Як правільна выбраць і выкарыстоўваць газавыя катлы без рызыкі для жыцця

Усё часцей беларусы ў сваіх кватэрах і прыватных дамах усталёўваюць газавыя бойлеры і катлы для ацяплення ці падагрэву вады. Попыт выкліканы іх зручнасцю: пры камунальных інцыдэнтах, планавых адключэннях паслуг або сюрпрызах надвор’я такое абсталяванне становіцца хіба што не панацэяй. Тым не менш пры няправільнай эксплуатацыі газ нясе смяротную небяспеку. Як дамагчыся «мірнага» суіснавання прыроднага энерганосьбіта і чалавека, высвятляў карэспандэнт «МП».

У патрэбны час – у патрэбнай колькасці. Менавіта гэтым прынцыпам карыстаецца большасць з нас пры ўсталяванні ў жыллі катла або бойлера. І газавыя прыстасаванні падыходзяць тут лепш за ўсё. Пры наяўнасці інфраструктуры побытавыя нязручнасці мінімальныя. Адпадае неабходнасць у закупцы дроў або пелетаў і абсталяванні месца для іх захоўвання.

А можа, лепш электрычны?

Адназначнага адказу на гэтае пытанне няма. Абедзве сістэмы маюць як перавагі, так і хібы. Электрычныя больш кампактныя і «мабільныя» – для падключэння дастаткова наяўнасці току. Праўда, такі тып катлоў больш уразлівы да вонкавых умоў. Напрыклад, да скачкоў напружання або абмежаванасці магутнасці энергетычнай сеткі. А сабекошт падагрэву даражэйшы за газавы. Даволі часта менавіта гэтая дэталь становіцца асноўнай пры выбары агрэгата.

Разбіраем катлы па тыпу дзеяння і магутнасці

Зрэшты, незалежна ад сілкавання катла прынцып дзеяння і канструкцыя агрэгатаў у асноўным аднолькавыя. Часткі прыстасавання прыкладна наступныя: газавая гарэлка (фарсункі, якія рэгулююць падачу газу), цеплаабменнік (фактычна, радыятар, які перадае цяпло вадзе), пашыральны бак (утрымлівае залішні носьбіт энергіі і забяспечвае яго ахалоджванне), прылада для адводу прадуктаў гарэння (труба, падведзеная да існуючага дымаходу). Апошняя дэталь – гэта сістэма аўтаматыкі. Літаральна працэсінгавы цэнтр, які кантралюе працу катла і сочыць за іншымі функцыямі, а таксама служыць абаронай (у выпадку аварыйнай сітуацыі «затушыць» гарэлку).

Карысна ведаць

Награвальныя прылады падзяляюцца на падлогавыя і насценныя. Розніца ў тым, што для першых не патрабуецца электрычнасць, якая забяспечвае працу аўтаматыкі. З насценнымі больш цяжка – пры адсутнасці сілкавання яны проста перастаюць працаваць, але назапашанага цяпла хапае на нейкі час цыркуляцыі. Існуюць таксама адна- і двухконтурныя агрэгаты. Першы выкарыстоўваецца толькі для ацяплення памяшкання. Другі – як для ацяплення, так і для гарачага водазабеспячэння.

Што да магутнасці, то ў кватэры можна ўсталяваць агрэгат, які здольны выдаваць да 60 кВт. А вось для большых катлоў спатрэбіцца асобнае памяшканне: у падвале або на цокальным паверсе.

Як усталяваць і не парушыць закон

Па-першае, ні ў якім разе нельга займацца самадзейнасцю. Даволі часта грамадзяне ігнаруюць правілы бяспекі. Даходзіць да таго, што ўсталёўваюць нават самаробныя катлы. Аднак рабіць гэта катэгарычна нельга – можа прывесці да вельмі самотных наступстваў (у тым ліку адміністрацыйных). Набыць агрэгат можна ў спецыялізаваных месцах, а прадавец павінен мець адпаведную ліцэнзію.

З мантажом больш складана. Яго можна праводзіць выключна пры наяўнасці дазвольнага дакумента (праекта), які завізаваны адпаведнай арганізацыяй (газавай службай). Кацёл можна ўсталёўваць самастойна, але гэта варта рабіць выключна па тых правілах, якія ўказаны ў інструкцыі. Памятайце, што забаронена самому право­дзіць да памяшкання газавую магістраль – даверце гэтую справу спецыялістам.

Нябачны забойца

Бадай, самым важкім пры выкарыстанні газавых катлоў у побыце з’яўляецца абсталяванне належнай вентыляцыі. Менавіта з прычыны дрэннай цыркуляцыі паветра і перавышэння ў памяшканнях канцэнтрацыі чаднага газу часцей за ўсё адбываюцца няшчасныя выпадкі. Так, згодна з інфармацыяй тэхнічнай інспекцыі ПРУП «Мінскаблгаз», за апошнія два гады на тэрыторыі Міншчыны адбылося некалькі выпадкаў атручвання чадным газам, якія прывялі да гаспіталізацыі 9 чалавек. На памяці і трагедыі ў Барысаве (2016 год, 6 загінулых), Слуцку (2016 год, 2 ахвяры) і Гродне (2018 год, загінула школьніца).

Карысна ведаць

Калі вы адчулі нечаканую стомленасць, жаданне прылегчы або паспаць – гэта можа з’яўляцца сімптомам атручвання чадным газам. Не ігнаруйце такі стан!

Небяспека заключаецца ў тым, што вызначыць наяўнасць чаднага газу без спецыяльных прыбораў немагчыма. Ён не мае колеру, паху. Для смяротнага зыходу дастаткова некалькі разоў удыхнуць забруджанае паветра, у якім утрымліваецца толькі працэнт рэчыва. Таму…

…прафілактыка – наша ўсё

Як раіць тэхнічная інспекцыя, неабходна прытрымлівацца некаторых простых, але дзейсных правілаў, каб пазбегнуць няшчасця. Перад кожным карыстаннем, а таксама падчас працы газавага абсталявання, правярайце цягу ў дымаходах. З перыядычнасцю раз на год неабходна правяраць і чысціць вентыляцыйныя каналы, калі яны выраблены са сталі або гарачаўстойлівага бетону. А вось калі дымаход складзены з цэглы, тэхнічнае абслугоўванне трэба праводзіць кожныя чатыры месяцы. Спецыялісты таксама адзначаюць, што для праверкі вышэйзгаданай інфраструктуры грамадзянін абавязаны выклікаць прадстаўніка спецыялізаванай арганізацыі і атрымаць акт, які зацвердзіць яе спраў­насць.

Праверыць цягу можна «дзедаўскім» спосабам: паднесці запалку пад конус катла. Калі агонь нібыта «ўцягваецца», то з вентыляцыяй праблем няма.

Не варта забываць і пра сам бойлер. У інструкцыі да кожнага ёсць пэўныя правілы і патрабаванні адносна перыядаў і спецыфікі абслугоўвання. Зразумела, што іх трэба выконваць. Тады карыстанне прыстасаваннем будзе максімальна бяспечным.

Карысна ведаць

Каб быць больш упэўненым у бяспецы, спецыялісты газавай службы раяць усталяваць прыбор кантролю канцэнтрацыі чаднага газу. Прыстасаванне кантралюе паветра аўтаматычна. Пры перавышэнні паказчыка вы пачуеце моцны гукавы сігнал.

Аляксандр НАВАХРОСТ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий