Гэта музыка будзе вечнай…

Выстава, прысвечаная выбітнаму кампазітару, размясцілася ў дзвюх залах музычнай гасцёўні. Дакументы, фотаздымкі, афішы, малюнкі, ноты, прыжыццёвыя і пасмяротныя выданні твораў Станіслава Манюшкі, сцэнічныя касцюмы артыстаў Варшаўскага опернага тэатра… Усяго каля 150 экспанатаў. Ёсць тут і некалькі сапраўды ўнікальных прадметаў: лісток з нотамі першай беларускай нацыянальнай оперы «Сялянка», малюнкі бацькі кампазітара Чэслава Манюшкі, запісы твораў маэстра на касетах і пласцінках.

Як патлумачыла навуковы супрацоўнік Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Ірына Серада, работа па стварэнню экспазіцыі, прысвечанай Станіславу Манюшку, пачалася ў далёкім 1969 го­дзе. Ініцыятарам выступіў Васіль Несцяровіч, тады яшчэ дырэктар Азёрнаўскай школы Чэрвеньскага раёна. Калі ўсе навучальныя ўстановы адкрывалі ў сваіх сценах музеі сялянскага быту, ленінскія куткі, ён вырашыў стварыць музей у гонар славутага земляка.

Спачатку з’явіліся пласцінкі, нотныя запісы і невялікі стэнд. З дапамогай сваіх польскіх сяброў Васіль Несцяровіч паступова пашыраў экспазіцыю, знаходзіў новыя экспанаты. Год таму выстава пераехала ў Смілавічы: калектыў Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея правёў вялікую работу па арганізацыі на базе музычнай гасцёўні пастаяннай музейнай экспазіцыі: былі створаны эскізы, тэматычныя дыярамы, набыта неабходная мэб­ля. Гэта стала магчымым дзякуючы гранту Мінаблвыканкама «Творчы алімп Міншчыны».

Галоўная зала абноўленай экспазіцыі прысвечана дзіцячым і юнацкім гадам жыцця Станіслава Манюшкі, якія ён правеў у вёсцы Убель.

– Гэта прыкладна за 15 кіламетраў ад Смілавіч, – адзначае Ірына Серада. – Там і нарадзіўся будучы кампазітар. Хрысцілі яго ў Смілавіцкім парафіяльным касцёле. Да сямігадовага ўзросту хлопчык жыў у вёсцы, дзе яго выхаваннем і адукацыяй займалася маці, вельмі добрая піяністка. Калі Станіславу споўнілася сем, яна адвезла сына ў Варшаву, каб той меў магчымасць потым займацца музыкай прафесійна. Аднак матэрыяльныя цяжкасці вымусілі сям’ю вярнуцца назад у Беларусь. Манюшкі пасяляюцца ў Мінску, у Верхнім горадзе. Амаль кожны вечар тут ладзяцца музычныя вечарыны, прыходзяць мастакі Валенцій Ваньковіч, Ян Дамель, іншыя прадстаўнікі мастацтва. І Станіслаў, якому даводзілася выхоўвацца ў такім асяроддзі, вырашае стаць кампазітарам.

Дарэчы, калі б не музычная справа, Станіслаў Манюшка мог бы стаць пісьменнікам. Акрамя расійскай і польскай мовы, ён ведаў англійскую, нямецкую, французскую, італьянскую. З апошняй рабіў выдатныя вершаваныя пераклады.

– Другая зала экспазіцыі расказвае пра варшаўскі перыяд жыцця кампазітара. Тут сабрана шмат фотаздымкаў, афіцыйных дакументаў, выданняў твораў Станіслава Манюшкі, прысвечаных таму перыяду, калі наш зямляк працаваў дырыжорам Варшаўскага опернага тэатра. У гэты самы час ён піша свае знакамітыя оперы «Страшны двор», «Графіня», балет «Монтэ-Крыста» і шмат іншых твораў, – распавядае навуковы супрацоўнік музея.

Дзякуючы Віктару Скорабагатаму, заслужанаму артысту Беларусі, прафесару Беларускай акадэміі музыкі, мастацкаму кіраўніку творчага калектыву «Беларуская капэла», экспазіцыя ўжо пачала поўніцца новымі экспанатамі. Так, Віктар Іванавіч перадаў некалькі кніг, выдадзеных да 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара.
– Гэта манаграфія, сумесная наша работа з Ганнай Каржанеўскай і Уладзімірам Мархелем. Сюды мы ўключылі ўсе артыкулы, што ў свой час выдаваліся ў розных выданнях, – тлумачыць прафесар. – Таксама выдалі 15 песень Манюшкі на вершы Адама Міцкевіча, зборнік паланэзаў Агінскага ў транскрыпцыі Станіслава Манюшкі. І яшчэ два зборнікі – «Песні нашага касцёла». Таксама маем намер выдаць у перакладзе на беларускую мову лібрэта ягоных опер.

Аднак завітаць у госці да Станіслава Манюшкі (яго пры жыцці нават называлі «славянскім Шубертам») і не пачуць яго геніяльныя творы было б памылкай. Дзякуючы таленту ўдзельнікаў народнай музычнай капэлы «Ігуменскія крыніцы» Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама выхаванцаў навучальнай установы на некалькі імгненняў наведвальнікі музычнай гасцёўні перамясціліся ў той час, тую эпоху, калі ўвесь свет быў у захапленні ад Станіслава Манюшкі.

…Ціха плакала скрыпка, ледзь чутна звінелі цымбалы, асцярожна прачынаўся гармонік… Манюшку слухалі і працягваюць слухаць на ўсіх кантынентах. Яго опера «Галька» ставіцца ў 25 краінах свету, нават такіх экзатычных, як Мексіка, Японія, Куба. У Токіо працуе Інстытут славянскай культуры імя Станіслава Манюшкі: такім чынам японцы аддаюць павагу асобе, якога нарадзіла беларуская зямля. З гэтага года Цэнтральнаму чыгуначнаму вакзалу ў Варшаве прысвоена імя Станіслава Манюшкі. У музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь 5-га чысла кожнага месяца адбываюцца імпрэзы, канцэрты, прысвечаныя кампазітару, сустрэчы са знакамітымі людзьмі, даследчыкамі творчасці Манюшкі. Працягвацца яны будуць да канца 2019 года.

Галіна НАРКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий