванні такіх жа тэмпаў будаўніцтва жылля аб’ём спажытай электрычнасці будзе расці на 0,3 млрд кілават-гадзін у год. Таму спецыялісты сферы энергетыкі выступаюць за ўстанаўленне пакватэрных электраканвектараў і электракацельняў як пры будаўніцтве з нуля, так і пры мадэрнізацыі існуючага жылфонду.

У выпадку з новымі дамамі гэта таксама дасць магчымасць зменшыць кошт квадратнага метра, бо не спатрэбіцца падводзіць да будынкаў цеплавыя і іншыя інжынерныя сеткі.

Цеплаэфектыўнасць жылля – па праграме

Штогод беларусы спажываюць каля 23 млн Гкал цяпла. Дзяржава выдзяляе на гэта каля 745 млн долараў у эквіваленце – сума істотная! На падставе такіх падлікаў Дэпартамент па энергаэфектыўнасці прапаноўвае праграму, якая будзе стымуляваць грамадзян праводзіць цеплавую мадэрнізацыю жылля, у тым ліку на стадыі капітальнага будаўніцтва. Гэта дазволіць значна скараціць цеплавыя страты і павысіць сацыяльны стандарт жыллёвага фонду.

Аптымальным варыянтам для рэалізацыі праграмы на першым этапе стане выдзяленне сродкаў з мясцовага бюджэту і крэдытныя запазычанні. Пазней фінансавая нагрузка будзе перакладзена на насельніцтва. Згодна з разлікамі спецыялістаў дэпартамента, штомесячны плацеж для стандартнай двухпакаёвай кватэры у выпадку цеплавой мадэрнізацыі не перавысіць базавай велічыні (25,5 руб.). Цана будзе фіксаванай, яе ўключаць у жыроўку. Для малазабяспечаных прадугледжаны субсідыі. Плануецца, што перыяд кампенсацыі складзе 10 гадоў.

Праект адпаведнага ўказа падрыхтаваны, дакумент павінны прыняць на працягу гэтага года.

Алесь КРУПСКІ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий