ХІХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі пройдзе ў Маладзечна 7–8 чэрвеня

З кожным годам арганізатары адзінага на Беларусі нацыянальнага спеўна-паэтычнага форуму імкнуцца ўсё больш разнастаіць фестывальную афішу, прывабіць моладзь. Трэба сказаць, што гэтыя высілкі даюць пэўны плён. падчас імпрэзы цяпер нагадвае вясёлы разварушаны мурашнік. І хоць па-ранейшаму фестывальнае жыццё канцэнтруецца вакол Палаца культуры ды амфітэатра, насамрэч святочнай атмасферай першых чэрвеньскіх дзён жыве ўвесь горад і ваколіцы.
Што будзе сёлета? Пра гэта «МП» распавяла кіраўнік дырэкцыі фестывалю, дырэктар Маладзечанскага Палаца культуры
Святлана САРОКА.

– Першае, на чым акцэнтуеш увагу: нацыянальнае свята песні і паэзіі пройдзе літаральна за месяц да вельмі значнай даты…
– Так, і, уласна, фестываль прысвечаны 75-й гадавіне вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году малой радзімы.

На ўрачыстым адкрыцці 7 чэрвеня адбудзецца прэм’ера канцэрта «Песні вайны», якую рыхтуе Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Гістарычны музей Беларусі ў Палацы культуры разгорне адмысловую выставу франтавога жывапісу, графікі, фотаздымкаў і тагачасных дакументаў, якія адлюстроўваюць трагізм і радасць вызвалення.
Увогуле, фестывальная праграма вельмі насычаная. Упэўнена: кожны тут знойдзе нешта для сябе.

– Чым будзе адметны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які традыцыйна ладзіцца на фестывалі?

– Хіба што больш строгімі крытэрыямі адбору ўдзельнікаў. У першы дзень пройдуць адразу два туры конкурсу. І ўжо ўвечары падчас адкрыцця стануць вядомыя пераможцы і лаўрэаты ХІХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.

– Маладзечанская сцэна штогод адкрывае новыя імёны. Толькі незразумела, куды яны потым знікаюць…

– Наадварот, нацыянальны фестываль у Маладзечне стаў выдатным творчым трамплінам для многіх папулярных выканаўцаў. Дастаткова згадаць імёны Іны Афанасьевай, Наталлі Тамэла, Ларысы Грыбалёвай, Руслана Аляхно, Аляксандра Салаўёва ды іншых.

– Але вернемся да афішы… Параўнальна нядаўна з’явіліся праекты, без якіх цяпер складана ўявіць нацыянальны фестываль. Такія, як «Асоба эпохі» альбо, напрыклад, тэатральная імпрэза…

– Ведаеце, публіка вельмі прыхільна паставілася да нашых памкненняў, па-першае, разнастаіць праграму, а, па-другое, не толькі забаўляць, але і спрыяць таму, каб людзі задумваліся над сур’ёзнымі рэчамі, рабілі для сябе нейкія высновы.

Мяркую, будзе цікава сустрэцца ў нязмушанай атмасферы з народнай артысткай Беларусі Ядвігай Паплаўскай ці пабываць на спектаклі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра «Янка Купала: жыццё ў святле маланак». У Год малой радзімы гэтая пастаноўка на маладзечанскай сцэне як даніна павагі слыннаму беларускаму паэту.

– Фестываль прадоўжыцца два дні. Наўрад ці хопіць часу і сіл абабегчы ўсе святочныя лакацыі. Асабіста для сябе што б выбралі, Святлана Рыгораўна?

– Няпростая задача. (Смяецца.) Я ўсё ж пастараюся паспець усюды, яно таго вартае. Ва ўсялякім разе, апрэч галоўных фестывальных падзей, абавязкова пабываю на гала-канцэрце лаўрэатаў VІІІ адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзічок-2019» і на арт-фэсце «ЛянОК» у амфітэатры. Там будзе ўсё пра лён, якім славіцца Беларусь: і выстава-продаж, і дэфіле, і шыкоўная канцэртная праграма.

Яшчэ параіла б схадзіць на ўрачыстае закрыццё фестывалю. Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі прэзентуе юбілейную праграму «Зорны карагод». Гэта яскравае відовішча, створанае ў садружнасці з лепшымі выканаўцамі краіны, своеасаблівая повязь рухаў, мелодый і жанраў.

Дый проста пагуляць па гора­дзе. На працягу двух дзён будуць працаваць фестывальныя пляцоўкі на цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі.

– Столькі ўсяго пералічылі, а насамрэч і траціну не назвалі…

– Прасцей за ўсё зазірнуць на фестывальны сайт festyval.by. Там уся падрабязная інфармацыя, неабходныя падказкі.

Маладзечна – горад гасцінны, і, мне здаецца, ніхто, завітаўшы на фестываль, не пашкадуе. (Усміхаецца.) Пашкадуе хіба той, хто не прыедзе…

– Дзякуй за размову!

Ігар ГАНЧАРУК

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий