Адметныя праекты газеты «Мінская праўда» будуць прэзентаваны на выставе «СМІ ў Беларусі»

На міжнароднай выставе «СМІ ў Беларусі» газета «Мінская праўда» прэзентуе свае творчыя праекты. Менавіта гэтае выданне распачне багатую праграму, якую падрыхтавалі СМІ Міншчыны для наведвальнікаў форуму. Прычым за гадзіну да афіцыйнай цырымоніі адкрыцця выставы.

Яшчэ раней на прэзентацыйнай пляцоўцы з’явяцца прыгажуні з Мінскага філіяла «Белпошты» — у фірмовых строях, са свежым нумарам «Мінскай праўды». Кожны экзэмпляр, пазначаны яркай налепкай з нумарам, будзе з’яўляцца своеасаблівым латарэйным білетам. Розыгрыш чакаецца напрыканцы прэзентацыі. Сярод прызоў — запрашэнні на «Лінію Сталіна», у музей архітэктуры і побыту ў Строчыцах, дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. І гэта, як той казаў, толькі кветачкі… Усяго 75 лотаў, кожны трэці — выйгрышны!

Чаму 75? Вядома ж, не так сабе. Сёлета выстава прысвячаецца 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму «Мінская праўда» вырашыла падтрымаць, нават у дробязях, агульную танальнасць маючай адбыцца падзеі.

Маладая і таленавітая Юлія Гаўрыленка ў творчай садружнасці з курсантамі факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі рыхтуе дакументальна-музычную прэзентацыю ўласнага праекта «Аперацыя «Баграціён». Як «ажывуць» газетныя старонкі, варта пабачыць на ўласныя вочы.

Завітаюць у госці на рэгіянальную пляцоўку нашы сябры і аўтары — пісьменнікі Міншчыны на чале са старшынёй абласной творчай арганізацыі Святланай Быкавай. Яны пачытаюць лепшае з надрукаванага ў «Сябрыне» — менавіта так называецца літаратурная старонка «МП», адкажуць на пытанні, падпішуць свае новыя кніжкі ахвочым. Пісьменніцкі рэй павядзе Рыгор Саланец, а, значыць, будзе дасціпна і цікава.

Чакаем таксама бронзавага прызёра чэмпіяната свету па боксу Дзмітрыя Асанава з Маладзечна. Наш зямляк абяцае наладзіць (увага!) майстар-клас, сэлфі з наведвальнікамі і аўтограф-сесію.

— І гэта яшчэ не ўсё, — кажа вядучы спартыўнай старонкі «Алімп» Стас Лабаты, які прадстаўляе чарговы творчы праект «МП». — Хлопцы са школы брэйк-данса СONQUISTADOR пакажуць, на што яны здатныя. А могуць яны многае, паверце.

Усё гэта, вядома, можна прапусціць. Але ж потым стоадсоткава шкадаваць будзеце… Таму — да сустрэчы 2 мая, аб 11-й, у выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў, 14, у Мінску. Шукайце пляцоўку «СМІ Мінскай вобласці»!

Дадакова

ХХІІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі» адкрываецца 2 мая а 12-й і будзе працаваць па 4 мая з 10 да 18 гадзін. Прэзентуюцца каля паўтысячы айчынных і замежных сродкаў масавай інфармацыі. Падрабязная праграма — на сайце Міністэрства інфармацыі.

Ігар Сяргееў, фота Святлана Курэйчык

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий