Сны ў сне барысаўскага мастака Марка Ліла, ураджэнца Алжыра

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь 26 лютага адкрылася выстава барысаўскага мастака з іспана-французскімі каранямі «Марка Ліла. Рады знаёмству».

Ён нарадзіўся ў Алжыры ў сям’і іспанскіх перасяленцаў. У Парыжы скончыў школу. Працаваў грузчыкам, афіцыянтам у Англіі, настаўнікам замежных моў у Танзаніі, Тайландзе і Зімбабвэ… Але велізарны мастацкі дар адкрыў у Барысаве, дзе жыў апошнія пятнаццаць год. Нікому дагэтуль не вядомы, Марка Ліла ашаламіў сваімі работамі масцітых мастац­твазнаўцаў.

Першая выстава Марка Ліла прайшла ў кастрычніку ў сталічнай галерэі «Мастацтва» і выклікала вялікую цікавасць. Упершыню на суд гледачоў былі прадстаўлены практычна ўсе калекцыі мастака – і жывапіс, і скульптура з дрэва. Так работы майстра-самавука знайшлі сваіх прыхільнікаў, сярод якіх і старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.

– Так здарылася, што гэты чалавек пакінуў нас, – кажа Рыгор Сямёнавіч. – Усё, што прадстаўлена на выставе, ён зрабіў у апошнія гады, калі жыў у нашай краіне. Кім толькі ён не працаваў! І ўрэшце, калі ўсё ў жыцці паспрабаваў, яму нібы ўключылі зверху дар мастака. Працы Марка нас усіх ашаламілі. Калі мне прапанавалі зладзіць выставу абсалютна нікому не вядомага мастака, я насцярожыўся. Тым больш, калі даведаўся, што гэты мастак самавук і не мае ніякай прафесійнай адукацыі. Не хацелася ўбачыць кітч, кепскі мастацкі густ. Але дастаткова было пазнаёміцца з дзвюма яго карцінамі, каб зразумець, што гэта сур’ёзны мастак. Мы адразу дамовіліся з яго жонкай Вольгай, што выставу абавязкова зла­дзім…

 Не прайшло і трох месяцаў, як арганізавалі яшчэ адну выставу Марка. Змяніўся маштаб: карціны і скульптурныя работы мастака прадстаўлены ўжо ў трох залах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

– Ніхто не ведаў пра талент Марка, – узгадвае жонка мастака Вольга. – Ён пісаў для сябе, сваіх сяброў, знаёмых. А сяброў у яго было шмат – быў вельмі камунікабельным чалавекам. Без справы не сядзеў, нават дапамагаў многім знаёмым вывучаць англійскую, італьянскую і французскую мовы. І вось так здарылася, што адна з яго вучаніц, дызайнер Паліна Зубель, паказала карціны Марка свайму педагогу ў Мінску, а той у сваю чаргу – Рыгору Сітніцу… І, што вы думаеце, праз некаторы час я паказвала карціны і скульптуры мужа Рыгору Сяменавічу ў нашай кватэры ў Барысаве.

«Кусочки и осколки»

У мастацтве Марка адлюстравана гісторыя яго жыцця, якая ўвабрала ў сябе культуру еўрапейскіх краін і характар сучаснай каларытнай абстракцыі. Мастак рэдка даваў назвы ўласным работам. Але з кожнай карцінай звязана свая непаўторная гісторыя.

– Толькі адзінкі маюць назву, напрыклад, «Сон капитана Бране», – дзеліцца ўспамінамі Вольга. – Прататыпам Бранэ стаў адзін з яго сяброў. Што цікава, яшчэ са школы ў іх была кампанія з трох сяброў. Тое сяброўства яны пранеслі праз гады. На гэтай карціне шмат асацыяцый з Алжырам, дзе Марка нарадзіўся, з Марока, дзе ён служыў у войску. Тут ёсць і рыба, дарэчы, яна прысутнічае на многіх яго работах, асабліва ў калекцыі «Сон у сне».

Так, карціны мастака былі ўмоўна падзелены на калекцыі: «Кусочки и осколки», «Турбулентность», «Из ниоткуда с любовью», «Инструменты», «Сон во сне», «Тре­угольники» і «Другое».

– Гэта зрабіла для зручнасці, – удакладняе Вольга. – У калекцыю «Инструменты» ўваходзяць тры яго работы. Калі мы толькі засяліліся ў набытую кватэру ў Барысаве, мой бацька падарыў нам гэтыя інструменты. А Марка іх адлюстраваў на карціне. Увогуле, ён проста маляваў тое, што бачыў. І калекцыя «Инструменты» гэта яскрава дэманструе.

Турбулентныя адносіны з жаніхом з-за мяжы

З Вольгай мы сустрэліся перад выставай у іх кватэры ў Барысаве. Усе пакоі застаўленыя карцінамі і драўлянымі скульптурамі мастака. Быццам ён яшчэ жывы, толькі выйшаў па справах… Жонка Марка доўга паказвала і расказвала аб кожнай карціне, кожнай скульптуры. І сапраўды, у яго работах адлюстравалася ўсё цікавае і разнастайнае жыццё мастака.

Марка не стала мінулым летам, а жанчына да гэтага часу не можа прыняць тое, што яго няма побач. У іх пакоі асаблівае месца адве­дзена яго падарункам для яе. Вольга сціпла паказвае драўляныя сэрцайкі, размаляваныя паштоўкі… Іх на выставе ніхто не ўбачыць. У гэтых, на першы погляд, дробязях – сапраўднае пачуццё.

– З Марка мы пазнаёміліся ў Зімбабвэ, – расказвае жанчына. – Пяць гадоў сустракаліся. Ёсць у яго калекцыя карцін «Турбулентность». Вось і ў нас быў перыяд у адносінах – «турбулентны». Вельмі часта ездзілі адзін да аднаго ў госці. І ўрэшце вырашылі ўзако­ніць нашы адносіны і з’ехацца ў маім родным Барысаве. Тут пажаніліся, купілі кватэру. Адной з умоў мужа пры набыцці кватэры быў від з акна. Ён вельмі любіў сонца і прастор. Яго пажаданні былі ўлічаны. Адразу зрабілі рамонт: усё ў светлых танах і з элементамі сіняга колеру. Гэта яго любімы колер. Зірніце, батарэі на кухні таксама пафарбаваў у сіні. Я спачатку была супраць, а цяпер разумею, як гэта прыгожа. І такі неардынарны ён ва ўсім…

Жыццё Марка радыкальна змянялася некалькі разоў. Нара­дзіўшыся ў Алжыры, у сям’і іспанскіх перасяленцаў, ён скончыў школу ў Парыжы, куды пераехала сям’я пасля алжырскай рэвалюцыі. Яшчэ праз некалькі гадоў зноў вырашыў цалкам змяніць жыццё і пераехаў у Англію. Без ведання мовы, не маючы ні сваякоў, ні знаёмых, ён працаваў грузчыкам, афіцыянтам, прыбіральшчыкам. Начаваў часам на лаўцы ў парку. Вучыў мову, гісторыю, культурныя традыцыі краіны. Яму пашанцавала – у той час у Вялікабрытаніі існавала спецыяльная адукацыйная праграма для дарослых студэнтаў. Спачатку ён паступіў на падрыхтоўчыя курсы, а праз год стаў студэнтам філалагічнага аддзялення ўніверсітэта горада Рэдзінг. Адсюль і пачаўся яго кар’ерны старт.

Трыкутнікі на калыпках

За сваё жыццё Марка Ліла працаваў у многіх краінах: Вялікабрытаніі, Танзаніі, Тайландзе, Зімбабвэ, але сэрца сваё пакінуў у Беларусі. Тут, у Барысаве, ён стварыў большую частку сваіх твораў, натхнёны беларускай прыродай і мясцовай архітэктурай. Кожны дзень у яго нараджаліся новыя ідэі. І для карцін, і для скульптурных аб’ектаў. Нешта ён паспеў скончыць, а частка так і застанецца незавершанай.
– Часам праз жарты-прымаўкі пытаўся ў мяне, што я думаю пра яго карціну, – кажа Вольга. – Але, як мне здавалася, усур’ёз маё меркаванне не ўспрымаў. З усмешкай мне казаў: «Ты каралева кітчу».

Ды і сябе вялікім творцам не лічыў. Проста рабіў тое, што любіў. Маляванне – яго палкае захапленне. Марка абавязкова трэба было гэтым зай­мацца, каб сябе добра адчуваць. Кожны дзень у яго нараджалася новая ідэя. Ёсць у яго цікавая драўляная скульптура з маленечкіх трыкутнікаў, якія рабіў сваімі рукамі. Доўга думаў, як прымайстраваць гэтыя трыкутнікі да асновы. Потым прыдумаў: на калыпкі. Так і зрабіў: на кожным прасвідраваў па дзве маленькія дзірачкі, туды ўстаўляў калыпкі і прымацоўваў да асновы… Так і нарадзілася чарговая драўляная скульптура. Дарэчы, калі Рыгор Сітніца ўзяў у рукі адну з такіх, адразу сказаў: «Якая шыкоўная рэч! Патрэбна выстаўляць ра­зам з карцінамі!»

Апошнія гады Марка сур’ёзна хварэў. Ён разумеў, што жыць засталося мала…

– Марка шкадаваў мяне, пэўна, хваляваўся, што хутка пакіне, – з сумам кажа жанчына. – Мы доўга змагаліся з яго хваробай, змагаліся да канца. Але захворванне было цяжкае… Дзесьці ў душы я разумела, што канец непазбежны. Калі яго не стала, я доўга не магла змірыцца, што Марка больш няма. А дзякуючы выставам яго работ, быццам зноў пачала жыць…

Алёна ДРАЗДОЎСКАЯ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий