Смалявіччына: тут Колас настаўнічаў, Ваньковічы жылі

У самой назве горада Смалявічы – жыватворная сіла хваёвых лясоў. Адзін з сімвалаў на яго гербе – залацістая бочка з чорнай смалой праз край. Карэнныя жыхары Смалявічаў пакажуць месца, дзе ў канцы 1970-х размяшчалася апошняя смалакурня. Але гэта ўжо мінулае. Будучыня – за горадам-спадарожнікам. Сёння ў рэгіёне будуюцца новыя мікрараёны з сучаснымі шматпавярхоўкамі і гандлёвымі цэнтрамі.

Першае згадванне аб Смалявічах адносіцца да 1448 года, калі горад атрымаў свой герб: ён мае форму завостранага варажскага шчыта. У левай частцы яго, на чырвоным полі, – гербавы знак (радавая эмблема) Судзімонта Даргевіча, першага ўладальніка Смалявічаў. А ў правай частцы герба, на блакітным полі, – залацістая бочка з чорнай смалой, якая пераліваецца праз край. Гэта тлумачыць пахо­джанне назвы горада – ад слова «смала»: смалакурэнне доўгі час было асноўным заняткам мясцовых жыхароў. Значны ўплыў на развіццё Смалявіцкага краю аказала будаўніцтва ў 1871 годзе чыгункі Масква – Брэст. Гэта спрыяла ажыўленню гандлю, паскорыла развіццё гаспадаркі, рамёстваў і прамысловасці.

Курган і яго слава

Візітнай карткай Смалявіцкага раёна можна смела назваць Курган Славы. У Беларусі гэта самы грандыёзны помнік воінам і партызанам, відаць яго за некалькі кіламетраў, узвышаецца побач з ажыўленай трасай, якая злучае Мінск і аэрапорт. Курган Славы стаў своеасаблівым сімвалам Беларусі. Сюды заязджаюць замежныя госці, афіцыйныя дэлегацыі, ускладаюць вянкі. Гэтая манументальна-скульптурная кампазіцыя была збудавана ў памяць аб гераізме савецкіх салдат і афіцэраў і ў гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Яе будаўніцтва пачалося ў лістапа­дзе 1967 года і стала ўсенароднай справай. Тысячы людзей прыносілі сюды жмені зямлі ў памяць аб загінулых родных і блізкіх, зямлю прывозілі грузавікамі з месцаў самых кровапралітных бітваў. Агульнымі намаганнямі быў насыпаны ўзгорак вышынёй 35 метраў. На вяршыню кургана вядзе 241 прыступка доўгай лесвіцы. Курган вянчае мемарыял з чатырох штыкоў вышынёй 35,6 метра. Чатыры штыкі – сімвал чатырох франтоў, якія акружылі фашысцкую групоўку.

Коласаўскія мясціны

Ёсць на Смалявіччыне невялікая вясковая школа, вядомая не толькі ў раёне, але і ў краіне. Цяпер гэта ДУА «Верхменская СШ імя Тумара». У далёкім 1906 годзе тут працаваў настаўнікам народны паэт Якуб Колас. І вобразы мясцовых жыхароў пясняр увекавечыў у сваёй трылогіі «На ростанях». У двары школы раскінуў галінкі малады дуб. У цені лістоты таблічка, на якой значыцца, што дрэва ў 2001-м пасадзіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. А ў самой Верхменскай школе створаны літаратурны музей Якуба Коласа, дзе можна ўбачыць экспанаты, звязаныя з жыццём і працай пісьменніка, прасякнуцца яго творчасцю і дакрануцца да вялікага. Галоўная асаблівасць гэтага месца – спалучэнне музея і тэатра. Тут праводзяць інтэрактыўную экскурсію, у якой злучаюцца і аповед, і тэатральная інсцэніроўка твораў Якуба Коласа. Да адкрыцця музея скульптар, народны мастак Беларусі Сяргей Селіханаў падарыў гіпсавую скульптуру Якуба Коласа, адзін з трох варыянтаў для стварэння помніка паэту на плошчы Якуба Коласа ў Мінску.

Літаратурны музей Якуба Коласа – месца сустрэчы творчых людзей, літаратараў, мастакоў, журналістаў, настаўнікаў. А ў кнізе ганаровых гасцей музея імёны Аляксандра Лукашэнкі, сына песняра Міхаіла Міцкевіча, членаў шматлікіх замежных дэлегацый з Польшчы, Галандыі, Расіі, Японіі, Англіі, Італіі і Германіі.

Алесіна і Шыпяны

Гэтыя вёскі ў другой палове XIX стагоддзя былі вотчынай памешчыкаў Ваньковічаў. У Шыпянах дагэтуль захаваліся гаспадарчыя пабудовы, адноўленыя ранейшым кіраўніком гаспадаркі Фёдарам Іванавічам Прывалавым. Кажуць, што назву вёска атрымала ад прозвішча эканома – Шып, які любіў выпіць.

І калі пыталіся, дзе Шып, часта гучала ў адказ: «Шып п’яны». Так і замацавалася – «Шыпяны». Сёння гаспадарка «Шыпяны-АСК» – вытворчая база па раслінаводству НАН Беларусі. Тут вырошчваюць элітнае насенне збожжавых, якое купляюць гаспадаркі краіны.

Святы Валянцін

У цэнтры Смалявічаў пабудаваны касцёл. Побач у скверы ўсталяваны адзіны ў Беларусі помнік святому Валянціну: адной рукой ён трымае посах, другой – благаслаўляе маладых, якія па традыцыі на мосце пакіда­юць замочкі – сімвал вернасці. Храм новы, яму не больш за 20 гадоў. Але ўзведзены ён на «законным» месцы – да рэвалюцыі тут быў касцёл. Цікава, што спачатку пабудаваць яго на гістарычным месцы было немагчыма: у скверы раслі высокія прыгожыя дрэвы.

Дапамагла» стыхія: па раёне прайшоў ураган і вырваў з коранем большасць з тых насаджэнняў. Мясцовыя доўга дзівіліся – вось і не вер пасля гэтага ў цуды!

Майстрыха з Барсукоў

У аграгарадку Барсукі жыве адзі­ны ў Смалявіцкім раёне народны майстар дэкаратыўна-прыкладной творчасці Валянціна Савіцкая. Яна стварае ўнікальныя нацыянальныя вышыўкі, абярэгі і дываны, працягваючы традыцыі сваіх продкаў. Валянціна Фёдараўна шмат­дзетная мама, якая выхавала траіх дзяцей. А яшчэ клапатлівая бабуля.
Валянціна Фёдараўна працуе ў мясцовай школе, спявае ў знакамітым народным ансамблі «Жывіца» Барсукоўскага СДК, а яшчэ яна ўдзельнік шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх святаў рамёстваў, конкурсаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Усё, што стварыла жанчына і яе продкі, можна ўбачыць у яе ўласным доме: вышыўка на занавесках, накідках на канапу, пасцельнай бялізне, ручніках, сурвэтках і абрусах.

Кожная праца Валянціны Фёдараўны – гэта імправізацыя. Яна не карыстаецца схемамі, проста выношвае задуму, а потым натхнёна пераносіць яе на тканіну.

Смалявіччына гасцінная

І гэта далёка не ўсё, чым можа падзяліцца Смалявіцкі раён. Турыстам цікава будзе наведаць вяровачны вышынны гарадок у вёсцы Задомля альбо конную сядзібу Green Ranch у аграгарадку Слабада Пекалінскага сельсавета, дзе працуе школа верхавой язды, праводзіцца іпатэрапія для дзяцей, хворых на ДЦП. Карыстаецца папулярнасцю паломніцкі маршрут да мужчынскага манастыра ў гонар Звеставання Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Малыя Ляды.

У вёсцы Задвор’е знаходзіцца аграэкасядзіба «Пятровіцкае вада­сховішча» – удзельніца рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная». Штогод у чэрвені на беразе Пятровіцкага вадасховішча праводзяцца спаборніцтвы па лоўлі рыбы фідарам і летняй паплаўковай вудай, у тым ліку сярод юніёраў. Заўсёды відовішчныя і яркія спаборніцтвы рэспубліканскага і міжнароднага маштабаў па хакеі на траве сярод дзяўчат ладзяць на гарадскім стадыёне «Вікторыя».

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий