«Мая галоўная кветачка…»

– Уяўляеце, 11 дзяцей нарадзіліся, – чую ў тэлефоннай трубцы ўсхвалявана-радасны голас старшыні абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святланы Сарока. – Рэкорд!

Хто і дзе нарадзіўся? Што за рэкорд? Нічога не разумею…

– У нашым абласным радзільным доме, 8 сакавіка, – цярпліва тлумачыць Святлана Рыгораў на. – Такога, дакладней – такой колькасці дзетак у гэты дзень тут апошнія гады не было… Едзем віншаваць, далучайцеся!

Вунь яно што! Хіба ж тут усе дзіш?..

Актывісткі на чале са Святланай Сарока назвалі свой візіт у абласны раддом акцыяй «Павіншуй маму з малышом». Аднак атмасфера сустрэчы менш за ўсё нагадвала нешта афіцыйнае, фармальнае. Усмешкі, позіркі, слёзы радасці – усё такое трапяткое, загадкавае, шчымлівае. А на руках – маленькі камячок ШЧАСЦЯ…

– Чаму абралі менавіта тых мам, што нарадзілі 8 сакавіка? – крыху са здзіўленнем перапытвае Святлана Сарока. – Гэта ж двайны
цуд – з’явіцца на свет у такі дзень!

Чатыры дзяўчынкі і сем хлопчыкаў – ураджайным выдалася сёлета 8 Сакавіка! Малюсенькія жыхары Заслаўя, Стаўбцоўскага і Мінскага раёнаў пакуль яшчэ не ўсведамляюць свайго шанцавання жыць у сталічнай вобласці. Адны асэнсоўваюць гэты факт моўчкі, мірна пазяхаючы. Некаторыя ж – на ўсю моц свайго голасу.

Лідар абласной арганізацыі жаночага саюза віншуе маладых мамачак. Для кожнай у яе свае, адметныя пажаданні. Адной з іх нешта шэпча на вуха. Хіба разбярэш гэтых жанчын?.. Разам з казачнымі персанажамі Жар-птушкай і Конікам Святлана Сарока ўручае падарункі – так званыя канверты для немаўляці.

Мамы яўна задаволеныя такой увагай. Ахвотна камунікуюць з гасцямі. Але не зводзяць вачэй з самага галоўнага падарунка, які ім прынесла такое светлае першае веснавое свята…

Ігар СЯРГЕЕЎ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий