Вогненная эпідэмія або як не стаць ахвярай уласнай бестурботнасці

Выратавальнікі сталічнага рэгіёна рыхтуюцца да сітуацый, звязаных з павышэннем колькасці пажараў у экасістэмах. Як не стаць ахвярай уласнай бестурботнасці і якую адказнасць панясе вінаваты ў падпале, карэспандэнту «МП» расказаў першы намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Уладзімір Янчык.

– Выпадкі гарэння травы фіксуюцца ўжо цяпер: іх 11 з пачатку года, – паведаміў Уладзімір Янчык. – Сталічны рэгіён у прынцыпе характарызуецца вялікай колькасцю пажараў, на якіх гарыць сухая трава. У 2018-м у краіне зафіксавана звыш 1900 узгаранняў у экасістэмах. На долю Мінскай вобласці прыйшлася прыкладна палова выпадкаў.

Аднак, як падкрэсліў спецыяліст, колькасць выпадкаў падаецца значнай таму, што пажарныя вобласці рэагуюць абсалютна на кожнае ўзгаранне. Сярэдняя плошча ляснога або тарфянога пажару на Міншчыне ў мінулым годзе склала менш за гектар. Травы – каля адной сотай гектара. Зразумела, што заўсёды лепш затушыць маленькі ачаг узгарання, чым змагацца з зацяжным пажарам. Таму статыстыка тут не адлюстроўвае дакладнай карціны.

– З іншага боку, адказнасць нават за такія, здавалася б, дробязі ляжыць на гаспадарах гэтых участкаў і палеткаў, – падкрэсліў Уладзімір Янчык. – Адразу ўзнікае пытанне: а чаму гэтую траву не прыбралі загадзя? Тады б чарговага выпадку ўзгарання можна было б пазбегнуць. Хачу нагадаць, што за наўмысны падпал травы або лясных угоддзяў заканадаўствам прадугледжана нават крымінальная адказнасць. Таму, перш чым разводзіць вогнішча, трэба пераканацца, што гэта бяспечна, і затым пільна сачыць за ім.

Што варта ведаць, перад тым як запаліць вогнішча на свежым паветры

  • Прымайце меры па нераспаўсюджванні гарэння за межы пляцоўкі: акапайце яе, выдаліце гаручыя матэрыялы
  • Пастаянна кантралюйце працэс гарэння; забяспечце наяўнасць сродкаў тушэння – вогнетушыцеля, ёмістасці з вадой, рыдлёўкі і інш. Пасля заканчэння гарэння месца вогнішча трэба засыпаць пяском ці заліць вадой да поўнага спынення тлення
  • Размяшчайце вогнішча на адлегласці не менш за 10 м ад будынкаў, 20 м – ад лясных масіваў і 30 м – ад скірдаў сена і саломы
  • Размяшчайце спецыяльныя прыстасаванні для гатоўкі ежы (мангалы) на адлегласці не менш за чатыры метры ад будынкаў

Памятайце!
Распальванне вогнішча ў забароненых месцах цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь (артыкул 15.58 КоАП Рэспублікі Беларусь)

Першы намеснік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС адзначыў, што прадстаўнікі садаводчых таварыстваў і дачнікі, якія зусім хутка выедуць на свае зямельныя надзелы, таксама не павінны забываць аб правілах бяспекі:

– З надыходам цёплага надвор’я сельскія жыхары і дачнікі прыводзяць у парадак свае домаўладанні і ўчасткі. Іншы раз прадпрымальныя гаспадары з адмысловай стараннасцю бяруцца за справу, часцяком грэбуючы не толькі сваёй бяспекай, але і бяспекай тых, хто побач. Лічу неабходным нагадаць жыхарам рэгіёна аб элементарных правілах пажарнай бяспекі.

Алесь КРУПСКІ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий