Жанчын года вобласці ўзнагародзілі ў Маладзечне

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога конкурсу «Жанчына года Міншчыны — 2018» сабрала ў Маладзечне прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва самых розных узростаў і прафесій. Урачы, педагогі, навуковыя супрацоўнікі, культработнікі. У кожнай з 28 намінантак свой лёс і свая скарбонка добрых спраў, як на карысць асобных людзей, так і ўсёй краіны.

Дырэктар Чэрвеньскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Шаркова ў прафесіі 20 гадоў. Кажа, ніколі не працавала дзеля ўзнагарод. Проста з дня ў дзень ішла на работу і старалася як мага больш зрабіць для людзей, якім былі патрэбныя дапамога і падтрымка.

Толькі за апошні год разам са сваімі калегамі рэалізавала міжнародны праект «Дарогай дабрыні», дзякуючы якому шматдзетная сям’я, у якой выхоўваецца дзіця з інваліднасцю, атрымала адрасную дапамогу і з лёгкай рукі ірландскіх спонсараў змагла пераабсталяваць свой дом. Цяпер там ёсць усе выгоды: вада на кухні з крана, санвузел, ванны пакой, што значна аблягчае жыццё.

— Дзве новыя пральныя машыны і 30 ложкаў з матрацамі, акурат на кожнага пастаяльца, прапісаліся і ў нашым аддзяленні кругласутачнага пражывання, — расказвае Людміла Шаркова. — Гэта таксама вынік аднаго з праектаў, у якім былі задзейнічаны добраахвотныя памочнікі з Амерыкі.

Пра сваіх падапечных яна думае і ў будні, і ў выхадныя. Кажа, было б у сутках крыху больш часу, пастаралася б дайсці да кожнага чалавека і даведацца, чым ён жыве, пра што марыць, з якімі праблемамі сутыкнуўся.

— Я сама выхоўваю дачку, якая мае першую групу інваліднасці, — гаворыць жанчына. — Каб паставіць яе на ногі, аб’ехала, можна сказаць, увесь свет. Надзеяй жыву і сёння, ніколі не апускаю рукі. Працую, вяду за сабой калектыў і стараюся, каб людзям, што побач са мной, было ўтульна і камфортна.

«Лідарства і паспяховае кіраўніцтва» — так называлася намінацыя, у якой дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра з Чэрвеня стала пераможцай. Разам з ёй на сцэну Палаца культуры горада Маладзечна выйшлі галоўны ўрач Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка, намеснік галоўнага ўрача рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра, задача якога падключыць да вывучэння здароўя пажылых людзей як навуку, так і практыку, Людміла Жылевіч.

Не засталося сёння сфер жыццядзейнасці, дзе б жанчыны сябе не праявілі. У апараце дзяржаўнага кіравання ім належыць 67 працэнтаў, у мясцовых Саветах дэпутатаў — 45. І ўсюды прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва спраўляюцца не горш за мужчын.

Наталля Якубіцкая

Адзначыў іх асаблівую ролю ў жыцці грамадства і старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Прывітальны адрас ад яго зачытала кіраўнік Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. Свае віншаванні жанчынам адрасаваў і заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін Маладзечна, дырэктар музычнага каледжа імя Агінскага Рыгор Сарока. Да прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва звярнуўся таксама член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны, старшыня СВК «Агракамбінат Сноў» Мікалай Радаман. Ён уручыў узнагароду ў намінацыі «Гаспадыня вёскі» старшыне Красненскага сельсавета Маладзечанскага раёна Валянціне Кісель.

Працоўны дзень гэтай жанчыны пачынаецца не на рабоце. З праблемамі аднавяскоўцаў яна сутыкаецца яшчэ па дарозе ў сельсавет. Многія жыхары населенага пункта спецыяльна вартуюць старшыню ля сваіх дамоў, каб расказаць пра тое, што трывожыць альбо цікавіць. І кожнаму яна выдзеліць хоць некалькі хвілін часу, кожнага пастараецца выслухаць і зразумець.

Па спецыяльнасці Валянціна Кісель аграном. Скончыла ў свой час Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, пасля чаго два з паловай гады адпрацавала брыгадзірам, затым яшчэ два — аграномам. На пасаду старшыні сельсавета прыйшла з калгаса «Селеўцы» і вось ужо без малога дзесяць гадоў сваёй працай і мэтанакіраванасцю кожны дзень даказвае, што словазлучэнне «слабы пол» ёй не падыходзіць.

Святлана Сарока

— Сталічная вобласць багатая на яркіх, таленавітых жанчын, якія рэалізавалі сябе ў ролі выдатных спецыялістаў, кіраўнікоў, адбыліся як маці, — зазначыла падчас свайго выступлення старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлана Сарока. — Адны з іх займаюць высокія дзяржаўныя пасады, другія — занятыя ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы альбо прысвяцілі свой лёс медыцыне, культуры, сферы бізнесу. Знешне ўсе яны, канешне ж, розныя, але кожная жанчына, што адбылася ў прафесіі, — асоба, якая стараецца раскрыць свае здольнасці і паказаць задаткі.

Пераможцаў ушаноўвалі ў пяці намінацыях: «Лідарства і паспяховае кіраўніцтва», «Актыўная жыццёвая пазіцыя», «Духоўнасць і культура», «Гаспадыня вёскі», «Мацярынская слава». Тут жа былі агучаны прозвішчы ўдзельнікаў ХІ рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года Беларусі — 2018».

Святлана Вялкова

Міншчыну, адпаведна вышэй пералічаных намінацый, там прадставяць: намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы, фінансах і банкаўскіх пытаннях агракамбіната «Ждановічы» Святлана Вялкова, старшыня Клецкага раённага Савета дэпутатаў Святлана Чэкун, кіраўнік хору, выкладчык харавых дысцыплін Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага Вера Каханоўская, аператар птушкафабрык і механізаваных ферм у агракамбінаце «Дзяржынскі» Зоя Гулецкая, сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскага раёна Валянціна Рэзнік, мама вядомай беларускай спявачкі Жанэт, якая разам з сімфанічным аркестрам Маладзечанскага музычнага калежда прыняла ўдзел у вялікім святочным канцэрце, прысвечаным жанчыне.

Дадаткова

Абласная арганізацыя Беларускага саюза жанчын таксама падвяла вынікі конкурсу «Сям’Я» сярод прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. У ліку пераможцаў і спецыяльны карэспандэнт газеты «Мінская праўда» Юлія Гаўрыленка, якая адзначана за найлепшы мастацка-публіцыстычны матэрыял.

Спецыяльны прыз за папулярызацыю жаночага руху на Міншчыне і эфектыўнае ўзаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі зацвердзіла напярэдадні абласнога конкурсу «Жанчына года Міншчыны — 2018» і «Мінская праўда». Яго ўладальніцай стала старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлана Сарока, узнагароду якой падчас урачыстай цырымоніі ўручыў дырэктар — галоўны рэдактар Максім Кароткін.

Марына Сліж, фота Павел Арлоўскі

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий