Праэкт «Беларусь памятае». Успаміны дачкі старшыні Вілейскага раённага Савета ветэранаў

Мне было гады чатыры, але я добра памятаю, як бацька збіраўся на выбары: апранаў касцюм, чапляючы на пінжак бліскучыя «медалькі», чысціў ваксай чаравікі. На двары яго чакаў запрэжаны ў вазок конік. Гэты транспарт дзяржава выдзеліла былому партызану і першаму старшыні створанага пасля вайны Талуцкага сельсавета.

Тата зручна ўладкоўваўся на сядзенні і тузаў лейцы. Прыляпіўшыся да шыбы, мы, малеча, колькі часу праводзілі ў чаканні. Пакуль зноў не замільгаціць у вокнах хударлявая постаць бацькі. Зайшоўшы ў хату, ён даставаў з кішэні загорнуты ў газету кулёк падушачак. Злепленыя ў камок ад доўгага ляжання на паліцы сельпоўскай крамы, яны былі незвычайна смачныя, гэтыя першыя цукеркі пасляваеннага дзяцінства.

Партызанскі камандзір Пётр Норка

Маці накрывала святочны стол, гатуючы абед для сям’і. Яна выдатна кухарыла. І маючы рэдкую па тых часах швейную машынку, абшывала сям’ю і суседзяў-вяскоўцаў. Нездарма да сціплай дзяўчыны са шматдзетнай сям’і пасватаўся лепшы ў акрузе жаніх. Тата ў той час ужо быў пры пасадзе. А што інвалід, з адной нагой? Дык хто тады на гэта глядзеў… Калі ў ваколіцах амаль штодня галасілі, атрымаўшы пахавальныя, гаротныя ўдовы. А ў таты да таго яшчэ былі залатыя рукі. Які б ні быў заняты, а новую хату для сям’і паставіў. Памятаю, як мы святкавалі наваселле. Пасярод стала – вялікі бохан свежаспечанага хлеба, чыгунок з бульбай. І мы за ім – чатыры сястрычкі і тата з мамай.

Ад камандавання партызаны атрымалі загад: знішчыць лесапілку ў вёсцы Куранец. Апошнім часам тут вырабляліся шпалы, акупанты іх планавалі выкарыстаць на будаўніцтве новай чыгуначнай лініі. Быў сакавік 1944 года. Ішло масавае наступленне Чырвонай Арміі. Літаральна праз тры месяцы будзе вызвалена Вілейка…

– Ну, хлопцы, ешце, сілы набірайцеся, – жартаваў тата.
А мы і былі яго «хлопцамі». Ра­зам нарыхтоўвалі дровы, вадзілі запрэжаных у плуг коней, калі са­дзілі бульбу. І тата заўсёды ганарыўся сваім «жаночым войскам»…

Бацька расказваў, як нагу сваю «пакінуў на вайне». Ваколіцы Талуці, Ляскоў, Заазер’я, Кузьмічоў былі партызанскай зонай, акупанты тут асцярожнічалі. Паблізу суседняй вёскі Ляскі знаходзіліся штабы партызанскіх брыгад імя Даватара і «За Савецкую Беларусь». Мой бацька, Пётр Норка, быў камандзірам групы атрадаў Фурманава і Свярдлова партызанскай брыгады імя Даватара.

На заданне па знішчэнню лесапілкі ў вёсцы Куранец выехалі групай. У сані, на самае дно, загрузілі тол. Зверху накідалі такія-сякія сялянскія прысмакі. Кошык яек. Глячок мёду. Сала. Версія для нямецкіх пастоў: сяляне едуць у Куранец на кірмаш. Пераадолелі з дзясятак кіламетраў. А ў Кузьмічах трапілі ў засаду. Зразумеўшы, што сілы няроўныя, павярнулі назад. Адстрэльваючыся, гналі сані па прасёлкавай дарозе, пакуль ад кулямётнай чаргі не перакуліўся цераз галаву конь. На яго зваліліся сані. І адначасова закрычаў Пётра.

Хлопцы падхапілі параненага, спынілі сустрэчную сялянскую фурманку і выправіліся на ёй да партызанскай базы. Ад болю ў левай назе тата на хвіліну страціў прытомнасць. Ачуняў, калі рану аглядаў вядомы ва ўсім партызанскім краі доктар Волах. Куля прайшла ад пяты да калена, раздрабіўшы на асколкі косць.

– Пятрок, ты хоць і малады, але мужык. Вытрымаеш. Нагу будзем ампутаваць, – вынес вердыкт доктар.

«Мужык» кульнуў шклянку першака. Тым жа «растворам» хірург працёр скальпель і слясарную пілу. Чатыры дужыя хлопцы-«асістэнты» намертва зафіксавалі параненага ў ляжачым становішчы. Адзін з іх, калі піла ўпілася ў аголеную косць, не вытрымаў, упаў, страціўшы прытомнасць…

Сёлета па традыцыі збяруцца ветэраны на адноўленай партызанскай базе «Ляскі». Будзе шмат моладзі. Прыйдуць дзеці, унукі, праўнукі тых, чыёй крывёю паліта гэтая зямля. Пад пошум старога ельніку загучыць песня, якой падчас сваіх штогадовых сустрэч адкрываюць урачыстасць былыя партызаны. «Ой, туманы мае, растуманы…». Толькі спяваць яе будзе ўжо новае пакаленне патрыётаў роднай зямлі.

Ганна ШЭПЕЛЕВА, дачка, старшыня Вілейскага раённага Савета ветэранаў

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий