Нясвіж – жывая гісторыя

У адзін з самых старажытных і багатых на культурную спадчыну гарадоў Міншчыны кожны год едуць тысячы турыстаў. Навошта? Каб прагуляцца па старадаўнім графскім парку, падзівіцца, як сярэднявечны замак адлюстроўваецца ў рацэ Уша, паўдзельнічаць у рыцарскіх турнірах, пачухаць грыву бронзаваму льву і сфатаграфавацца на фоне Слуцкай брамы. А калі пашчасціць – на свае вочы пабачыць унікальныя экспанаты з калекцыі Радзівілаў.

Міфы аб прывідзе і старажытным скарбе

Легендзе пра Чорную панну Нясвіжскага замка больш за 400 год. Звязана яна з рэальнымі гістарычнымі падзеямі. Будучы польскі кароль Жыгімонт Аўгуст пакахаў прыгажуню Барбару Радзівіл, але ім не дазволілі пажаніцца.У хуткім часе жанчына загінула і стала прывідам, які і зараз ходзіць па замку ў чорным жалобным
адзенні. Лічыцца, што з’яўленне Чорнай панны, як яе яшчэ называюць, папярэджвае аб небяспецы. Бачылі яе перад пажарам у 2002 годзе.

Радзівілы валодалі вялікім багаццем, аднак былі сярод нясвіжскіх скарбаў такія, на фоне якіх астатнія каштоўнасці бляклі. Кажуць, што некалі ў замку стаялі велізарныя фігуры апосталаў, адлітыя з золата і срэбра, у вачах – каштоўныя камяні. Ёсць легенда, што схаваны яны глыбока пад зямлёй, у 35-кіламетровым тунэлі, які ў XVIIстагоддзі злучаў два замкі – Нясвіжскі і Мірскі. Паводле іншай версіі, скарб захоўваецца ў падзямеллі пад палацам, аднак яго да гэтага часу не знайшлі.

Што можна пабачыць у Нясвіжы найбліжэйшым часам?

У Нясвіжскім замку, а дакладней у яго падзямеллі, для турыстаў арганізуюць калідор, дзе будуць выстаўлены самыя цікавыя прадметы з крыпты. Праект пазнаёміць гасцей з пахавальнай культурай Радзівілаў – муміфікацыяй, бальзамаваннем і пахаваннем натуральным спосабам.

Помнік заснавальніку горада Мікалаю Хрыстафору Радзівілу Сіротку. Гэта дзякуючы яму ў самім горадзе былі ўзведзены ратуша і гарадскія будынкі, якія захаваліся да нашых дзён. Праект помніка ўжо гатовы, ідзе збор сродкаў на будаўніцтва. Стварэннем скульптуры зоймецца беларускі мастак Леў Гумілеўскі.

У цэнтры горада, у будынку былога малочнага завода, у найбліжэйшыя два гады з’явіцца дзіцячы адукацыйны цэнтр. Там будуць кафэ, пазнавальныя секцыі, гандлёвыя рады. Яшчэ тут адкрыюць новы музей, дзе будуць прадстаўлены некаторыя экспанаты Нясвіжскага музея-запаведніка.

Алея памяці ахвяр, ​​расстраляных у 1941 годзе фашыстамі. У кастрычніку мінулага года астанкі 1067 яўрэяў былі перапахаваны недалёка ад дарогіНясвіж– Баранавічы за некалькі соцень метраў ад месца, дзе яны былі знойдзены.

Першы жаночы каталіцкі храм

Будаўніцтва манастыра сясцёр-бенедыктынак у паўднёвай частцы гістарычнага цэнтра Нясвіжа скончылася ў 1596 годзе. Узводзіўся першы ў Беларусі жаночы каталіцкі манастыр у ансамблі з касцёлам Святога Яўхіма па праекту італьянскага архітэктара Бернардоні.

У 1866 годзе касцёл перабудавалі пад царкву, а праз дзесяць год закрылі і перадалі памяшканне пад казармы расійскага войска. З 1920 па 1945-ы манастыр дзейнічаў зноў, пасля вайны ў ім размясцілася педвучылішча (цяпер – Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа). Каб трапіць у вучэбны гарадок, трэба прайсці праз трохпавярховую старадаўнюю вежу. Калі давядзецца апынуцца побач з ёю, загадайце жаданне. Мясцовыя жыхары вераць, што яно абавязкова спраўдзіцца.

Сярэднявечча ў сучасным горадзе

Прыняць удзел у традыцыйным рыцарскім фэсце, на які ў сярэдзіне лета з’язджаюцца донкіхоты з усёй краіны, можа кожны ахвотны. Паглядзець баі пешага і коннага рыцарскіх турніраў, бітвы «сценка на сценку», турнір лучнікаў, пабываць на старадаўнім кірмашы і на канцэрце фолк-гуртоў, убачыць вогненнае шоу, сярэднявечныя танцы і гульні… У прыгожым замку пад жывую класічную музыку можна правесці цырымонію шлюбу па сярэднявечных традыцыях ці проста пераначаваць у шыкоўных апартаментах.

Тут павінен пабываць кожны вернік

Касцёл Божага Цела. З пункту гледжання архітэктуры гэта першая цалкам барочная пабудова на тэрыторыі Усходняй Еўропы і другая – у свеце. Храм адметны яшчэ і тым, што за 420 год сваёй гісторыі ніколі не быў закрыты. Цяпер касцёл знахо­дзіцца на рэстаўрацыі, паводле канцэпцыі, ён набудзе сваё першапачатковае аблічча (гэта помнік XVIII стагоддзя).

Вароты ў горад

Яшчэ адну пабудову ў стылі барока эпохі Рэчы Паспалітай – Слуцкую браму можна ўбачыць сёння на многіх паштоўках і ў турыстычных буклетах.

У XVI стагоддзі брама з’яўлялася адзінымі варотамі, праз якія можна было праехаць у Нясвіж. Дарэчы, брама некалькі разоў знаходзілася пад пагрозай знікнення, аднойчы была зруйнавана дашчэнту, але потым яе адбудоўвалі зноў і рэстаўравалі.

Бронзавы вартаўнік Нясвіжа

У 2014 годзе каля Слуцкай брамы з’явіўся леў, які трымае ў лапах шчыт з гербам знакамітага роду. Ён спраўна нясе сваю варту і даўно стаў самым папулярным помнікам старажытнага горада. Дарэчы, стваральнікі бронзавай статуі натхніліся малюнкам гербавай пячаткі з выявай ільва, якая захоўвалася ў радзівілаўскай бібліятэцы. Менавіта гэты вобраз на працягу многіх стагоддзяў з’яўляецца сімвалам слаўнай гісторыі Нясвіжа.

Рэдкія экспанаты

Адзіныя ў Беларусі арыгінальныя экспанаты з радзівілаўскай калекцыі зброі і даспехаў – зараз частка пастаяннай экспазіцыі Нясвіжскага замка. Адзін з даспехаў быў набыты на аўкцыёне яшчэ ў 1920-х і да нашых дзён захоўваўся ў прыватнай калекцыі ў ЗША, другі быў перададзены музеем Фіцуільяма, што ў Кембрыджы.

Летась у Нясвіж пасля рэстаўрацыі вярнуліся пояс з кветкавым арнаментам і залатымі палямі Кáраля Станіслава Пане Каханку і шабля Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Апошняя на момант канфіскацыі з радзівілаўскай пахавальні распалася на некалькі кавалкаў, а зараз, пасля рэстаўрацыі, набыла першапачатковы выгляд. Добра захаваліся зробленая з косці ручка ў форме галавы арла з загнутай уніз булавой (адметная рыса шабляў такога тыпу) і абцягнутыя чорнай скурай драўляныя ножны. Абодва экспанаты захоўваюцца ў Нясвіжскім музеі.

Новыя заводы

Прадукцыя Нясвіжскага завода дзіцячага харчавання (гандлёвая марка «Сарафанава») прызначана для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Малако, што паступае з гаспадарак раёна, на мадэрнізаванай фабрыцы ператвараецца ва ўльтрапастэрызаванае. З яго робяць кефір, ёгурты, тваражкі. Большая частка тавараў арыентавана на экспарт у Расію.

Новы завод беларуска-галандскага прадпрыемства ТАА «Фармлэнд» працуе з біялагічнай сыравінай. Штогод ён можа перапрацоўваць да 450 тон плазмы і вырабляць з яе такія неабходныя хворым людзям прэпараты, як альбумін, імунаглабулін і фактары згусання крыві.

Станicлаў ЛАБАТЫ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий