У час веснавых канікулаў вартавыя правапарадку правялі для школьнікаў Дзень адчыненых дзвярэй

У сакавіку ў час веснавых канікулаў вартавыя правапарадку наладзілі і правялі для школьнікаў Дзень адчыненых дзвярэй.

-Такія мерапрыемствы даўно атрымалі ў нашым аддзеле пастаянную прапіску,- удакладніў выконваючы абавязкі наместніка начальніка Бярэзінскага РАУС Сяргей Шкуратаў. – Звычайна мы запрашаем старшакласнікаў, каб бліжэй пазнаёміць іх з асаблівасцямі міліцэйскай службы, расказаць пра ўмовы паступлення ў навучальныя ўстановы МУС Рэспублікі Беларусь. Аднак сёлета мы зрабілі выключэнне і гасцінна віталі ў сябе вучняў пачатковых класаў.

Дзятва шумна размясцілася ў актавай зале раённай міліцыі і ўважліва слухала вартавых праварадку, якія ў займальнай форме наладзілі для іх знаёмства з міліцэйскай службай. Спачатку гарэзы зацікавіліся тым, што ляжыць у загадкавым і патаемным чорным кейсе пад назвай “Судовая экспертыза” і доўга даймалі пытаннямі эксперта Бярэзінскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Андрэя Толкача.

Затым іх увагу прыцягнула імправізаваная выстава зброі і сучаснай экіпіроўкі міліцыянераў. Пра арсенал і правілы абаходжання з ім расказаў супрацоўнік міліцыі Генадзь Рабіза. Апрача гэтага, хлапчукі і дзяўчынкі выкарысталі магчымасць прымерыць на сабе бронекамізэльку, каску, паспрабаваць разабраць аўтамат, патрымаць у руках іншую зброю. Цікавым гэта было для многіх.

Затым шлях дзяцей ляжаў у Дэпартамент аховы, дзе іх ужо чакалі начальнік падраздзялення Сяргей Вальчэўскі, кінолаг Анатолій Жораў і службовая сабака Бетсі. Чатырохлапы вартаўнік нікога са школьнікаў не пакінуў абыякавым, бо пад бурныя апладысменты і ўспышкі мабільных тэлефонаў выконваў усе заданні, бліскуча па паху знайшоў схаваную рэч і затрымаў умоўнага злодзея.

-Дзятва са станоўчымі эмоцыямі пакідала наш аддзел, — заўважыў Сяргей Валер’евіч.- Мяркую, што яны з гадамі не знікнуць з дзіцячай памяці і, магчыма, хто-небудзь з сённяшніх гарэз пажадае затым служыць у міліцыі і насіць званне вартаўніка правапарадку!

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий