Пухаўшчына – маленькая Адэса ў сэрцы Беларусі

У савецкі час на Пухаўшчыне знаходзілася адна з буйных армейскіх груповак. Сёння – брыгада элітнага спецназа. Гэты рэгіён – адзін з самых багатых на духоўныя і матэрыяльныя славутасці ў Мінскай вобласці. Тут нарадзіліся пісьменнікі Алесь Бачыла і Міхась Чарот. Тут захавалі старажытныя помнікі дойлідства і амаль пабудавалі першы беларускі атамаград. А чым яшчэ можа здзівіць Пухаўшчына? Прапаноўваем альтэрнатыўны тур выхаднога дня.

Наведайце цэнтр краіны

Жыхары Пухаўшчыны нездарма кажуць: «Мы жывём у самым сэрцы краіны». І маюць рацыю. Яшчэ ў 90-х айчынныя геадэзісты правялі вялікае навуковае даследаванне, па­значыўшы 18 магчымых геа­графічных цэнтраў Беларусі. У выніку дадатковых захадаў устаноўлена канчатковая кропка, якая знаходзіцца побач з вёскай Антанова (Навасёлкаўскі сельсавет). Там, пасярод поля, на якім штогод сеюць сельскагаспадарчыя культуры, і ўстаноўлены сімвалічны знак і геадэзічны пункт. Лепшы спосаб трапіць у цэнтр краіны і зрабіць арыгінальнае сэлфі – чыгунка. На адлегласці тры кіламетры размешчаны платформа Вендзеж, ад якой вядзе пратаптаная сцежка да вышэйзгаданай кропкі. Але загадзя ўдакладніце прагноз надвор’я: у дождж або адлігу прайсці да знака даволі складана. Аптымальны час – лета.

Перакуліцеся з ног на галаву і адчуйце сябе шляхціцам

«Дукорскі маёнтак» знакаміты сваёй аўтэнтычнай атмасферай, якая перанясе вас у шляхецкую Беларусь. Яго архітэктурная фішка – «дом наадварот». Першы і пакуль адзіны ў краіне.

Праект дукорскага «дома наадварот» унікальны. У пераважнай большасці выпадкаў архітэктары размяшчаюць перавернутую канструкцыю на крыжавіну, створаную асноўным вільчаком і вільчакамі папярочных мансардных выступаў. У дукорскага дома такіх мансард няма.

Зрэшты, асноўная ідэя падобных канструкцый не зусім турыстычная. Упершыню такі аб’ект з’явіўся ў польскім Гданьску і ўвасабляў сучасны свет, дзе ўсё перакулілася з ног на галаву.

Памятайце, што ў «доме наадварот» трэба быць гранічна асцярожным. Для шматлікіх гасцей аказваецца цяжкай задачкай проста заставацца на месцы, не скочваючыся ўніз па ўхіле. А яшчэ непажадана затрымлівацца занадта доўга – галавакружэнне і страта арыентацыі ў прасторы яшчэ некаторы час застаюцца нават пасля выхаду з дома.

І, канешне, трапіўшы ў «Дукорскі маёнтак», абавязкова наведайце майстэрні рамеснікаў, пашпацыруйце між старажытных дамоў і пакаштуйце старадаўнія стравы і напоі.

Акуніцеся ў гісторыю

Пухаўшчына – радзіма этнаграфічных і гістарычных фестываляў «Свята Сонца» і «Наш Грунвальд», якія сталі найбольш рэйтынгавымі падзеямі такога фармату. «Свята Сонца» – рэканструкцыя старажытнага Купалля, праводзіцца ў дзень летняга сонцастаяння. У абрадах свята цесна перапляліся язычніцкія і больш познія хрысціянскія традыцыі. «Свята Сонца» – гэта некалькі разнапланавых мерапрыемстваў у рамках адзінай канцэпцыі.

Пасля завяршэння асноўнай праграмы фестываль перамяшчаецца з музейнага комплексу «Дудуткі» на бераг ракі Пціч, дзе ўдзельнікі запальваюць вялікія купальскія вогнішчы і паўтараюць традыцыйныя абрады: скачуць цераз ачышчальны агонь, таньчаць, водзяць карагоды, варожаць, плятуць вянкі і пуска­юць іх па вадзе.
«Дудуткі» сталі імправізаванай сцэнай і для «Нашага Грунвальда» – сапраўднага мультыфестывалю, які ўключае адразу тры блокі: пляцоўка ваенна-гістарычных клубаў эпохі XII–XVI стагоддзяў, музычны форум і фестываль сярэднявечнага адзення. «Наш Грунвальд» паспеў стаць візітнай карткай Беларусі. Штогод колькасць яго ўдзельнікаў дасягае 500 чалавек, а гледачоў – амаль 10 тысяч.

Дакраніцеся да архітэктурнай і літаратурнай спадчыны

У цэнтры Мар’інай Горкі знаходзіцца сядзіба з вялікім гістарычным мінулым – маёнтак XVI стагоддзя. Ён часта пераходзіў з рук у рукі. Ім валодалі Радзівілы, Бужынскія, Ратынскія і прадстаўнікі іншых шляхецкіх сем’яў.

Пасля паўстання 1863 года маёмасць канфіскавалі і, як і ўвесь горад, яна стала ўласнасцю міністра ўнутраных спраў Расійскай імперыі Льва Макава. Пры ім у 1876 годзе пабудаваны сядзібны дом з чырвонай цэглы, які цяпер з’яўляецца галоўнай славутасцю Мар’інай Горкі. Дарэчы, існуе меркаванне, што менавіта Макаў «выбіў» будаўніцтва чыгункі праз рэгіён.

Сядзіба некалькі разоў капітальна рамантавалася. Закладзены побач парк захаваўся толькі часткова. З 1935 па 1941 год у будынку размяшчаўся Дом творчасці пісьменнікаў Беларусі, дзе адпачывалі і тварылі класікі беларускай літаратуры Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны. У свой час сядзібу наведвалі Варашылаў і Будзённы, а таксама савецкія пісьменнікі Ільф і Пятроў.

Апошнія параўноўвалі Мар’іну Горку з маленькай Адэсай – тады ў горадзе і акрузе пражывала шмат габрэяў. Зараз у будынку размешчаны дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр «Пухавічы». Але свой шык, манументальнасць і гістарычны лоск сядзіба не страціла і дагэтуль.

Пачастуйцеся марожаным

«20 капеек», «28 капеек», «Капрыз», Frudoza і, канешне, «Гоша». Гэтыя назвы знаёмыя, бадай, кожнаму беларусу. Як вы ўжо здагадаліся, іх радзіма – Пухавіцкі раён. Вытворчасцю замарожаных прадуктаў на працягу 20 год займаецца мясцовы «Марозпрадукт». З канвеера сыходзяць мясныя і рыбныя паўфабрыкаты, гародніна і нават хлеб. Магутнасць прадпрыемства такая, што толькі марозіва можна выпускаць штогод па 8 тысяч тон!

Прадукцыю кампаніі можна знайсці ў 13 тыс. крам некалькіх краін свету (у тым ліку ў Еўрасаюзе і Лацінскай Амерыцы). Але, канешне, самы свежы пламбір ці эскімо вы зможаце пакаштаваць толькі ў Мар’інай Горцы.

Аляксандр НАВАХРОСТ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий