Чэрвеньскі раён: ад валёнак да космасу

Багатая і часта непрадказальная гісторыя, амаль некранутая прырода і ўнікальная духоўная спадчына. А канцэнтрацыя летапісных помнікаў хіба не самая вялікая на Міншчыне. Запрашаем да вандроўкі ў адзін з самых каларытных рэгіёнаў Беларусі – Чэрвеньскі раён. Паехалі!

1 Стаць бліжэй да зорак

Вядома, што Чэрвень – радзіма касманаўта Алега Навіцкага, які двойчы пабываў на Міжнароднай касмічнай станцыі. У гарадской школе №2, дзе вучыўся славуты зямляк, арганізаваны адзіны ў сваім родзе школьны музей касманаўтыкі. На яго адкрыцці Алег Навіцкі прысутнічаў асабіста.

Экспазіцыя дазваляе пазнаёміцца з гісторыяй Сусвету ад старажытных часоў да нашых дзён. Сярод экспанатаў шмат унікальных. Элементы скафандраў, накаленны планшэт, кніга запісаў перадпалётнай падрыхтоўкі…

Дарэчы, большасць з іх прадаставіў сам касманаўт. Акрамя асабістых рэчаў, можна таксама пабачыць і прадукты харчавання для арбітальных экспедыцый. Колькасць прадметаў настолькі вялікая, што адначасова экспанаваць іх цалкам немагчыма. Таму школьнікі стварылі віртуальны музей, па якім можна пашпацыраваць дыстанцыйна.

2 Музычная гасцёўня «славянскага Шуберта»

У 1819 годзе ў фальварку (сёння – вёска) Убель нарадзіўся кампазітар і дырыжор Станіслаў Манюшка. Ураджэнец Чэрвеньшчыны лічыцца адным з заснавальнікаў польскай оперы. Яго часта называюць «славянскім Шубертам».

Памяць пра Станіслава Манюшку ў рэгіёне зберагаюць з вялікім піетэтам. Яшчэ ў сярдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў пасёлку Азёрны з’явілася экспазіцыя ў яго гонар. А паўтара года таму ў Смілавічах адкрылася музычная гасцёўня імя вялікага кампазітара. Спецыяльна для яе распрацавалі мастацкую канцэпцыю і закупілі абсталяванне. На базе гасцёўні праводзяць творчыя і музычныя вечарыны, у якіх прымаюць удзел выхаванцы дзіцячых мастацкіх школ раёна. Сюды ж пераехала і экспазіцыя з Азёрнага, якая цяпер размешчана ў дзвюх залах.

Дарэчы, у маі тут пройдуць урачыстасці, прымеркаваныя да 200-гадовага юбілею Станіслава Манюшкі, на якія з’едуцца госці з усёй краіны, а таксама з-за мяжы. Хіба гэта не нагода наведаць Смілавічы?

3 Прастора жывапісца

Не толькі на музыкантаў багатая чэрвеньская зямля. Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў сям’і смілавіцкіх габрэяў нарадзіўся будучы сусветна вядомы мастак. Мадэрністы імкнуліся спыніць імгненне, Хаім Суцін сканцэнтраваўся на вечнасці.

Суцін зведаў папулярнасць, калі быў грамадзянінам Францыі, але пра знакамітага земляка памятаюць і на Чэрвеньшчыне. Адзінаццаць год таму ў Смілавічах па ініцыятыве Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА з’явілася першая экспазіцыя, прысвечаная жывапісцу. Яна размясцілася на базе мясцовага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і атрымала назву «Прастора Хаіма Суціна». З цягам часу колькасць залаў павялічылася да трох. Культурны кластар стаў цэнтрам прыцяжэння для аматараў жывапісу з дзясяткаў краін свету.

У музеі пастаянна віруе жыццё. Праводзяцца творчыя пленэры, сустрэчы з дзеячамі мастацтва і навучальныя семінары. Нездарма музей называюць адным з культурных цэнтраў Міншчыны. Наведаць яго можна і праз інтэрнэт – дастаткова зайсці на сайт установы.

4 Ідэальныя валёнкі

У Смілавічах дзейнічае адзінае ў краіне прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вырабе валёнак. Арганізавалі яго пяць майстроў яшчэ ў 1928 годзе. Талакой яны пабудавалі невялічкі цэх і з энтузіязмам узяліся за справу. Смілавіцкая валюшна-лямцавая фабрыка і сёння радуе спажыўцоў цёплым якасным абуткам.

У сучасным асартыменце звыш 30 найменняў валёнак, штогадовы іх выпуск складае больш за 70 тысяч адзінак. Нядаўна прадпрыемства пашырыла магутнасці і цяпер, акрамя абутку, вырабляе больш за 10 відаў коўдраў і падушак са 100%-най мерыносавай воўны. Якасць прадукцыі пацверджана айчыннымі і міжнароднымі сертыфікатамі.
Заказы на цёплы абутак паступаюць не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з усяго свету: слава пра смілавіцкія валёнкі ходзіць нават за акіянам, у Канадзе і ЗША. Асноўнымі кліентамі ўжо шмат год з’яўляюцца расіяне і казахі.

Абавязкова завітайце ў фірменную краму фабрыкі, дзе абавязкова падбераце для сябе ідэальныя валёнкі. Таксама варта наведаць экскурсію па прадпрыемстве, тут для вас адкрыецца сакраментальнасць прамысловага працэсу.

5 Найлепшы бітум у Беларусі

Непадалёк ад вёскі Каляіна размясціўся прамысловы гігант – нафтабітумны завод. Яго пабудавалі ў 1997 годзе, сёння прадпрыемства з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам бітумных эмульсій і мадыфікаваных бітумаў у рэспубліцы. Візітная картка завода – малады высокакваліфікаваны калектыў, сучаснае абсталяванне, тэхналогіі і сыравіна ад найлепшых сусветных пастаўшчыкоў.

Асартыментны пералік уключае ў сябе бітумы ўсіх марак, а таксама бітумныя сумесі рознага прызначэння.

Нафтабітумны завод цалкам арыентаваны на свайго спажыўца і гатовы выканаць любы прыватны заказ. Дзякуючы сучаснай лабараторыі, прафесіяналізму інжынераў-лабарантаў і абавязковай сертыфікацыі бездакорную якасць прадукцыі паспелі ацаніць айчынныя і замежныя спажыўцы.

6 Прайдзіце маршрутам экалагічнай сцежкі…

…якую арганізавала ДЛГУ  «Чэрвеньскі лясгас». Вандроўка пад назвай «Па чэрвеньскіх прасторах» праходзіць па найпрыгажэйшых прыродных мясцінах рэгіёна. На маршруце можна пазнаёміцца з 23 турыстычнымі аб’ектамі ў населеных пунктах Раванічы, Ведрыца, Гарадзішча, Натальеўск… Экскурсія праводзіцца ў аўтамабільна-пешым фармаце.

Таксама спецыялісты лясной гаспадаркі прапаноўваюць зрабіць падарожжа на ровары – «Падарожжа да сямі крыніц». Яго даўжыня – амаль 30 кіламетраў. Вы пазнаёміцеся з унікальнай архітэктурнай і гістарычнай спадчынай раёна. Гэта, у прыватнасці, курганны магільнік дрыгавічоў, крыніца Святога Мікалая Цудатворца…

Аляксандр НАВАХРОСТ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий