Што можна зрабіць, калі на «камуналку» траціцца значная частка даходаў?

Інстытут безнаяўных грашовых субсідый на аплату жыллёва-камунальных паслуг існуе ў нашай краіне даволі даўно. Ён стаў даступны значнай колькасці беларусаў. Але ў адпаведным заканадаўстве ёсць шмат нюансаў, у якіх не надта проста разабрацца.
Як атрымаць субсідыю на аплату жыллёва-камунальных паслуг і што для гэтага патрэбна – высвятляў карэспандэнт «МП».

Што такое субсідыя і якія паслугі яна пакрывае?

Так званая безнаяўная жыллёвая субсідыя выдаецца ўжо больш за дзесяцігоддзе.

– Да кастрычніка 2016 года датацыю можна было аформіць выключна па пісьмовай заяве грамадзяніна, – паведаміла начальнік службы субсідзіравання філіяла «Адзіны разлікова-даведачны цэнтр г. Мінска» КУП «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама» Таццяна Осікава. – Прыняты ў той час Указ Прэзідэнта №322 дазволіў выдаваць субсідыі па так званаму выяўляльнаму прынцыпу – па выніках абследавання жылога памяшкання або іншых даных. Прычым атрымаць «безнаяўныя» на аплату ЖКП мог толькі ўласнік жылля. Летась гэтае правіла выключылі і цяпер прэтэндаваць на грашовую падтрымку могуць усе зарэгістраваныя ў кватэры, а таксама наймальнік памяшкання са згоды ўласніка.

Згодна з інфармацыяй Міністэрства ЖКГ, на канец 2018-га субсідыі атрымалі не менш як 30 тысяч чалавек. Абсалютная большасць з іх – па выяўляльнаму прынцыпу. Агульная сума дапамогі склала каля 865 тысяч рублёў. Паводле некаторых ацэнак, права на субсідыю маюць каля 10% грамадзян краіны.

Памятайце! Калі ў вас адсутнічае даход або вы з’яўляецеся беспрацоўным і пры гэтым не зарэгістраваны на біржы працы, субсідыю аформіць немагчыма – усё роўна патрабуецца наяўнасць пэўных фінансавых крыніц (Указ Прэзідэнта №225).
Таксама нельга разлічваць на дапамогу, калі вы аплачваеце камунальныя паслугі па эканамічна абгрунтаваных тарыфах
.

Субсідыя пакрывае асноўныя камунальныя паслугі – водазабеспячэнне, электрычнасць, тэхнічнае абслугоўванне ліфта. Не распаўсюджваецца на тыя, ад якіх чалавек можа адмовіцца. Напрыклад, аплата дамафона, сістэмы відэаназірання або наяўнасць у доме кансьержа. У пераліку не ўказаны і бягучы рамонт. Гэта значыць, што пры планавых работах па рэнавацыі пад’езда субсідыя налічана не будзе.

Хто мае права на атрыманне дапамогі і як яе аформіць?

– Ваш сацыяльны статус павінен адпавядаць некаторым крытэрыям, – адзначыла Таццяна Осікава. – Найбольш важкі – цяжкае фінансавае становішча. Пятая частка (20%) сукупных даходаў сям’і (або чалавека, які пражывае адзін) павінна ісці на аплату жыроўкі. Гэтая норма дзейнічае для гарадоў. У сельскай мясцовасці планка ніжэйшая – 15%. Для непрацуючых пенсіянераў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і інвалідаў І і ІІ груп дапамогу аформяць аўтаматычна без падачы дакументаў (памятаем пра выяўляльны прынцып). Аднак пры ўмове, што сума «камуналкі» большая за ўказаныя вышэй працэнты.

Даходам лічацца абсалютна ўсе віды пенсій, сацыяльнай дапамогі, стыпендыі, заработная плата і нават грошы, атрыманыя за выкарыстанне інтэлектуальнай уласнасці. Поўны спіс можна знайсці ў пастанове Савета Міністраў ад 27 верасня 2016 года «Аб вызначэнні сукупнага даходу пры выдзяленні безнаяўных жыллёвых субсідый».

А цяпер больш падрабязна пагаворым пра неабходныя бюракратычныя працэдуры. Вам трэба падаць заяву ў разлікова-даведачны цэнтр – звычайна ён знаходзіцца ў мясцовай арганізацыі ЖКГ. У адваротным выпадку інфармацыю падкажуць у выканкаме.

Разам з заявай пакет дакументаў варта дапоўніць пашпартам, даведкай аб прыбытку (актуальна для астатніх паўналетніх членаў сям’і) за паўгода. А таксама – пасведчаннямі аб нараджэнні, прызначэнні пенсій або інваліднасці, калі такія ёсць у вас ці дамачадцаў. Дакументы аб складзе сям’і, наяўнасці маёмасці ў вас і членаў сям’і запросіць сама служба. Аднак памятайце, што за падачу апошняга дакумента давя­дзецца заплаціць пошліну.

Звычайна тэрмін разгляду не перавышае 10 дзён. Калі арганізацыі патрабуецца дадатковая інфармацыя ці праверка дакументаў – 20 сутак. Як даведацца аб прызначэнні субсідыі? Вельмі проста! Паглядзіце ў квітанцыю на аплату ЖКП – там з’явіцца адпаведная графа.

Памятайце! Калі камунальная служба высветліць, што даведка пра даходы несапраўдная або падробленая, вам давядзецца выплаціць усю суму субсідыі за той тэрмін, калі яе налічвалі. Таксама лжэльготніку выставяць пеню за кожны дзень аказання такой дапамогі.

Які грашовы памер субсідыі?

Тут падыход абсалютна індывідуальны. Рашэнне прымае мясцовы выканаўчы орган улады. Спецыялісты будуць улічваць плошчу жылога памяшкання, колькасць чалавек, што пражываюць на ёй, а таксама аб’ёмы спажывання камунальных паслуг. Натуральна, што наяўнымі грашыма субсідыю атрымаць нельга.

На які тэрмін дзеяння дапамогі можна разлічваць?

Існуюць два варыянты. Калі вы атрымалі субсідыю па заяўнаму прынцыпу – на тры месяцы, па выяўляльнаму – на шэсць. Але і тут ёсць нюансы. Таму, хто звяртаўся па датацыю па заяўнаму прынцыпу, давядзецца пацвярджаць свой статус пасля заканчэння дзеяння субсідыі – чытай, збіраць зноў усе дакументы. Дарэчы, звычайна летам плата за «камуналку» ніжэйшая, чым зімой. Таму можа здарыцца так, што плата за ЖКП будзе складаць менш за 20 (15) працэнтаў ад прыбытку. У такім выпадку за адпаведны месяц субсідыя налічана не будзе.

У мяне маленькі даход, але ва ўласнасці ёсць іншыя жылыя памяшканні. Я магу разлічваць на датацыю?

Не. У афармленні субсідыі будзе адмоўлена. Дапамогу не атрымаць і ў тым выпадку, калі ўласнасць будзе зарэгістравана на членаў вашай сям’і. Таксама вы не павінны здаваць кватэру або валодаць памяшканнем, у якім зарэгістравана прыватнае прадпрыемства.

Аляксандр НАВАХРОСТ



Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий