Форум «Дзень роднай мовы» прайшоў у Мінскай вобласці

Актывісты БРСМ з усіх раёнаў Міншчыны сабраліся ў прынёманскім краі на форум «Дзень роднай мовы». Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскага маладзёжнага праекта «Беларусь – крынiца натхнення». Форум, прысвечаны Году малой радзімы, скіраваны на патрыятычнае выхаванне моладзі праз вывучэнне спадчыны беларускага народа.

Старыя прысады ў Акінчыцах і Смольні лашчыць нясмелае сакавіцкае сонца. У маляўнічым кутку Панямоння вясна ўжо адчуваецца. Літаратурна-мемарыяльны комплекс Якуба Коласа на Стаўбцоўшчыне прымае чарговых наведвальнікаў. Паўсюль чуваць беларуская мова. У старшакласнікаў, якія ходзяць тут сцежкамі Песняра, уважліва слухаюць аповед экскурсавода, безумоўна, народзяцца новыя ідэі. Вясной, калі душа так прагне творчасці, міжволі рыфмуюцца і ўдалыя вершаваныя радкі… Маладзёжны форум складаўся з дзвюх асноўных частак: пленарнай і экскурсійнай. Арганізатары мерапрыемства – галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, Мінскі абласны камітэт ГА «БРСМ» і Стаўбцоўскі райвыканкам.

У канферэнц-зале ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна прайшоў «Адкрыты дыялог» – дыскусійны абмен думкамі. У ролі экспертаў выступілі прадстаўнікі абласной і раённай вертыкалі, кіраўнікі грамадскіх арганізацый, пісьменнікі і іншыя асобы. Падчас дыскусіі моладзь змагла задаць самыя розныя пытанні. У прыватнасці, якія кнігі параіць прачытаць падлеткам, каб абудзіць у іх цікавасць да беларускага слова. Якія творы сучасных папулярных пісьменнікаў збіраюцца афіцыйна ўключыць у школьную адукацыйную праграму. Хваляваў моладзь і такі аспект: ці не заменяць сучасныя запазычаныя словы нашы самабытныя беларускія?

У Стоўбцах у рамках абласнога мерапрыемства сярод яго шматлікіх удзельнікаў наладзілі дыктоўку. Тэкст – верш Уладзіміра Караткевіча «Беларуская песня» – агучыла перад аўдыторыяй дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Анісім. Прыхільнікі паэзіі дастойна вытрымалі іспыт. На думку арганізатараў, маштабны рэспуб ліканскі праект «Беларусь – крынiца натхнення» актывізуе творчую, навукова-даследчую дзейнасць па вывучэнню нацыянальнай гісторыі і культуры. Мерапрыемства на Стаўбцоўшчыне гэтаму, безумоўна, паспрыяе.

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий